Усё жыццё

Усё жыццё ён працаваў на МАЗе.
Усё было, як кажуць, на мазі:
не спаў, не піў, не краў – ні ў якім разе
не запляміў імя сваё ў гразі.
Са школы ён сюды прыйшоў, як вучань,
такарнай справе прысвяціў сябе.
Яго сябрук-станок вурчаў пявуча,
быў побач з ім у шчасці, i ў журбе.

На два гады яго прызвалі ў войска,
ад злыдняў ён мяжу абараняў.
Не стаў вядомы подзвігам геройскім,
але прысягу вернасці прыняў –
пакляўся ён служыць сваёй Радзіме.
Калі вярнуўся – зноўку на завод.
У снах ён доўга сустракаўся з тымі,
хто з ім складаў калiсьцi пяты ўзвод.

Ён працаваў самааддана, плённа,
заўжды перавыконваў дзённы план…
Аднойчы фарбавальшчыца Алёна
у інтэрнаце токару дала
пасля суботніх танцаў дакрануцца
да вуснаў, што палалі, як агонь…
Ён здолеў толькі раніцай прачнуцца,
не ў сілах адарваць сваю далонь
ад чыстага, жаночага, святога –
яе ўзбуджальных, трапяткіх грудзей.
Яму для шчасця трэ было нямнога:
патрэбным быць хоць некаму з людзей.

Была Алёна хлопцу добрай жонкай:
варыла вельмі смачныя баршчы,
а бульбу ялавічнаю тушонкай
так файна запраўляла, што пiшчы
"Не лезе" – лёгка даясі дабаўку,
i месца застанецца на кампот.

Праз два гады сынок прысеў на лаўку,
яшчэ праз тры – дачка глядзела ў рот
i паўтарала словы: "мама", "тата"…
Круцілася зямля, тачыўся вал.
Праз дзесяць год сям'ю чакала хата,
даўгі, крэдыты… Ён рабiў, трываў.

Не ездзілі яны амаль нікуды,
усё збіралі грошы на жыллё.
Не бачылі краін заморскіх цуды,
плылі праз мора збожжавых палёў,
хадзілі па грыбы і на рыбалку.
Здавалася, што лепш за ўсіх жылі.
Па сродках жыць дзяцей вучылі змалку
i шчасце, безумоўна, здабылі.

Пра што мой верш? Я не аматар казак,
Пішу, як быццам токар той – сам я.

Служыць Радзіме – слаўны абавязак,
Калі на ёй жыве твая сям'я.

17.06.2015


Рецензии
І радасна, і сумна. Радасна - таму што выдатны верш, добрая мова, дакладны сэнс, праўдзівае жыццё. Сумна - таму што... праўда жыцця, сэнс якога для многіх чымсьці абмежаваны, добрая мова, якую наўрад ці да канца разумее ЛГ... А верш выдатны з любога боку. Дзякуй!

Юрий Игнатюк   03.09.2015 15:18     Заявить о нарушении
Рады знаёмству з Вамi, Юрый! Дзякуй!

Вершы   25.09.2015 12:13   Заявить о нарушении