Пакуль раджаюцца паэты

На Ўшаччыне так блізка да нябёс!
Я слухаю ў палёх напевы ветру…
І калі ёсць у Беларусі лёс,
пільнуе ён на Ўшаччыне паэтаў.

На Ўшаччыне так блізка да нябёс!
Вячыстай мовы чыстае прычасце…
Здаецца, крок яшчэ – і брама насцеж! –
І выйдуць Барадулін, Броўка, Лось…

Вятры наскрозь і прамяні наскрозь.
Гаючых зор зіхоткія крыніцы…
На Ўшаччыне так блізка да нябёс,
Што страшна з небакраю аступіцца.

Тут козы прыблукалі да аблокаў,
аблокі мірна пасвяцца між коз…
На Ўшаччыне так блізка да нябёс!
А гэта значыць – бачыцца далёка!

Высокіх лёсаў вечны карагод…
Не згіне Беларусь на свеце гэтым!
Датуль жыве і будзе жыць народ,
Пакуль у ім раджаюцца паэты.


Рецензии