Перыяд распаду СССР

Вуліцы, чэргі, машыны,
Крамы, пустыя прылаўкі,
Нібы застыглыя жылы,
Нібы прысохлыя п'яўкі.
Лозунгі, помнікі, вера -
Светлае шчасце народа!
Хто гэта шчасце адмераў,
Хто гэтым шчасцем валодаў?
Дачы, катэджы, басейны -
Няні, ахова, прыслуга...
Голы кармілец іх - сейбіт
Ходзіць, бы здань, за плугам.
Хто гэту працу ацэніць?-
Геній, што поля не бачыў?
Ён усталёўвае цэны.
Ён адбудоўвае дачы.
Партыі Леніна - слава!
Слава краіне Саветаў:
Той, што ў народа забрала
ўсё, чым ён жыў і што ведаў.
Лагеры, турмы, баракі,
Ссылкі, выгнанні, расстрэлы -
У кайданах небаракі
Крыж свой нясуць за веру.
Планы, праекты, будоўлі.
Прэміі, ордэны, зоркі,
Выбух ЧАЭС, Нароўля...
Што ж вы наўкол замоўклі?
Зноўку - загады, танкі -
Вільня, Баку, Тбілісі.
Манёўры ідуць, гулянкі,
Даклады спецназкамісій.
Талоны, візіткі - папера,
Застой эканомікі, часу...
Жывіце з надзеяй і верай:
Калі паміраць, дык разам.
09.02.1990


Рецензии
Моцна сказана. Адчуваецца боль у кожным радку.

Вершы   09.01.2015 00:05     Заявить о нарушении