На ростанях
Зыходзіць дзень у бездань нябыцця.
Няпрошаны, няўцямны і забыты
Стаіш на стромкім беразе жыцця.
Адзіны крок да вечнасці заўсёды
І вечнасць – да рашэння крок зрабіць.
А выбар гэты – згодны ці не згодны –
Цяжэй за смерць і за магчымасць жыць.
Таемны, малады, непрадказальны
На ростанях чакае новы дзень.
Спустошаны, свабодны і апальны
Яму насустрач цяжка ты брыдзеш.
Так лёгка з ім наогул размінуцца,
Калі дрыгва сумненняў цягне ўніз.
Напэўна, шчэ не позна і вярнуцца,
Але ж вяртанне – толькі кампраміс.
Няздольная да голага шматслоўя
Суддзёй трацейскім рубіць вузел ноч.
Няздатны на разумныя высновы
Ад віру часу ты сядзіш наўзбоч.
І прыйдзе дзень – але ж ці стане судным?
І пройдзе ноч – а ці ж была суддзёй?
І ўсё ж пазнаеш спраў і думак сутнасць,
Калі, вядома, зробіш выбар свой.
Пакуль гадзіннік хлопцам нерашучым
Спыніўся на адзнацы нулявой,
Прыкінь: ці з пераможным крыкам – з кручы,
Ці непрыкметна ўзняцца над зямлёй.
04.10.2000
Свидетельство о публикации №115080303043
Владимир Шамко 09.09.2015 18:59 Заявить о нарушении
Юрий Игнатюк 09.09.2015 21:24 Заявить о нарушении