Над Беларуссю белы снег
Спавіты сонцам красавіцкім:
Тут стогн і плач, тут смех і грэх --
Паміж людскім і бальшавіцкім.
Над Беларуссю белы сцяг,
Бы птах паранены крыляе.
Ён на Радзіме, бы ў гасцях
Сябе няёмка адчувае.
Тут зграя чорных крумкачоў
Гатова закляваць да смерці.
Чырвоны сцяг у палачоў
Імкнецца белае ўсё сцерці.
Ды веру я, сябры, у лёс -
І заквітнее наша доля:
Даволі гора, досыць слёз -
Мы адыгралі рабства ролю!
Паўстань, закуты мой народ! --
Зірні на лес, зірні на гоні.
Над Беларуссю белы год
І песня вольная Пагоні.
1991. Верш напісаны пад час красавіцкіх страйкаў, якія праходзілі ў Мінску, і праспяваны пад гітару на плошчы Леніна перад 100000 аўдыторыяй.
Свидетельство о публикации №114120804279