Никанор Морозов. Железная дорога. Операция ВОВ
Камандзіры растлумачылі народным мсціўцам важнасць гэтай задачы і мы адправіліся выконваць яе.
Работу трэба было праводзіць уначы. Кожны партызан павінен быў да раніцы прарыць траншэю ўпоперак шашы.
Выставілі варту і ўзяліся за справу. Застукаталі кіркі, рыдлёўкі, ламы. Хлопцы так стараліся, што ад замёрзлай глебы ажно іскры ляцелі.
На мастах, што трапляліся ў зоне правядзення дыверсіі, падпілоўвалі палі, раскідвалі насціл. У тую ноч мы паспяхова справіліся з пастаўленай задачай. Ад салёнага поту сарочкі прыліпалі да цела, але ніхто нават не заікнуўся, што змарыўся. Ды і абышлася гэта аперацыя лічы што без страт: загінуў толькі адзін чалавек, які паехаў у бок Бялыніч на разведку і натрапіў на засаду паліцаяў.
Гэтак жа дружна дзейнічалі народныя мсціўцы і тады, калі выконвалі заданні па арганізацыі дыверсій на чыгунцы: узрывалі рэйкі, пускалі пад адхон цягнікі.
Выбуховыя рэчывы нам часткова пастаўлялі з Вялікай зямлі, а то і самі назапашвалі і разраджалі снарады, выраблялі міны. Былі такія майстры гэтай справы, што некаторыя дзіву даваліся, як хутка і акуратна ў іх усё атрымлівалася.
Дзейнічалі ў асноўным на чыгунцы паміж Оршай і Шкловам. Удзень даводзілася хавацца ад варожага вока, а ноччу выконваць заданне. Праўда, хоць і не заўсёды ўдавалася, але не-не, ды і загрыміць пад адхон варожы эшэлон з жывой сілай і тэхнікай.
Актыўна дзейнічалі народныя мсціўцы нашага палка і тады, калі Цэнтральны штаб партызанскага руху аддаў загад паралізаваць чыгунку ў Беларусі ў адну ноч, у адзін і той жа час.
Прыгадваю цяпер мінулае і думаю: колькі сілы, мужнасці, адвагі патрабавалася тады ад кожнага з нас, каб хутчэй наблізіць светлы дзень перамогі.
З успамінаў Ніканора Ягоравіча Марозава (1904-1988), партызана 600-га партызанскага палка, кавалера ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступені, ордэна Чырвонай зоркі
Свидетельство о публикации №115050811122