Дзевяць дзён

Мяне ўчора прызвалі ў войска.
Да трагедыі -- дзевяць дзён.
Без Чарнобыля дыхае вёска --
На падворку дымок відзён.

Тата паліць старое лісце --
Яшчэ можна паліць кастры.
Яшчэ можна ў сукенцы выйсці,
Каб патанчыць маёй сястры.

Дзевяць дзён да таго праклёну,
Што падзеліць увесь народ
На зярняткі гуркоў і лёну,
Што зямлі не дадуць прыплод.

Дзевяць дзён: сакавітых, светлых,
Прамільгнулі, нібыта зніч.
Над ракою пажухлі ветлы,
Па-над хатай завойкаў сыч.

Дзевяць дзён каранціну ў войску
І ля Мар'інай горкі часць...
Дзевяць дзён! -- Мы яшчэ падросткі,
Каб стаць мужнымі -- трэба час.

Вучаць нас, як вязаць парцянкі,
Як на плацы даваць шпацыр.
Дзевяць дзён пасля першай п'янкі --
Навабранцаў вядуць у цір.

Дзевяць дзён праімчалі хутка:
Па трывозе грузілі нас
У нязвыклым для нас абутку
У савецкі, стары КамАз.

Павязлі па дарозе часу --
(Мабыць зверху хтось даў загад).
Грузавік па шашы імчаўся --
Мільгацелі застрэшшы хат...

У вясновым, густым тумане
Сонца зблытала валасы.
Нас вязуць на вайну ў Афгане --
Мармытаў чыйсці юны сын.

...Перакрэсліў Чарнобыль карты -
Ўратаваў наш салдацкі лёс.
На Тэмплін "Тушкі" курс узяты --
Там, бы ў нас вельмі шмат бяроз.

Два гады праімчалі хутка,
Нібы дзевяць трывожных дзён.
Два гады, як адна мінутка:
Мы на дэмбель вясной ідзём.
1988


Рецензии