Лепш

Хаця мы ўжо даўно не дзеці,
пытанне-цацку ўсё люляем:
"Усё адносна ў гэтым свеце.
А нам што лепей?" — разважаем.

І ёсць адказ —  у вандраванні
па тропках мудрасці жыццёвай
набыўся вопыт параўнання
наўколля: дзеі, думкі, слова.

Ён увасобіўся ў парады,
якія склаліся у вершык.
Яго радочкі— жарты-рады—
абагульнення вопыт — першы.

Лепш ежу мець без апетыту
і замак казачны без вежы,
чым вежу ў замку, што закрыты,
ці  апетыт, але без ежы.

Лепш у кішэні фанцік еўра
альбо даляра  (на ўсялякі...),
чым безграшоў'я дзірка-зеўра
і, разам з тым, —  "вялікі дзякуй".

Лепш у руцэ адна сінічка,
чым жураўліны клін у небе.
І лепей яблыка ад дзічкі,
чым толькі соль адна на хлебе.

Лепш сем разоў пакрыцца потам,
чым стаць — разок — як шэрань, белым.
І лепш  заўсёды быць адлётам,
чым раз — спакойным і... скалелым.

Лепш над табой хай пасмяюцца
і "па-сяброўску" падзівачаць,
чым  з посным выглядам збяруцца
і са шкадобаю паплачуць.

Лепш прамаўчаць і "ціхім" дурнем
(што ёсць, то ёсць!) усім здавацца,
чым гаварыць пра ўсё "фігурна",
ды насамрэч дурным з'яўляцца.

А лепш за ўсё...

перачытайце
парады ўсе — і па патрэбе
ўжывайце, шчэ й свае дадайце—
калі спазналі, што вам лепей.

Калі ж ад правілаў мудрэчых
у галаве у вашай каша,
жывіце так, па-чалавечы—
як голас сэрца вам падкажа.


Рецензии
Прывітаньне, Лаззара.

А хто яго ведае, што лепш.
Галощнае, мець здароўе і не страціць розум.

Альжбэта Палачанка   21.07.2014 17:44     Заявить о нарушении
Праўдачку кажаце. Але калі і гэтага жыццё пазбаўляе, застаецца адно—мець сумленне.

Лаззаро   22.07.2014 00:20   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.