Ускраiна
Як пароль без адказу.
Як да ранку дажыць –
Думка ўспыхне адразу.
Партызанскiмi сцежкамi я прабiраюсь дахаты,
Хоць з апошняй вайны праляцелi дзесяткi гадоў
І не выюць сiрэны ўначы, не страляюць гарматы,
Тут амаль немагчыма пазбегнуць "варожых пастоў".
Кулямётнае "стой!"
Б'е маланкаю ў вочы.
Як застацца сабой
I з дарогi не збочыць?
Крыжаванка на шыбах вакон, шэрых гмахаў маўчанне –
Нiбы цэлы сусвет раптам знiк за нябачнай мяжой,
Тут наўрад цi ёсць час для павольных пустых разважанняў –
Не стрымаеш удар, i лiчы, што завершаны бой.
Тут па-воўчаму выць
Вымушае нас зграя,
Тут iнакш не пражыць, –
Калi хата не з краю.
Прагай волi i сонца прасякнуты розум i цела,
Толькi неяк па-здраднiцку голас свой колер змянiў.
I, здаецца, знайшоў штосьцi светлае ў твары здзiчэлым, –
Толькi гэта не больш, чым падманных пачуццяў прылiў.
Славiў слынны паэт
Дух рабочых ускраiн,
А чым дыхаць – як след,
Ён не здолеў параiць.
Лiхтары сарамлiва адводзяць пустыя вачнiцы –
Паказалi б, дзе выйсце, калi б не сляпы гэты лёс.
I кудысьцi нясецца iмклiва жыцця каляснiца,
I так цяжка парой з месца зрушыць уласны свой воз.
Дзень напоўнiць усiх
Светам новых жаданняў
I ў абдымках сваiх
Сцiсне хiсткiя зданi,
Дасць надзею на заўтра, а потым пакiне сам-насам
З цемрай вулiц начных, дзе пануюць законы ваўкоў,
Дзе прыходзiцца тым, хто не зведаў ваеннага часу,
Партызанскiмi сцежкамi зноў прабiрацца дамоў.
18.08.2000
Свидетельство о публикации №115071302652