Уладзiмiру Караткевiчу

Я хацеў бы застацца каменнем:
Пасівелым, замшэлым, прарочым…
Камяні прарастаюць цярпеннем,
Яны маюць гісторыі вочы.

Я бяру ў іх жыццёвую мудрасць
І гляджу на Сусвет бласлаўлёна.
Камянёў задубелая скура
Ад раскатаў вясновага грому,

Ад праменняў пякучага сонца
І ад хваляў халодна-празрыстых…
Камяні ўсе - жыцця абаронцы.
Камяні ўсёй зямлі – пацыфісты.

І калі я ў жыцці сустракаю
На магілах каменне з крыжамі -
Гэта значыць – я памяць вяртаю,
Сустракаюся думкаю з Вамі.

-Уладзімір! – данеслася з рэхам,
І зязюля гады пракувала…
Срэбны вершнік ля замка праехаў –
На дарогу падкова упала.


Рецензии