Радасць прыляцела...

Радасць прыляцела ветрыкам залётным.
Прыляцела й села на маім плячы.
Села й заспявала —  светла, бесклапотна
песню-замаўлянку: "Слухай і маўчы!

Верыш у дзівосы —  што яны магчымы?
Вер! І не лянуйся іх ажыццяўляць!
Загрунтуй паветра марай-аблачынай
і пачні з любоўю яву маляваць.

Аддзялі алоўкам глебу ад нябёсаў,
травачку накідай, сонца запалі,
ў цэнтры — дом прыгожы, дрэвы-хмарачосы,
і як сімвал шчасця — кветкі на зямлі.

Намалюй каханне —  ў маі на світанні,
ў час, калі пялёсткі зацярушаць сад,
а пасля — у ліпень —  пад старэнькай ліпай
новыя арэлі й дзетак-птушанят.

Перайдзі у жнівень —  да багатай нівы —
зафіксуй узмахам шчырае рукі
залатога поля ўздыхі-пералівы
і ў тваіх далонях — злата —  каласкі.

Дамалюй прысаду ў фарбах лістападу,
мудрасці-любові спелыя плады,
ўнукаў-непаседаў, зрэласці спагаду
і яшчэ што-небудзь, як захочаш ты.

Простае, святое шчасцейка зямное.
Ды на гэтым свеце без яго — ніяк.
Хоць яно прад небам бачыцца маною,
хто яго не мае, на зямлі — жабрак.

У сваю карціну ўсё збяры, і рэшткі.
Падпішы малюнак: "Лёс мой. Чарнавік."
А пасля (нарэшце!) упрыгож усмешкай
і павесь на сценку — на чароўны цвік.


Рецензии
Спелы і летуценны верш! Варты "чароўнага цвіка"!!!

Люба Солошина   03.07.2014 23:17     Заявить о нарушении
Дзякую! Здаю чароўны цвік на пракат!

Лаззаро   03.07.2014 23:43   Заявить о нарушении
На это произведение написано 7 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.