Вайна - сцерва
Да зямлі палягло калоссе.
Не звіваюць калец вужы там,
А віхуры свінцом галосяць.
Набрыняла вайною неба.
Набрыняла вайною сонца.
Набрыняла вайною глеба,
Дзе Чарнобыль пасеяў стронцый.
Здрада ўлады таму віною,
Што народ заблукаў у цемры:
Брат на брата пайшоў вайною,
А вайна, як вядома-сцерва.
Ёй не жаць на той спелай ніве,
Што ў нябёсаў ратунку просіць -
Заўтра сцерва таго абніме,
Хто ёй болей за ноч заплоціць.
На яе маляваных вуснах
Не адчуеш кахання смаку,
Бо ў крыві той цячэ распуста,
Што з маленства глынула маку.
Ва ўсіх войнаў адзін пачатак:
На крыві вырастаюць грошы.
Хтосьці лічыць іх без пальчатак,
Покуль браццяў кусаюць вошы.
І ніхто з іх не дасць адказу:
Чаму жыта ў агні згарэла? -
Бо вайна забівае зразу,
Бо яна зарабляе стрэлам.
Свидетельство о публикации №114102602903