Нарачанская бяроза

Цягнула вiльгаццю з бароў
на бераг стылы, бераг нiцы,
але – якiх падкiнеш дроў
у згаслы прысак вечарнiцы?

Тут пахла рыбай i смалой,
набыткам мудрасцi цвярозай,
але на ўскрайку, ля пiўной,
пад вецер танчыла бяроза.

I што было ў бярозе той –
не зразумець душу вачыма –
з славянскай грывай залатой
так па-цыганску бiць плячыма!

А зразумець – дык што з таго? –
Аднойчы збегчы з плынi року,
глынуць замiж зямнога соку
зямное восенi агонь...


Рецензии