Восень
Падкралася восень,
Села хітрушкай
Між зялёных сосен.
Схавалася,
Нібы і няма,
Бо вечназялёнай
Стаіць сасна.
Бач, усцешная,
Восень ты,увішная,
Аж сэрцу цесна
Ад фарбаў пышных!
Працаўнікі-павукі
Кругоў наткалі да неба-
Павукам-майстрам навукі
Ткацкія трэба.
З павуцінкі срэбнай яшчэ
Саткалі шкло-вэлюм.
У восені на шчацэ
Ён туманам белым.
Бач,залатая,
Мая ты госця,
Ты палаеш
Каханнем-любосцю.
Каго ты дзеля
Так убіраешся?
Тоіш надзею,
Сэрцам хаваешся.
На табе,маладой,
Сарочка-вышыванка,
Але ж пастой-пастой,
Чыя ж ты каханка?
У восені-нявесты
Свае жаніхі:
Закаханы увесь ты,
Дуб залаты.
Клён чырванашчокі,
Нібы месяц залаты,
Скінуў лісцяў шчопаць -
То яго калым.
Лістапад падорыць
Лісцвяны ёй кілім.
Ды яшчэ з узорам -
То яго калым.
І паэты,восень,паэты -
Твае жаніхі таксама.
То ж не сакрэты
Для зямлі-мамы.
А паэткі,восень,паэткі -
Усе твае сяброўкі,
Іх вершы-кветкі
Цвітуць так лоўка!
Восень-гараджаначка
Цокае абцасам,
А восень-сяляначка
У лесе тым часам
Сама сабе паціху
Грыбоў назбірае.
Не ведае пыху,
А сціпласць мае.
Адною паловаю
Яна ж вясковая,
Ды фартовая
Модніца з абноваю.
Гарнітур офісны строгі
Калі і надзене,
То гарадскія строі
Хутка здзене.
Бо ў вёсцы,васпане,
Праца на зямлі.
Як раніца ўстане,
Дык і пачалі
Капаць у агародзе.
Садавіну атрасаць,
На высокім азяродзе
Снапоў накідаць.
Калі ж халодны вецер
Чорна голле загайдае,
То,мне паверце,
Загадку загадае:
Ідзе белы сын
Да,што ў золаце,цыганачкі,
Такі вось бландзін
з яркім румяначкам.
Гадаю я на восень,
І сама,здаецца,
Тая ж восень,
Ды не задаецца
Сэрца пыхай,
Хоць залатую струну
сваім чуйным слыхам,
Пэўна,я злаўлю.
Чараўніца,чараўніца
Маністам звініць.
Яе каханак баіцца,
У яго сэрца баліць,
Бо прыгажосць -
Страшная сіла!
Ведай гэта,ягамосць,
Калі станеш мілы.
Калі будзеш абраннік
Восені залатой,
То будзеш паранены
Паэзіі стралой.
Пастой ды падумай,
Як у Пятроўскую пару
Баярын думны
Ратаваў сваю галаву.
Свидетельство о публикации №114123003916