На вяселле стрыечнай сястры

Пакуль абодвух вас яднае слова,
Пакуль вам неба сведкай паўстае,
Кахайце ўсё жыццё, бестэрмінова,
Бо шанец неба толькi раз дае.

Няхай ваш дом абыйдуць перашкоды,
У кашальку хай водзіцца рубель.
Няхай жыццё нясе павольна воды
І не патоне ў іх ваш карабель.

Але рубель – драўляная пачвара,
Ён можа не паспець за тэмпам дзён.
Тады звярніце погляд да даляра,
У цяжкi момант выратуе ён.

Хай хтосьці скажа, што не ў грошах шчасце
(філосафы былі ва ўсе часы),
Трымай канверт дзвюма рукамі, Насця,
Не будзеш рваць ад гора валасы.

Бо грошы – гэта як анестэзія:
Яны, бясспрэчна, прытупляюць боль.
Магчыма і без іх, Анастасія, –
Аднойчы ў казцы голым быў кароль.

Аб сумным хопіць. Пару слоў аб вечным.
Жадаю мець вам дзетак поўны дом.
Хай шчасце ў карагодзе недарэчным
Пужлiвай птушкай не махне хвастом.

Я веру: поспех будзе побач з вамі!
Я ведаю: каханне – не падман!
Я бачу, як над вашымі дамамі
Паўстаў святла нязгасны акіян.

Душа ў душу жывіце, Насця, Саша,
Лёс дадзена не кожнаму знайсці.
Пуд солі з'есці дапаможа каша,
Жыццё пражыць – не поле перайсці.

03.07.2014


Рецензии
О, якое цудоўнае віншаванне Вы напісалі, Сяргей!
З гумарам і любоўю!

Вера Гаевская   29.10.2014 22:16     Заявить о нарушении
Сапраўды, так: з гумарам i любоўю!)))
Дзякуй, Вера!

Махнач Сергей Юрьевсын   13.11.2014 09:58   Заявить о нарушении
На это произведение написано 10 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.