Галiнка бэзу

ГАЛІНКА БЭЗУ
Памяці В.М.Гарбачовай

Галінка бэзу за акном –
Заранка позняга світання –
Сагрэла лепельскае ранне
Ліловым прывідным святлом.

У некранутай цішыні
Дыханне ветру і лістоты,
Жаданне шчасця і пяшчоты
І аніякай мітусні.

Аблокаў белых крыгаход.
Спакой, узнёсласць і лагоднасць.
Галінка бэзу – сум і роднасць,
Што працінаюць навылёт.

Як напамін сярод імжы
Пра дабрыню і чалавечнасць,
Пра тленнасць дзён зямных,
Пра вечнасць,
Пра шчодрасць сонечнай душы.

Безабаронная краса…
У горкім водары самотнасць.
Галінка бэзу – незваротнасць,
Мая няўцешная сляза.


Рецензии
Про вечность, про щедрость солнечной души... Светлая память.

Татьяна Бабина Берестова   23.07.2015 15:08     Заявить о нарушении