Трагедыя лёсу

Развучылі людзей працаваць --
Раскулачылі, знішчылі вёску.
Расстралялі з сям'ёю цара,
Аб'вясцілі для ўсіх харчразвёрстку.

Адарвалі народ ад зямлі
Не на год, не на два -- на стагоддзе!
Дзе яны толькі грошы ўзялі,
Каб пасеяць падман у народзе?

...Салаўкі, Беламорскі канал
Тыя дні і цяпер памятаюць.
Не адзін тут рабочы сканаў --
Сотні тысяч паслушнікаў краю.

У спіраль закруціў хтосьці лёс
Беларусаў, тутэйшых, ліцвінаў...
Без каня разганяецца воз.
Без рубля вырастае плаціна.

На галодных, схуднелых плячах
Сотні тон перанесена лесу.
Стогн людзей і цяпер па начах
Далятае з будоўляў прагрэсу.

Толькі памяць не сцерці ў дзяцей,
Што раслі без бацькоў, без заціркі --
Пазіралі на стомлены дзень,
Прышывалі заплаткі на дзіркі.

Яны бачылі той камунізм,
Што з батрацкай узняўся камуны:
Сцены замкаў ад жаху гулі --
Ад вар'яцтва дрыжэлі трыбуны.

Ля абраза Хрыста -- зернясклад.
Зерне чэрпае боскую ласку.
Брыгадзір працадні ў папку склаў --
У царкве ацяжарыў Параску.

Паспрабуй толькі пікнуць аб тым --
Зразу пойдуць даносы, запіскі...
Праляцяць у Сібіры гады --
Шлях ад вёскі ў куток той не блізкі.

Цераз год муж лісток ёй даслаў --
Як жыццё, як здароў'е пытаўся.
А яна -- хутка прыйдзе вясна...
Прамаўчала пра хлопчыка Стася.

Размаўляла з сабой па начах,
Калыхала дзіцятка ў калысцы.
Выцірала слязу на вачах,
Дзе свяцілася шчасце калісьці.

Так сістэма ламала людзей.
Так калечыла іхнія лёсы...
Не злічыць тых пачварных падзей,
Што змянілі іх радасць на слёзы. 


Рецензии