Бабiна лета

Запаліла ліхтарыкі бабіна лета.
Нехта вуліцу зранку нібыта прыбраў,
Задуменныя кучкі сінявых букетаў
Тут і там ля ссівелых платоў растыркаў.

Ледзь трымаюць тугія галовы вяргіні
На высокіх падпорках, пыхлівыя - жах!
І ад астраў стракатых ружова-бел-сіні
Увесь гародчык - аж рэжа-мільгае ў вачах.

Хрызантэмы, бы цётухны ў яркіх намітках,
Як адна, падпаясаны - роўненька ў рад.
І губляюцца сцежкі ў густых аксамітках -
Ярка-сонечна-жоўты двор, кветнік і сад.

Толькі бабіна лета... ніхто не ахвочы
Узяць у кветнік. На дзікія ўзмежкі навек
Пераселены сумныя зорачкі-вочы
На цыбатых нагах. Так схацеў чалавек.

Жменька зёлак злінялых... якія ж то кветкі?
Сарамліва-цярплівыя, ціснуцца ў плот
Па-вясковаму сціплыя верасня дзеткі,
Без праполак-падкормак каторы ўжо год...

Сіняватыя зорачкі. Бабіна лета.
Ля платоў, у траве між калючых шыпшын,
Кветкі-зёлкі... так, восені проста прыкмета
І... дзяцінства далёкага сумны ўспамін.


Рецензии
Добры дзень, Клаўдзія Сямёнаўна! Ад душы парадавалася Вашым беларускім водгукам на мае вершы, бо раней атрымлівала толькі рускія. Шчыры дзякуй Вам!
А тое бабіна лета, якое вы так хораша, натуральна, па-сапраўднаму намалявалі, я маю магчымасць назіраць кожны дзень, бо жыву ў вёсцы. Усё ў гэтым вясковым пейзажы дасканала і кранальна! Дзякую за вашу шчырасць і адкрытасць!

Мария Ючкович   09.11.2015 11:36     Заявить о нарушении
Шчыра дзякую, Марыя, за Вашу ўвагу, за добрыя словы! Сама рэдка на роднай мове пішу, на жаль, але радуюся ад душы беларускамоўным аўтарам, якіх тут сустракаю! )))

Клавдия Семеновна   09.11.2015 21:40   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.