СКАЗ ПРА ДВА НАЖЫ

1.
Праўда, прытанцоўваючы, падышла да ілжы:
-- Дакажы, што ты – праўда, ілжа, дакажы!
-- Навошта, сястрыца? – спытала ілжа. –
Давай па-ранейшаму лепш – на нажах!
Праўда ўсміхнулася ёй: -- Ну, што ж… --
І з-за халявы дастала нож.
 А ў ілжы-галадранкі, басаногай ілжы
– якія халявы?! Якія нажы?!
-- Я ж вобразна гэта! – ускрычала яна.
Адпрэчыла праўда: -- Вобраз – мана!
Май гонар, не енчы! Нажа няма? –
Праўда дастала другі – трымай!
Трымай і закрый свой ілжывы рот!
Чаго мне баяцца?! – за мной – народ!
     І тут імгненна ў яе за спінай
вырасла шэрых шарэнгаў дружына…
 
2.
Ілжа азірнулася – хто ж застаўся?
-- Воі мае, калі ёсць  -- паўстаньце!
І стала поплеч яе кагорта:
вар’яты, прарокі, ахвяры абортаў,
самазабойцы з вяроўкай на шыі,
з куляй у чэрапе, з перарэзанай жылай.
пратэрмінаваўшыя пашпарт на раніцу,
хто без прапіскі, хто самазванцы,
п’яніцы, што ў чэргах марнуюць суткі,
ды безпадаткавыя прастытуткі,
а ўслед за імі – сілы нябесныя! –
творцы нястворанага, дзеячы няздзейсненага…
 Дружына ў здзіўленні разінула рот,
нехта прысвіснуў: -- Адменны зброд!

3.
Забегала праўда: -- Цана ім – грош!
…І раптам ілжа адкінула нож.
Адкінула, крыкнула колькі сіл:
-- Усе, хто хоць раз у жыцці схлусіў,
павінны стаць за спінай маёй!
…Растаяў у праўды шарэнгаў строй…
Панурыла праўда сваю галаву.
І нож другі паляцеў у траву.
Крыху пастаяла… Апратку зняла…
Кінула боты ілжы і пайшла –
гордаю, белаю зданню… І тут… --
Рушыў за ёю загублены люд.
-- Дурныя! – зазначыў шэры атрад. –
Куды вы?! Дзе сіла – там праўда! Назад!
Вар’ят у адказ пасміхнуўся квёла:
-- Не, праўда – адна і голая.

               *   *   *

“Хітрая ж баба!” – зляцела ў ілжы,
што нішкам схапіла з зямлі два нажы…


Рецензии