Лета

Выйшла лета на світанку росы
Пазбіраць у травах між ракіт.
Упляло ў зялёныя пракосы
Дзе-нідзе званочкавы блакіт.
Між дарог па нізкай лугавіне
Люцікаў сыпнула залатых,
Пырскнула валошкаваю сінню
Па пшаніцах ды жытах густых.
З дождыкам у хованкі гуляла
Басанож па лозах напралом
І вясёлку ў небе малявала
У аблачынкі лёгкай пад крылом.
Напаіла водарам шыпшыны
Салаўіны ўзлесак за сялом,
Разаслала ў лузе канюшыны
Яснавокім мяккім дываном.

Ходзіць лецейка ў абдымках сонца,
Па зямлі гуляе з краю ў край
І лагоду цёплую бясконца
Раздае - далоні падстаўляй!


Рецензии
Усе выдатна, акрамя чацвертага з канца радка.
Чытаецца "лецейкА", але гэта не крытычна.

Вершы   01.07.2014 20:15     Заявить о нарушении