Успамiн аб будучым

Зорак паўночных дрыготкія позіркі.
Гмаха суседняга змрочная здань.
Гукі вірлівыя горада-возера
П’е цішыні трапятлівая лань.
Доўга шчэ ёй заставацца няўспуджанай –
Покуль з табой, як кругі на вадзе
Мы не разыйдземся рэхам абуджаным
Па адрасах, куды кліча нас дзень.

Стогнуць паверхі, у цемру закутыя.
Кінуў свой посах вандроўнік-сусвет.
Сон ахінае салодкай пакутаю,
Дорыць у заўтра бясплатны білет.
Доўга шчэ нам ён зусім не спатрэбіцца –
Покуль з табой, быццам з Евай Адам,
З цяжкім рашэннем біблейскага рэбуса
Грэшнай зямлі мы не зведаем драм.

Лічыць  гадзіннік хвіліны таропкія,
Ледзь паспявае ён часу ўздагон.
Стомленых стрэлак няпэўнымі крокамі
Ноч набліжае святло да вакон.
Доўга яму шчэ праз шыбы прасочвацца –
Покуль з табой, як агонь і вада,
Наперакор нябыццю, што прарочылі,
Мы не ўваскрэснем на ростанях дат.

Цесны пакойчык жыве прадчуваннямі.
Кут незаняты чакае гасцей.
Сэрцы, працятыя спрэс хваляваннямі, –
Нібы хто ў дзверы, – грукочуць часцей.
Доўга не дадзена ім супакоіцца –
Покуль з табой, нібы творцы жыцця,
Мы не пачуем (ці, можа, прымроіцца?)
Песні адвечнае новы працяг.

06.12.2000


Рецензии
Звычайна, калі пападаю на старонку да беларускамоўнага аўтара, радуюся сустрэчы з родным словам, а тут - яшчэ і такая сапраўдная паэзія на такой добрай мове! Дзякую!

Клавдия Семеновна   06.09.2015 17:53     Заявить о нарушении
Дзякуй на добрым слове! Прыемна чуць такія водгукі ад землякоў.

Юрий Игнатюк   06.09.2015 18:02   Заявить о нарушении
На это произведение написано 7 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.