Першамай
Загадзя купляліся рознакаляровыя паветраныя шары, але надзімаць іх не дазвалялі да самай святочнай раніцы. Таму прачыналіся мы з сястрой зарана, бо не давалі спаць тыя гумавыя, прыпудраныя нечым белым, каляровыя анучкі, якія павінны былі ператварыцца ў цудоўныя празрыстыя святочныя аблокі. А мы, у сваю чаргу, не давалі спаць бацькам.
І вось вялікія (пакуль палова з іх яшчэ не лопнула) гронкі шароў прывязаны да маленькіх нашых сцяжкоў. А мы ўсёй сям'ёй, прыгожыя і шчаслівыя,рухаемся да маслазавода, дзе працавала мама. Сустракаем знаёмых,усміхаемся незнаёмым. З рэпрадуктараў гучыць бадзёрая музыка.Паветра насычана СВЯТАМ!
Вялікай калонай выходзім на вуліцу.Сцягі,транспаранты, папяровыя кветкі, шары. І абавязкова - партрэты!У кожнай калоне свая песня і свая гармонь, якой дапамагаюць,не шкадуючы звязак, дэманстранты.
І так,як маленькія ручайкі ў вялікую раку,зліваюцца людскія плыні ў адзін акіян. Мы ідзём амаль праз увесь горад, і агульны настрой узмацняецца ад усё большай і большай колькасці ўсмешак, музыкі,сцягаў і кветак! А ўжо на плошчы перад трыбунай гэта шчасце яднання і гордасць выліваецца ў моцнае "УРА!"!!!
Шчырае, ад усяго сэрца!
Можа,і было гэта свята палітычным,але ўспамін аб ім самы светлы.
Свидетельство о публикации №114090209499
Лариса Винникова 2 03.09.2014 10:17 Заявить о нарушении