Насценны гадзинник

У хвіліны сумненняў, нібы неба знак,
Параду дасць  сябар нязменны.
Заўсёды ў падтрымку мне  скажа “так-так”
Старэнькі  гадзіннік насценны.
Ён лічыць хвіліны зямнога быцця,
Ідзе сваім шляхам, не зверне,
Як  міні-мадэль усяго ў цэлым жыцця,
Суветнае мудрасці  зерне.
Секундная стрэлка - нястомны юнак-
Бяжыць  хутка, як на спатканне.
Спазніцца не можна яму аніяк,
Каб свет не спыніў існаванне.
Мінутная стрэлка – нібы чалавек
Больш сталы, сур’ёзны, разважны,
Ідзе цвёрдым крокам.У імклівы наш век
У нагу з часам рухацца важна.
Гадзінная стрэлка –старэнькі дзядок,
Ступае павольна, нясмела.
Зрабіў усяго крокаў пяць наш хадок —
Гадзіна між тым праляцела.
Ідуць стрэлкі ўперад, адлічваюць час,
Вось так і жыццё прабягае.
Рух  гэты міжволі прыспешвае нас,
Аб важным нам напамінае.
У жыцці шмат чаго нам патрэбна зрабіць:
Дом збудаваць, выхаваць сына,
І дрэўца ля дома таго пасадзіць,
Забыць аб душы не павінны.
Спыніць адлік часу не можна ніяк,
Чакаюць усіх перамены.
Калі ж апануе сумненне, “так-так”, -
Параіць гадзіннік насценны.


Рецензии