В. Дзеравяшка. Поле Нiканора Марозава
Адной рукой ён абапіраецца на кій, а другой засланяецца ад ласкавых сонечных прамянёў. Гэткія ж праменьчыкі струменяцца з яго сініх вачэй пад густымі калматымі бровамі. Невысокага росту, апрануты па-сялянску сціпла, ён з прыязнай усмешкай пазірае на механізатараў, што спяшаюцца хутчэй выканаць асеннія работы. Штосьці занатоўвае ў вучнёўскі сшытак, на хвілінку прысеўшы на валун ля дарогі, і зноў, хоць і з цяжкасцю, узнімаецца на ногі, каб далей бачыць.
Гэты чалавек вельмі любіць жыццё. Хоць і ніколі яно не было для яго лёгкім. Ніканору Ягоравічу Марозаву, жыхару вёскі Барсукі, што ў калгасе імя Заслонава Лебедзянкаўскага сельскага Савета, праз два гады стукне восемдзесят. Інвалід Вялікай Айчыннай вайны, ён па меры сваіх сіл дапамае калгасу ў правядзенні сельскагаспадарчых работ. Вось і цяпер ветэран вядзе ўлік рэйсаў, зробленых кожным механізатарам. А вечарам, калі тыя збяруцца на калгасным двары, ён абавязкова назаве прозвішчы лепшых, з лёгкім гумарам успомніць і тых, хто крыху адстае.
– Вялікай павагай карыстаецца ў вяскоўцаў наш Ніканор Ягоравіч, – гаворыць старшыня калгаса імя Заслонава Анатоль Церашкоў. – І заслужыў яе сваёй дабратой і працавітасцю, баявым мінулым і прыгожым сённяшнім жыццём. Невялікая, але дагледжаная хата Марозавых пасярэдзіне вёскі, дзе Ніканор Ягоравіч жыве цяпер разам з жонкай Кацярынай Паўлаўнай, патанае ў садовых дрэвах. Пасадзіў іх сам гаспадар. І не толькі на сваім уласным падвор’і, а каля кожнай хаты ў Барсуках і навакольных вёсках, а яшчэ – на калгасным полі. Яго сад тут самы ўрадлівы.
Садоўнікам Ніканор Ягоравіч стаў, калі выйшаў са шпіталя, дзе больш года праляжаў пасля цяжкага ранення і кантузіі. Ордэн Чырвонай Зоркі, шэсць баявых медалёў прышпілены да яго старой гімнасцёркі. Шлях салдата Вялікай Айчыннай пралёг праз спаленыя гарады і вёскі, праз знявечаныя вайною палі і лясы, праз гора людское, што глыбока запала ў сэрцы. «Дзень і ноч буду працаваць, абы толькі зноў расквітнела і стала яшчэ прыгажэйшай, чым была раней, родная зямля». – Так думаў ён, калі падыходзіў да папялішча бацькоўскай хаты.
…Цвілі пасаджаныя ўлюбёным у жыццё чалавекам маладыя яблыні, падрасталі ў яго сям’і дзеці. Было іх чацьвера* ў Ніканора Ягоравіча і Кацярыны Паўлаўны – Оля і Ніна, Саша і Анатоль. Як гром з яснага неба прыйшла ў бацькоўскі дом вестка: «Ваш сын, лётчык першага класа, Анатоль Ніканоравіч Марозаў, трагічна загінуў»…
Ёсць раны, якія не лечацца, але і не выносяцца напаказ. І так ужо распараджаецца жыццё, што носяць гэтыя незагойныя раны людзі з добрым і чуйным сэрцам. Мужныя, сумленныя людзі.
Ніканор Ягоравіч з уласцівай яму гасціннасцю запрасіў да сябе ў хату. На стале ў покуце ляжаць сямейныя альбомы. У адным з іх – ад рукі напісаныя вершы. Іх аўтар – гаспадар дома. Шчыра, ад душы, напісана пра вяскоўцаў, што працуюць на калгасным полі, прачула гучаць эцюды аб прыродзе. А ў адным з вершаў чытаем:
«Скажи мне, поле боевое,
Где тут герой со славой пал?»…
Задумаўся на хвілінку гаспадар, няпрошаная сляза затуманіла блакіт вачэй. Успомніў, мусіць, ветэран таварышаў, што не прыйшлі з вайны…
А поле Ніканора Марозава шуміць, спявае прыгожым садам адвечны гімн жыццю на зямлі і мірнаму небу над ёй.
* памылка карэспандэнта: у Ніканора Ягоравіча Марозава было сямёра дзяцей. Дзве дзяўчынкі памерлі яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны; пяцёра астатніх дзяцей – Ніна і Вольга, Аляксандр, Мая і Анатоль (трагічна загінуў).
Свидетельство о публикации №115040103372