Пiрат агародны

Так... Яшчэ адну спаймала...
І адкуль гэта навала?
З якой мэтай, у які дзень,
Хто стварыў такую дрэнь?
Да таго ж страшэнна гніда,
Нават забіваць агідна.

Сама з палец даўжынёй
І таксама таўшчынёй:
Ногі, як у кракадзіла,
Пара страказіных крылаў,
На паўтулава башка,
Дзве антэны па баках
(ловіць, мабыць, гэта шкода
Беларускую Свабоду),
А сківіцы, а сківіцы!..
Каб ёй, жраўшы, задавіцца.

Трушчыць ад вясны на градах
І парасткі, і расаду,
Адгрызае чаранкі, выядае клубянькі;
А цвыркоча гэтак звонка,
Што пляменнікава жонка
Кажа:"Чулі, як спявае?
Баскаў хай адпачывае;
Дыяфрагма,пэўна, ў пузе,
Як у самаго Карузы
(заалогію дзяўчынай
У школе слабенька вучыла).

Мала, што расліны губіць,
Дык яшчэ дзяцей прыблудзіць:
Трыста ўзапар намятае
І кватэры не пытае!
Зімаваць дзярэцца ў спальню
Ніжэй узроўню прамярзання;
Там яе ўжо не спаймаеш
І ніяк не пакараеш.

Едучы на электрычцы,
Можна шмат чаму наўчыцца...
Разважалі дзве кабеткі,
Як пазбавіцца мядзведкі,
Моў, пачвараў гэтых клас
Вельмі паважае квас,
Не Рублёўскі "васіздас",
А сапраўдны хлебны квас.

Квас зрабіць не цяжка хлебны,
"Бурбулятар" не патрэбны,
Тыдзень выстаяў на дачы -
І гатова тварам чача.
У донцы ад бутэлек - плошкі
Наліла яго па трошкі
І паставіла на грады:
-Пійце! Вылаўлю вас, гады!
Іх да цемначы пасла -
Ні адна не прыпаўзла...

Зразумела раніцою -
Пір уначы ішоў  гарою!
І мядзведкі тут былі -
"Галівудзілі" - пілі,
Квас з удзячнасцю цягнулі,
А закусвалі цыбуляй -
Пер'е ўскрозь без чаранкоў
Ды бацвінне бурачкоў!

Даменікаўна сказала,
Што карысці з квасу мала,
А вось вызывае шок
У мядзведкаў парашок,
Той, што рэкламуе ліха
Знакамітая Ядвіга
Сыпануў - і у градах лад
Без асобых пераплат.

Ды ці возьме іх халера,
Сумняваюся, не веру.
Мо мядзведка і збялее,
Ды наўрад ці акалее,
А ад ураджаю з градаў
Пэўна ўжо не будзе ладу.
Хоць эксперымент шыкоўны,
Але надта рызыкоўны.

Не, вясною новай, мусіць,
Квасам зноўку я займуся.
Не дадумала я трошкі:
Трэба квас было не ў плошкі,
А ў бутэлькі наліваць
І глыбей іх укапаць,
Дзе мядзведкі ходзяць уночы,
Піць каторая захоча -
У бутэльцы апынецца,
Квасам тым і захлынецца!

Бо, як зноў залезе у спальню
Ніжэй узроўню прамярзання,
То чакай адтуль увесну
Ужо з яйкамі нявесту!


Рецензии