Лёгкi флiрт

Мора Чорнае чароўна,
Ды характар - "нікуды!",
Як уздыбіцца раптоўна -
Недалёка й да бяды.

Белагрывых хваляў пенных
Табуны імчаць здалёк,
З ровам рушацца на бераг,
Пераворваюць пясок.

У мора ў такіх выпадках
Лепей носу не саваць,
Але ўздумаў дзядзька гладкі
З хваляю пафліртаваць:

Падцягнуў трусы на пузе,
Пагразіўшы пальцам,- цыц!-
І, як быццам у джакузі,
З галавой у хвалю - тыц...

Хваля дзядзьку заглынула,
Крутанула недзе там
І да берага шпурнула
Голенькага, як Адам.

Ён ускочыў ашалелы,
Дэманструючы "красы",
І разгублена, нясмела
Запытаў: "А дзе трусы?"

Каб схаваць нагое цела,
Зноўку нізенька прысеў;
Хваля ж, мабыць ёй карцела,
Ўсё па-свойму зразумела
І мужчынку завярцела так,
Што пенны пух ляцеў!

Крабам выпаўз ён з-пад хвалі,
Бегчы неяк - і панік...
Глядачы пашкадавалі -
Падалі яму ручнік.

Дзядзька перад прыкрывае,
Свеціць задам на людзей -
Ён трусы свае шукае
У раз'юшанай вадзе.

А яны далей знянацку
Распластаныя ўсплылі,
І, як чорны сцяг пірацкі,
Курс на Турцыю ўзялі!!!

Зб."На крылах натхненя"


Рецензии