Кастрычнiцкае ранне
На бэзах за акном застыла лісце -
Такое шапатлівае калісьці -
Аздобленае шэраню каймою,
Яшчэ зялёнае, ды нежывое,
Не скінутае ветрам лета ўбранне.
А там, дзе лужына стаяла ўчора,
Сярдзіта граззю пырскала пад ногі,
Ляжыць люстэрка сёння ля дарогі,
Святлом халодным адбівае цьмяна,
Па краю тонка сплеценым прыбрана
Сярэбраным карункавым узорам.
Усход злінялага прамення жменьку
З-за хмар з усмешкай вінаватай кінуў
I ў шэрай ваце патануўшы, згінуў
Світанак, ад людскіх вачэй схаваны...
Дзень устае, пануры і заспаны,
Ды працірае вочы памаленьку.
I раптам - двор ажыў, устрапянуўся:
Чародкай смелай галубы з налёту
Крыламі, разганяючы маркоту,
Зашалясцелі, успырхнулі над дахам.
I дзень разбуджаны насустрач птахам
Далоні працягнуў і - усміхнуўся!
Свидетельство о публикации №114103104132
З павагай,
Дмитрий Волжанин 04.11.2014 15:12 Заявить о нарушении