Дыялог пра интэрнэт

У мяне ёсць дзве суседкі —
Усё ўбачаць,  усяму сведкі.
Можна хлебам не карміць —
Толькі дай пагаварыць!
Чула  сёння ў абед
Дыялог  пра інтэрнэт.
—Вось паглядзі — зусім нядаўна
Быў цудам свет тэлеэкрана,
А ўжо цяпер не бачна свету
За павуціннем інтэрнэту.
Падкажа час, прагноз надвор’я,
Парады дасць наконт здароўя,
Тут ёсць і пошта, і стасункі,
І фотаздымкі, і малюнкі,
Адказы на ўсе пытанні.
Ды толькі ёсць і нараканні.
Цяпер ніводная кабета
Не зварыць суп без інтэрнэта.
На кулінарных сайтах можа
Знайсці рэцэпт — не дай ты, Божа!
Каб страву згатаваць, ёй трэба
Лаваш замест чорнага хлеба,
То ананас, то авакада.
Ці ж яблык горшы наш?
—І праўда!
—А ўсе прыгожыя дзяўчаты
Да юнакоў заходзяць у чаты
І запрашаюць на  спатканні
У “Кантакце”  ўвечары і ўранні.
Сусед  наш - Ціхан - не адстаў—
На сайт “Знаёмствы” завітаў.
Каб нейк прагнаць тугу і скруху,
Знайшоў  красуню-маладуху.
Цяпер ёй шле паведамленні,
Што ён — граф у трэцім пакаленні,
Што выглядае зараз ён,
Як малады Ален Дэлон.
—Во смеху!
—І не гавары.
—Дазабаўляецца стары!
—А мой унук увесь вольны час
Ля манітора. Іншы раз
З сябрамі зносіцца па скайпу.
Лепш бы загнаў у вароты шайбу!
Што з яго будзе? Ды нічога!
—Ты не хвалюйся, такіх многа.
Змяніўся свет, другія ўмовы…
—Хто рухаецца, той здаровы!
А вінаваты — інтэрнэт!
—Добра. Хадзем варыць абед!

Запалі ў душу тыя словы.
Цікава, да якой высновы
Прыйшлі бабулі? Толькі мне
Здаецца: нейкі час міне,
І сетка інтэрнэта будзе
Толькі карысць прыносіць людзям.


Рецензии
Цікавую размову падслухалі! Добры верш атрымаўся!

Лаззаро   16.07.2014 17:40     Заявить о нарушении
Дзякую. Вельмі прыемна.

Светлана Агеевец   16.07.2014 23:17   Заявить о нарушении