Роздум ля помнiка Максiму Багдановiчу
Дзе позірк твой спыніўся:
Ля Курапатаў, ці ля Вострай брамы?
Зірні назад!-
Там гінуць засталіся
Разбураныя помнікі і храмы.
О, Беларусь!
Ці бачыў ён такою
Цябе ў вянку блакітных васількоў?
Не мела ты
Ад ворагаў спакою,
Не маеш ты
Суседзяў-сваякоў.
Твая краса
Чужынцам засціць вочы.
Асцерагайся прагных тых вачэй!
Яны глядзяць
Узрушана, па-воўчы,
Яны зіхцяць сузор'ямі начэй.
Але пакуль
Жыве ў душы Пагоня,
І кліч яе
Ляціць па-над зямлёй -
Не быць табе
Ў пакутлівым палоне,
Не быць табе загрызенай гайнёй.
1989
Свидетельство о публикации №115022604313