большая подборка стихов

*   *   *

Нябачную коўдру спляту
З маіх успамінаў і веры.
Аддам я старому кату,
Хай цешыцца ўзімку, мой шэры.

Ля коміна, дзесьці ў кутку,
Знайду павуцінку ад часу.
За ёй працягну я руку –
З бакоў прычаплю, як лампасы.

Гадзіннік праб’е за душой.
Пануе час восені кволай.
І думы ляцяць чарадой.
Рыпіць адзінокае кола.


*   *   *

Зноў плачуць нястрымна нябёсы,
Закрыўшы далонямі вочы свае.
Ад болю ссівелі іх косы
І ўпалі на дах, як на коўдру ўва сне.

Чаму ад мяне вы высока?
Аблокі, як вас да сябе прыхіліць,
Каб лютае немачы крокі
Навекі пяшчотай сваёй спапяліць?

Чаму храм блакіту так нізка
Над глебаю грэшнай пакінуў нам Бог,
Нібыта дзіцяці калыску,
Дзе вее не вецер, дзе туліцца смог...

Балюча глядзець мне на неба,
Балюча штодня бачыць горкую золь...
Не трэба больш слёзаў, не трэба.
Жыццёвы не выплакаць боль…


У час кахання...

У цёпленькім ложку на золку прачнуся...
Ахвотна адкінуўшы коўдру сваю,
Святой Багародзіцы я пакланюся...
Успомню, як сонца, усмешку тваю...

Раскрыю я вочы маленькае хаткі,
Пушчу цеплыню я ў абдымкі яе...
Нібыта вавёрка навёўшы парадкі,
Скажу прывiтанне жыццёвай вясне.

Пакрочу да студнi сцяжынкаю роснай,
Дзе шэпча паданнi разгалiсты дуб.
Каб дзень усмiхаўся вам сонечным лёсам
Дарогу я з поўным вядром перайду.


*   *   *

Змянілася ўсё ў той краіне,
Дзе вечна матулін цвіў бэз,
Дзе з ветрам знікала ў малінах,
Дзе песні спяваў стары лес.

Ды час памыліўся, бо думаў,
Што здрадзіла ўсё ў тым жыцці,
Але не змяніў мае думы
І ветра не змог абысці.

Пах раніцы, яблык і глебы,
Бабуліны песні ў журбе,
Дзяцінства блакітнае неба
Мой вецер схаваў у сабе.


*   *   *

Апошнія героі ці вар’яты,
Ці блудныя сыны, ці святары?
“Хто мы цяпер?”– крычыць душа заўзята,
Трымаючы свой сцяг стары.

Сцяг не з тканіны, не з паперы белай,
А з вершаў неба, сонца і зямлі.
Паэт-дзівак заўсёды піша з верай
І прыпадае сэрцам да камлі.

Дык хто ён – гэты небарака?
Каму патрэбен чалавек-жабрак,
Які штогод чакае ўзімку грака
І адчувае ветру горкі смак.

Апошнія героі і вар’яты.
Мы крыху блуднікі і святары.
І нашых душаў не стрымаюць краты,
А вершы стануць рэхам у бары.


*   *   *

Прабачце мне зноў, я стаю перад вамі,
Як быццам ужо на Вялікім Судзе.
Я каюся ў тым, што хвалілі вы самі.
Я злодзей, які не стаіць у чарзе.

Я крала пачуцці, і думы, і спрэчкі.
Я крала ў сябе і, прабачце, у вас.
Пасля, што накрала, паліла, бы свечкі.
І воск на паперу ліла ў пэўны час.

Але, колькі жыць буду, не адракуся.
“Навошта мне гэта?”-пытаеце зноў.
Я – “злодзей звычайны” і побач спакуса,
А з ёю мільёны паветраных слоў.


*   *   *

Адзін у адным бычыць ворага, здраду.
Баіцца ўтрапёна жыццё смакаваць.
І, часам, пачуўшы чужую параду,
Не верыць нікому, спрабуе ілгаць.

А лёс твой напісаны недзе высока.
Пазбегнуць сюрпрызаў не зможаш ніяк.
Ты лепш разгарні свае крылы шырока,
З усмешкай прымі іх, нібыта сваяк.

Дажджом заспявае блакітнае неба,
А ветрам прасушацца слёзы твае.
Прысмакаю стане скарыначка хлеба.
Вясёлкай засвеціць сяброўства ў вакне.


*   *   *

Я буду чытаць твой настрой
Па тым, як мільгае ліхтар.
Па тым, як у восень журбой
Лістота прымае загар.

Я буду чытаць твой настрой
Па лужыне ў сонечны дзень,
Па шклянцы разбітай, старой,
Што вабіць пяшчотны прамень.

Я буду чытаць твой настрой
Па тым, як малюе мароз.
А ўночы, мой Мінск, горад мой,
Агульны мы сніць будзем лёс.


Процілегласць

Ты побач, але ты далёка...
Праз тоўшчу паветра цябе не крану.
Тваё недзе сэрца глыбока,
Ды чую, як б’ецца, бароніць ад сну.

Я чую твой голас таемны.
Зноў бачу твой твар у нябёсах праз шкло.
І слова здаецца прыемным,
Што ўчора яшчэ мне душу апякло.

У змроку кватэры халодным
Мне светла і цёпла, ты побач са мной...
Праз фортку ты ветрам лагодным
Ляціш, мой каханы, а можа, не мой...


Верлібр

У той зімовы вечар,
Калі я стаяла над Свіслаччу,
То кідала не проста паветраныя шарыкі,
А замовы
На наступную сустрэчу…
У кожнага шарыка была душа матылька,
Закаханага ў цябе…
Яны кружыліся ў колкім ад марозу паветры,
Але не лопаліся,
Таму што былі моцныя
Ад шчырага кахання…
Яны былі гарачыя
І таму растапілі лютаўскае неба…
А пасля ўпалі на лёд ракі,
Але вада нават не адчула гэтага…


*   *   *

Душа мая паўнюткая кахання,
Нібы рачулка ранняю вясной,
Імкнецца і не ведае чакання,
Бо ты прагнаў зімовы мой спакой.

Прагнаў і не спытаў майго дазволу.
Ты праляцеў магутным каршуком.
Крылом разрэзаў сэрца напалову
І цішыню змяніў на летні гром.

А я ўздымаю зноў далоні ў неба
Каб дакрануцца да ружовых мар.
І паляцець вышэй за тое срэбра,
І наталіць дажджом душы пажар.


Ты толькi дождж

Ты толькi дождж, ты толькi дождж:
Сыходзiш зранку,  каб вярнуцца.
Змываеш  восеньскi  спакой
Каб летнiм громам апынуцца
I знiкнуць, знiкнуць, як заўжды
Знiкаў дагэтуль, апантаны.
Ты пачакай, хачу з табой
Няўжо не бачыш, мой каханы?

Прал’емся разам, бы з няволi!
Прал’емся, дзе цвiтуць палi!
Каб не забылi нас нiколі
Прасторы роднае зямлi!

Але ты дождж, ты без мяне.
Б’еш кроплямi па шыбах соннынных
Ты толькi дождж, ты без мяне.
Ты колькі рэк зрабiў бяздонных?
А я рака, твая рака.
Зiрнi ў люстэрка –ці пазнаеш?
У маёй душы ёсць толькi ты,
Але ж ты дождж ты толькi дождж.
Сыходзiш зранку, каб вярнуцца.
Змываеш восеньскі спакой,
Каб летнiм громам апынуцца.

Прал’емся разам, бы з няволi!
Прал’емся, дзе цвiтуць палi!
Каб не забылi нас нiколі
Прасторы роднае зямлi!


Калыханка

Чуеш, дзіця, як апошні цягнік
Песню пра долю сваю нам спявае.
Сонечны вусік пад коўдраю знік.
Вецер там кроны-калыскі гайдае.

Вочы павольна заплюшчы свае,
Думкі няхай быццам з дрэваў злятаюць.
Сон каляровы  анёл прынясе
І пакладзе ён на ложак твой з краю.

Спі мой маленькі, спі залаты.
Там ты убачыш блакітную птушку.
Хай прыляцяць да цябе журавы.
Песню пяшчотна курлычуць на вушка.

Вочы павольна заплюшчы свае,
Думкі няхай быццам з дрэваў злятаюць.
Сон каляровы  анёл прынясе
І пакладзе ён на ложак твой з краю.


*   *   *

Прыляці, як раней, да мяне,
У акенцы галубкай з’явіся.
Не хапае, матуля, цябе.
Калі ласка, вярніся, вярніся!

Пацалуй мяне кропляй дажджу.
Абдымі мяне сонечнай ласкай.
Я быць побач з табою хачу.
Калыхай, як раней, мяне казкай.

Прыляці, як раней, да мяне.
Сёння ўночы, прашу я, прысніся.
Не хапае, матуля, цябе.
Калі ласка, вярніся, вярніся!


*   *   *

Здаецца, іду я па роднай зямлі…
Паветра дзяцінства ўдыхаю…
Хілюся душой да духмянай раллі
І сум свій па кронах чытаю.

А сэрца імкнецца да брамкі старой,
У хату забегчы праменнем…
Ды ногі заблытаны моцна журбой.
Не вызваліць нават натхненнем…


*   *   *

Вечар, як панна  чорным адзенні,
Па лесвіцы кронаў сыходзіў з нябёс.
Ён раздаваў наваколлю адценні,
Я кія з сабой у далонях прынёс.

Хуценька ўсмоктвалі тыя ласункі
І кветкі, і сцежкі, і дахі дамоў.
Толькі не вабілі больш падарункі
Рачулку самотную між верасоў.

Звілісты стан яе болей не ззяе
Пад промнямі сонца ў спякотныя дні.
Марна красуня сустрэчы чакае
З блукаючым месяцам у вышыні.

Можа, ён заўтра ў небе засвеціць
Падманлівым бляскам, як быццам бы дар.
Толькі цябе ён, на жаль, не прыкмеціць,
Убачыўшы, нібы ў люстэрку, свой твар.

Толькі жывеш у надзеш і веры…
Але не цурайся, прашу я, жыві!
Цяжка лядзець, як ты б’ешся аб бераг,
Выплёскваеш столькі блакітнай крыві.

А для чаго? Для такога спаткання?
Навошта табе? Адкажы! Адкажы!
Ціха прамовіла: “Дзеля кахання…”
І рэхам каханне паплыла ўначы…


*   *   *

Адляцелі белы птахі,
Не бароняць нашы дахі…
Знік кудысьці верабейка…
Нам дык што?! Звініць капейка!
Не шапочуць каласы, дрэваў змоўклі галасы,
Ціха плачуца палі…
Нам дык што?! Шумяць рублі!
Ночкай цёмнай світа з зор
Не выходзіць на прастор.
Не чытаецца малебен…
Нам дык што?! Хай будзе цемень!
Знікла назаўжды світанне.
Разам з ім жыццё, каханне.
Знікла ўласнае сумленне.
Разам з ім і пакаленне.


*   *   *

Шэры звычайны дзень…
Пахне паўсюль дажджом…
Шум гарадскі на шашы…
Шматпавярховы дом…
Сум. Маўчыць ліфт стары.
Спіць, як дзіця, балкон.
А на яго ўзышла
Ціха вясна, як сон…
Два галубы на ім
Песняй, як той ручай,
Клічуць галубку сваю:
“Шчыра мяне кахай…”


*   *   *

Ізноў вясна, ізноў квітнеюць думы.
Дні ўжо даўжэй за нашыя спадніцы.
А ты стаіш, бы наша восень, сумны.
А я п’ю каву з цукрам і карыцай.

Трымаю кубак, каб не быць адною.
Ты ж у экран глядзіш на тэлефоне.
Калісьці я хацела быць з табою.
А ты ўсё быў у восеньскім палоне.


*   *   *

Не насміхайся моцна, бабіна ты лета.
Не пакідай на вейках павуцінне.
Я не хачу падманам быць сагрэтай.
Прашу, не замінай на пуцявіне.

Не казычы мяне ты прамянямі,
Бо слёзы капаюць ужо нястрымна.
Не бі халодным ветрам, камянямі.
І не пужай сваім ваўчыным гімнам.

Не засцілай чырвоны лісцем мне дарогу.
Не бачу ў гэтым гонару і ласкі.
Я адчуваю толькі горкую трывогу
І позірк часу адчуваю цяжкі.


*   *   *

Каханне па-за колам,
А я бы кропка ў цэнтры.
Хаваю пад падолам
Свій сорам – лёсу цэнты.

Змясціць сябе нязручна,
Куды цяжэй застацца.
Мой спеў – мой плач бязгучны,
А цень жыве ў палацы.

У цэнтры залі дзесьці,
А значыць на падлозе.
Убок яго б аднесці,
Каб не тапталі. Годзе!

Каханне па-за колам.
Мяне змялі вятрылы.
А я смакую гора,
А я шукаю крылы…


*   *   *

Абдымі мяне ў думках,
Каб адчула я гэта.
Запалі ўва мне румбу,
Каб была я сагрэта.

Падхапі мрояй-марай
І цалуй жа вачыма,
І трымай, бы гітару,
А інакш не магчыма.

Разгарайся ўсё болей,
Бы агонь у каміне.
Зрушы краты няволі
У спякотнай краіне.

Хай пачуці пануюць,
А не ўпарты наш розум.
На хвіліну-другую
Прагані соны роздум.


Хайку

Глыток воцату –
Глыток твайго кахання.
Люблю кіслае.


*   *   *

Снежань...
Дзесьці жарсць і гарачая кава.
Студзень...
Дзесьці печ і натхненне...
А я восень клічу.
Сумна без Вашых лістоў.


*   *   *

Падглядаю на золку Ваш сон.
Нібы месяц праз дзіркі фіранак.
І, трымаючы свой парасон,
Разграбаю я пальцамі ног
Цёплы попел нікчэмных заранак.


*   *   *

Падобна сонцу,
Якое чырванее на світанні,
Быццам бачыць
Нешта непрыстойнае,
Я чырванею ад
Твайго пагляду.


*   *   *

Вы ўпэўненна маю адштурхнулі далонь.
Праз хвіліну сваю працягнулі.
Я схапіла яе – аказаўся агонь,
Вы так лёгка мяне падманулі.


Ці варта?

Гарэць маім вуснам ад фугавага пацалунку
Свавольніка ветра, які не адчуе ніколі сваёй жа віны.
Назаўтра шукаць у гаркавых пілюлях ратунку
Ад свежых яго, ледзь прыкметных, абдымкаў маёй палымянай спіны.
Ці варта? Скажыце, удары гарачага сэрца?
Патрэбна ці не? А ў адказ мне аблокі плывуць.
Хвіліны… Скрып здрадніцы-дзверцы…
І зноў я ў абдымках каханага ветра жыву.


*   *   *

Тысячная салёная кропля
Ўпала ў Свіслач,
А мора ў Беларусі
Так і няма.
І не будзе!

Жыццё...
Зачапілася ноч палітом
За вялізныя горы Каўказа.
Трэск шаўковай тканіны, бы гром, –
Дзень і ноч усё роўна не разам...


*   *   *

Свечка,
Як і чалавек,
Не можа доўга трываць.
Праходзіць час
І пачынаюць капаць слёзы,
Нярэдка прыносячы некаму
Боль...


*   *   *

Дурніца, захварэла на сухоты,
Бо фортку ў душу
Забылася зачыніць.


Хайку

Расправіў крылы
Мой матылёк нябесны
Дрыготкім вершам.


*   *   *

У родны калодзеж я кідала крэмень,
Хацела ачысціць ваду назаўжды...
А што калі ўкінуць у золкую цемень -
Навекі пазбавіць людзей ад бяды?..


*   *   *

Подых дажджу прыемны-
Гэта маё натхненне...
Пройдзе адно імгненне -
Ціха пральецца верш...


*   *   *

Усмешка твая, нібы павуцінка,
У маіх зрэнках.
Немагчыма так жыць -
Замінае.


Не паспела (альбо 12 П.)

Не паспела дакрануцца да паперы
Спапялілася сама
Не палаю больш я,
Непрытомна…
А папера ўсё жыве, як і жыла.


*   *   *

Ступіў на лёд – пабеглі ногі.
Спыніць іх нельга – слізка.
Спяшаўся рассмакаваць жыццё-
Ды збег ад яго.


*   *   *

Знайсці цябе у сутарэнні
І развітацца зноў жа там.
Якое мае дачыненне
Той незвычайны белы храм,
Які маўчаў у час сустрэчы,
Які званіў, калі сышлі.
Па небе плыў чароўны вечар.
А мы застацца не змаглі.


*   *   *

Тупаць нагамі,
Крычаць,
Быццам дзіцяці,
У якога адабралі нож, востры,
Каб не парэзалася.
А ў мяне не адабралі.
Ён сам знік,
Разрубіўшы мяне на кавалкі,
І я не крычу.


*   *   *

Пазногці не грызла ніколі,
Бо вуснаў сваіх мне хапала.
Жыгучкаю боль мой сваволіў,
А я ж да крыві іх кусала.


*   *   *

Хацела пісаць пра суніцы,
Распэцкаць па белай паперы.
Ды, на жаль, – Чарнобыль.
Ды, на жаль, – не чырвоныя.


*   *   *

Ад болю схавацца
За небасхілам.
- А ці ўздымуць цябе крылы?
Калі не –
Знайсці падвоены боль.


*   *   *

Чаго я баюся спыталі ў мяне.
Хацела зманіць, што нічога,
А сэрца сказала: ”чакання ў вакне,”
Душа дадала: ”яшчэ Бога”.


*   *   *

Увечары пачула грукат цягніка,
А ў думках,бы ў вагонах тых,дзяцінства.
І сэрца моцна б’ецца ад такога вокліка,
На жаль далёка ад мяне чыгунка…


*   *   *

Маё каханне быццам сон:
На золку ўсё знікае.
І тoлькі нейкі дзіўны звон
Аб ім напамінае.


*   *   *

Зноў палын як быццам бы ў грудзях.
Крыўда моцна мне сціскае душу.
Слёз ужо не маю на вачах.
Я цябе вярнуцца не прымушу.

Толькі бэз, як сімвал, на стале,
Фотаздымак мне да сэрца мілы.
Перад сном малюся ў імгле.
І тады я адчуваю сілы.


*   *   *

Невыразны настрой свой губляю
У такім невыразным акне.
Я акрылавых фарбаў не маю
Маляваць каб настроі на шкле.

Невыразны настрой міжрадкоўя
У нябесах між кронаў лясных.
Я не скнара. Не маю больш слоў я.
Невыразны настрой між чужых.


*   *   *

Абшарпаная лялька
Калісьці была любімай
Цацкай.
А цяпер на сметніцы -
Каралева.


*   *   *

Казкі розныя чытала.
Казкі чула і нямала.
Асабліва ад мужчын,
Але быў такі адзін:
Я за праўду з казак словы
Усе прымала адмыслова.
І аднойчы ноччу мне
Прынц з’явіўся у акне.
Ну дык вось і з той пары
Мой кумір –Экзюперы.


*   *   *

Прыпынак у кожнага свой.
І кожны павінен сысьці.
Вагон будзе выбран табой,
Цягнік жа адзіны ў жыцці.


Ратаванне

Сівер знадворку суровы
Брама шчанём рыпіць
Печ затуляючы дровы
Грэе старанна, не спіць.

Зоркі звіняць быццам хорам,
Клічуць стары ліхтар.
Той адгукаецца хворы,
Гоніць далоў пачвар.

Вечар, здаецца, быў ціхі.
Спаў-пазяхаў наш край,
Толькі шапталі мне кнігі:
«Есць што чытаць. Чытай.»


*   *   *

Жанчына-
скрыпка,
Але не ў кожнага
ёсць смык.


*   *   *

Жыццё на далоні ляжыць сіратліва
Яго аглядаю старанна і кпліва
Дзе поўзала тое, што бачыла, ела...
Дзе крылы святыя бяздумна падзела.
Згубіла жыццё па дарозе ўсе промні
Цяпер вось пагляд у Жыцця непрытомны.
Калісьці, канешне, ён быў летуценны,
А зараз глядзіць на гадзіннік насценны.


*   *   *

Увечары пачула грукат цягніка,
А ў думках,бы ў вагонах тых,дзяцінства.
І сэрца моцна б’ецца ад такога вокліка,
На жаль далёка ад мяне чыгунка…


Перад сном...

Вечар... Скрыпучы мароз...
Печы вясковай пах...
З неба за ўсім назірае
Месяц- дзівосны птах...
Недзе патухла святло
Ды варухнуўся цень...
Дзверы загрукалі моцна...
Слоў паляцеў прамень:

“Зараз, знайду толькі кій...
Вось і ён, пад акном...
Пойдзем, паглядзім на зоркі...
Трэба так, перад сном.”
Снег некрануты амаль...
Моўчкі ідуць утраіх:
Месяц, бабулька, дзяўчынка,
Па добры сон да святых...


*   *   *

На вераснёвым пакаленні
Сарочкі новага жыцця.
Ды толькі рана на калене
Баліць і муляе штодня.

Трымала кветкі я ў далонях.
Паднесла блізка да грудзі.
Бо ўбачыла як бегла поні,
А мне здалося конь ляціць.

Ну вось і зноў ад кветак пляма.
Куды мне дзецца, што рабіць?
Не прадаецца луг у краме,
А мылам пляму не адмыць.


Рецензии
Стихи мне ваши нравятся. Я уже об этом говорил. Но есть еще вопрос. Нужно чтобы вы вошли в свой аккаунт, как автор. Иначе пропадает хорошая музыка. А именно сегодня этого не хотелось бы.
С уважением В.М.

Валентин Мацкевич   16.01.2017 19:41     Заявить о нарушении
Хорошая музыка никогда не пропадет.

Анна Федорук   10.02.2017 16:36   Заявить о нарушении
Сам в это верю.)

Валентин Мацкевич   10.02.2017 19:47   Заявить о нарушении