Расце чарот зялёны

Green grow the Rashes
   Р. Бёрнс

Расце чарот зялёны.
О, расце чарот зялёны!
Часіны лепшыя жыцця
Я меў, як быў улюбёны.

У суткі дваццаць пяць гадзін
Мы справамі заняты,
І каб аблегчыць лёс мужчын,
Прыдуманы дзяўчаты.

Ганяе іншы ўсё жыццё
За славай і багаццем,
Здабыў - і робіць адкрыццё,
Што не ў багацці шчасце.

Мне ж дайце ўвечары абняць
Стан любачкі - забавы,
І хай у тартарары ляцяць
Усе на свеце справы!

Чый век без любачак прайшоў, -
Асёл ёсць дурнаваты.
Сам Наймудрэйшы* ўсіх часоў
Вельмі любіў дзяўчатак!

Старой Прыродзе, каб стварыць
Свой лепшы цуд - жанчыну,
Прыйшлося перш руку набіць
На вырабе мужчыны.


*Наймудрэйшы - біблейскі цар Саламон


Рецензии