Мая падзяка чытачам!

Я дзякую ўсім, хто чытае мае
Няўдалыя, можа, радкі!
Хто часам у іх і сябе прызнае,
Ці вобраз мо' блізкі які!

Бо можа ў душы ўваскрасае парой
Гук роднае мамінай мовы,
І сэрца абудзіцца казкай старой,
І памяць дасць парастак новы.

Ізноў праясніцца ў вачах далягляд,
Ды з'явіць нам годнасць былую.
Ўваскрэсне пагоня за радам рад,
Зямлю бараніць каб святую.

І вернецца к нам залаты зноўку век,
Як княжылі тут Радзівілы,
Калі князь Астрожскі захопнікаў сек
І Бог надаваў яму сілы!

Калі маладзіц шанавалі й жанок,
Кахання бо ведалі чары.
І плыў на Купалле заручын вянок,
Як той, - Жыгімонта й Барбары.

Паўстануць жывымі Яніна і Ян,
Што пад Краснаставам забіты,
Калыша дзе сініх лясоў акіян,
Вясенніх палёў малахіты!

Дзе ціха бруяцца Тучанка і Шчара,
Дзе Свіцязі люстра заснула,
Дзе ў рос дыяментах жыве памяць-мара
Аб годнасці нашай мінулай.

Я дзякую Вам! З Вашых вуснаў гучыць
Радок мой, няведамы ў школе!
Хай Божа дасць сілы з ім памяць здабыць,
Каб годнасць не страціць ніколі!


Рецензии