Светлы пакой
З надзеяй у сэрцы,
з тугой на ілбе
крадуся праз цёмныя сенцы
сумневаў тваіх.
У празрыстай журбе,
акрылены дзіўнаю мрояй,
нібыта ў трызненні, а мо – сапраўды
блукаю па светлых пакоях.
Знарок пакідаю на сценах сляды –
то фота без рамкі,
то звон пустаты.
І раптам раздвінуў фіранкі
над ложкам тваім.
А ў ім была ты,
пакутна-далёкая мроя.
Хоць ценем, хоць гукам, але – назаўжды
застануся ў гэтым пакоі.
Свидетельство о публикации №114111903504