З баек Сямена Буднецкага

Купляйце беларускае!

Таму назад гады са два
Зварыла ў жонкі галава
Палепшыць выгляд інтэр'еру.
Казаў жа я ёй: На халеру?
Хаця й старэнькі наш "Эл джы",
Гадоў пад дзесяць, ды - скажы -
Праблем з ім ніякіх, паверце,
Ну хіба пыл з экрана сцерці!
Ды жонка "піліць" мужыка:
Ў  суседа вунь даўно "ЖэКа"!
Так разгуляўся апетыт -
Купіць надумала ў крэдыт.
Ну - баба... Разуменне вузкае...
І  вось - купляйце беларускае!
Не так патрэба, болей понт,
Бо плоскі ж! Маркі "Гарызонт".
Адно, каб грэх не браць на душу,
Я вам, сябры, прызнацца мушу:
Паказвае, як след, экран,
Я  не знайшоў у ім заган.
Ды час прайшоў, і зноў - для понту,
Пасля кватэрнага рамонту
Прыстала жонка да мяне:
Павесь  ТВ ёй на сцяне!
Ну, я спрачацца не люблю.
Паеду ды кранштэйн куплю,
Ўкручу дзве пары самарэзаў,
Каб нервы мне ніхто не рэзаў!
Ну вось да тэмы і дабраўся!
Перад пакупкай мерку ўзяўся
Я  зняць, каб жонцы дагадзіць,
Каб правільны кранштэйн купіць.
Памераў раз, памераў два...
Ці то не варыць галава?..
Рулеткай і лінейкай мераў,
Глядзеў і сам сабе не верыў!
На тых кранштэйнах жа, што ў краме,
Памеры, так сказаць, з нулямі:
Дзвесце, чатырыста, пяцьсот...
А тут - ну я ж не ідыет,
Ці каб сказаць, што з перапою,
Дык жа не піў...Ну што такое?
Я  клаў лінейку так і сяк,
З канца, з пачатку, наўскасяк...
На жаль, стандартаў беларускіх
У  рамках верша, досыць вузкіх,
Я ці ўмяшчу... Ды паспрабую,
Я  ў сантыметрах зарыфмую
Сваіх замераў  рэзультаты: 
Семнаццаць цэлых, пяць дзесятых
Па шырыні, а ўздоўж - во, блін -
Ні больш, ні менш - трыццаць адзін!
Вось ён, стандарт па-беларуску!
На ўсушку, можа, ці на ўтруску
З  запасам зроблена, ці як?
Ды што тут думаць... Сам дурак!
Купіў той экзэмпляр якраз,
Што зроблены не напаказ,
А з серыі "свайму народу" -
(Вось кропля дзёгцю ў бочцы мёду?..)
Хай нехта скажа: Ат, прыдзіркі!
Не там прасвідравалі дзіркі -
Ці ж то для крытыкі прычына!
Прыдумай нешта, ты ж мужчына.
Так, трэба... З жонкай жа - не жарты...
На тыя плюнуў я стандарты!
За дзве паўлітры мне сусед
Зварыў-зляпіў кранштэйн як след.
Але ж на слова не паверыў,
Сваёй рукою перамераў -
За вухам чухаў ды ківаў,
Падлетку-сыну паказаў,
А той (яму пятнаццаць год)
Сказаў:Ну, "Гарызонт" і "жжот"!
А я скажу да ўсіх таксама,
Ну як бы на правах рэкламы,
Здарыцца нестандарт які -
Бярыце пляшку, мужыкі,
І дуйце хуценька да нас,
Сусед вам дапаможа ўраз!
Вунь тэлебачанне ў мяне
Вісіць усе-ткі на сцяне!
Сказала жонка - ўсё на "пяць"!
Да позняй ночы не прагнаць,
Рэкламны тлум, як семкі, лускае…
Купляйце, людзі, беларускае!


Рецензии
Рагачуууу!

Ольга Маро   13.01.2015 02:18     Заявить о нарушении
Дзякую. Гісторыя нявыдуманая, можа й не вельмі смешна. Здаецца, у гэтым плане больш удалая ў мяне "Бараніяда". Прапаную, калі будзе час і ахвота).http://www.stihi.ru/2014/03/05/10837

Клавдия Семеновна   13.01.2015 11:04   Заявить о нарушении