Адгалоскi мовы

Мы вывучаем розныя навукі,
Імкнемся невядомае спасцігнуць,
А мову, што ў душы люляла гукі,
Амаль забылі... Словы марна гінуць.

Яна ж не просіць аніякай платы
За тое, што нас маці нарадзіла
На той зямлі, дзе здзек чынілі каты,
Што гвалтавалі, нішчылі Радзіму.

Яны сыноў-рупліўцаў катавалі,
Знішчалі храмы веры і навукі,
Каб вернікі зямлі маёй стагналі,
Каб слоў пяшчоты не пачулі ўнукі.

Вярніце мове шчырыя пачуцці
І тое, што дае дзіцяці маці.
Паслухайце яе! Прашу: пачуйце! -
Яна яшчэ жыве ў сялянскай хаце.

Я чую роднай мовы адгалоскі
Ля клуняў тых, дзе б'юць снапы цапамі:
Ля Нёмана, Дняпра, ля кожнай вёскі
Яны ў раллю зярняткамі запалі.

Так любая з каханым размаўляе.
Так размаўляюць з дрэвамі пялёсткі...
Вас мова, бы дзіця, закалыхае
І прыгарне суквеццямі да вёскі,

Бо толькі там яна яшчэ жывая:
На вуснах продкаў днее і смяецца.
Яна нашчадкам поспеху жадае --
Трапеча, бы дзіцятка, каля сэрца.
2002
 


Рецензии