ВЕХI ЧАСУ

Якой вясны чакаць мне ад цябе?
З якой вясной ісці па тым гасцінцы,
Дзе рэха дзён схавалася цяпер,
Вісіць на тонкай нітцы-павуцінцы.

Парвеш яе -- і скончыцца жыццё.
Памрэ павук знясілены без ежы.
Не ўкрые лісце думак тых шацёр,
Дзе рэха дзён расстраціла ўсе межы.

Я павука вазьму ў сваю далонь,
А рэха дзён за намі пойдзе следам
Да рэчкі Ведзьмы, ці да вёскі Блонь,
Дзе запяём мы песні за абедам,

І прыгадаем той вясёлы час,
Дзе праснакі пякліся на патэльні,
Дзе кумпячок і з медавухай квас
Вялі гамонку з роднымі па тэме.

Даўно ў хацінах звёўся керагаз
І змоўклі танцаў жвавыя пацехі,
Ды ўспамінаю я той дзіўны час,
Што ў галаве свае расставіў вехі.
1995


Рецензии