Спрэчка з самiм сабой

Быццам полымя з вадою,
Быццам д'ябал i анёл,
Смех яднаецца з бядою,
Сум рагоча навакол.
Крый мяне, Божа –
Збрэндзiў я, можа?
Некуды крочу,
Не ўзняўшы вочы.
Не! – Паколькi свет яшчэ са мною.
Не! – Бо разумею, што жывы.
Не! – Таму што з панi Паранойяй
Размаўляю я пакуль на "вы".

Нiбы песня без куплета,
Нiбы рэчка без вады,
Без паветра схне планета,
Памiрае назаўжды.
Крый мяне, Божа –
Сон гэта, можа?
Бегчы iмкнуся,
Ды ногi ў скрусе.
Не! – Паколькi боль я адчуваю.
Не! – Бо цела патрабуе страў.
Не! – Таму што ўяўных думак зграя
Надта ўжо рэальных просiць спраў.

Быццам ружа з крапiвою,
Быццам цемра i святло,
Крот вянчаецца з савою,
Покуль сонца не ўзыйшло.
Крый мяне, Божа –
Трызню я, можа,
Цi на вяселлi
Выпiў шмат зелля?
Не! – Паколькi шчэ дарогу бачу.
Не! – Бо пiць не ўмею я зусiм.
Не! – Таму што грош апошнi страчу,
Толькi б розум мой не ведаў зiм.

Нiбы смерць без нараджэння,
Нiбы збожжа без раллi,
Цнота страчвае значэнне
На разбэшчанай зямлi.
Крый мяне, Божа –
Лёс гэта, можа?
Выпусцiць стропы –
Марныя спробы.
Не! – Паколькi свет у думцы кожнай.
Не! – Бо цела просiць есцi-пiць.
Не! – Таму што грош аддам апошнi,
Толькi каб самiм сабою быць.

24.09.2000


Рецензии
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.