Из книги избранного Трыумф 50 на белорусском языке
“А прагу жыць не наталіў…”
Трыяда творчасці Міколы Трафімчука
Бадай, у кожнага, хто публічна засведчвае свой светапогляд (паэтаў тое тычыцца асабліва), можна знайсці афарызмы, якія яскрава характарызуюць яго крэда. Афарыстычнасць – адна з самых адметных рыс і лірыка-філасофскай паэзіі Міколы Трафімчука. Крылатыя выразы з яго вершаў трапілі нават у кнігу сучаcных літаратурных афарызмаў, якая нядаўна выйшла ў свет у адным са сталічных выдавецтваў.
Яшчэ ў першым паэтычным зборніку, названым паэтам метафарычна “Траекторыя”, можна знайсці безліч небяскрылых выразаў, што сведчыла ўжо аб яго самавітай схільнасці да філасофскага роздуму. Дзе-нідзе аўтар яшчэ па нявопытнасці паўтараецца:
Ці то ў шчасці б я жыў,
ці ў бядзе,
ці то ў радасці быў бы, ці ў горы я –
набліжаецца да людзей
прызначэння майго траекторыя.
(“Траекторыя”)
Жыць –
не мінаць непрыкметнага.
Жыць –
абдымаць неабдымнае.
(“Жыць…”)
Вершы спеюць на руінах лёсаў,
як і песні...
Толькі ў цішыні.
(“Вершы спеюць…”
Але ўжо ў настуным зборніку “Трыванне”, некаторыя радкі хочацца са смакам цытаваць. Як напрыклад:
Аднойчы мусіш зразумець,
што напачатку, каб адбыцца,
патрэбна промнем спалымнець
і... уваскрэснуць бліскавіцай.
(“Аднойчы…)
“Шануй свой дзень! –
казалі мне. –
Інакш бясследна ён міне...”
А я шпурляў, выкідваў дні
на тлумны сметнік мітусні.
(“Шануй свой дзень…”)
І ў стомленасці
Стомы не адчую,
Калі пабачу вынік,
Варты стомы.
***
Пераступаем праз магілы
І прагна цягнемся да зор…
***
На ўсё зямное ёсць чарга…
А я ў чарзе па… незямное.
(“Імпульсы”)
Калі паспрабаваць прасачыць далёка не прамы шлях паэта да вяршыняў сапраўднага майстэрства, нельга не заўважыць яго крытычнае стаўленне да сваёй асобы і творчасці. Самакрытыка свайго светапогляду, свайго шляху, свайго прызвання – тое неад’емнае, што і надалей будзе суправаджаць творчасць Міколы Трафімчука. Нездарма ў анатацыі да адной з невялічкіх кніжак ім самім зроблена спроба выявіць свой непаўторны метад, які ён умоўна-іранічна называе “самакрытычны неарэалізм” (параўнайце раней існуючы -- “крытычны рэалізм”).
Сапраўды, мала хто здолеў бы гэтак патрабавальна пакпіць з сябе. Хоць справа, вядома ж, не ў кпінах. Здольнасць падвяргаць сумневу і крытыцы абсалютна ўсё заўжды была ўласціва таленавітым.
Пакуль не замалю грахі –
Не буду
Забраны Богам у нязнаны рай.
О, колькі трэба год мне,
Каб ад бруду
Ачысціць занядбаны мною край!
(“Я доўга буду жыць…”)
Канаем мы… у часу на абочыне.
Пяршыць у горле незямны палын.
Грахі нашы – ранеты буйнаплодныя…
А справы нашы – спарахнелы тын…
Чарнобыльскі народ!
Чарнобылоіды!
Мы з зоркі той,
Назоў якой – Палын.
(”Таямніца палыну”)
Народ перш чым страчвае мову –
Сумленне губляе сваё.
(“Народ…”)
У адным з вершаў паэт у адчаі прамаўляе: “народзе, ты не беларускі…” Можа каму гэта здасца няўклюдным і штучным пазёрствам, толькі насамрэч гэта здаровы эмацыйны ўсплеск у поўнавартаснага сына народа, які і сапраўды няварты такога нашчадка-патрыёта. Бо згодна старой народнай мудрасці любіць не той, хто губіць (цалуе), а той, хто чубіць (цягае за чупрыну, б’е). Для большай пэўнасці працытую гэты верш цалкам:
Народ перш чым страчвае мову –
Сумленне губляе сваё.
А потым…
А потым умомант
Злятае на баль вараннё.
Над мёртвай, смярдзючай “святыняй”
Шчэ доўга кружыцца яму…
Зямля Курапатаў, Хатыняў,
Каму аддаешся, чаму?
Няхай будзе злыдзень пракляты,
Які распладзіў вараннё!
Басяк, перш чым страчвае хату,
Сумленне губляе сваё.
Яшчэ адна асаблівасць творчасці Міколы Трафімчука – высокая духоўная ўзнёсласць, “нябеснасць” яго лірычнага героя. Лёгка заўважыць, што ПРА ДУШУ вершаў у яго значна больш, чым ПРА ЦЕЛА. Мала таго адзін са зборнікаў паэта “Нішто не вернецца ніколі” ўключае ў сябе цэлы раздзел, пазначаны як “духоўная лірыка”. Увогуле заўважана, што з кожным новым зборнікам паэзія яго набывае усё большае грамадзянскае і духоўнае гучанне. У апошніх кнігах амаль цалкам адсутнічае гэтак званае дробнатэм’е. З’яве гэтай паэт не прамінуў нават прысвяціць асобны верш:
…Зноў пануе кліч “Не вытыркайся!”
“Нічаво такова” не рабі!
А калі й зрабіў – хутчэй пакайся,
Іншага, хто вытыркнуўся, бі!
Цягне тое опусаў бярэмя
Бацькаўшчыну ў багну назаўжды...
Зноў прыйшла эпоха дробнатэм’я –
Змрочны час духоўнай злыбяды.
(“Зноў прыйшла эпоха дробнатэм’я…”)
Такія вось тры галоўныя прыкметныя рысы паэзіі Міколы Трафімчука. Яго адметная творчая трыяда.
Мікола АДАМ,
пісьменнік.
Из первой книги «Траекторыя» (1979)
РАВЕСНІКАМ
Круцілася планета,
Сусвет усё імчаў...
Труціў
зямныя леты
вайны апошні чад.
А век
настырна думаў...
Ён не драмаў ані
і ў кругаверці тлуму,
і ў німбе цішыні.
Ён пасівеў ад дыму...
Калі ж расплыўся чад –
прыйшлі мы ў свет
такімі,
якіх ён не чакаў!
КАСІНЕРЫ
КАЛІНОЎСКАГА
Нібы вуллі,
абуджаны вёскі,
нібы свечкі,
маёнткі гараць...
Супраць гнёту
падняў Каліноўскі
мужыкоў гарапашную раць.
“Дзецюкі!” Час настаў!..” –
плыне рэха.
У сякерах і косах
зямля...
Здзекі й путы
вялікім грэхам
на галовы ляглі маскалям.
Ядры пушак
аруць палеткі,
коні ўланаў
скапыцілі рунь...
На падмогу
ідзе Урублеўскі!
Ззяюць косы маланкамі
ўкруг.
Апустошаны ў вёсках
гарышчы...
Хіба сніла такое каса?
Не мурог яна косіць
і свішча,
як заўжды,
з-пад яе не раса...
З візантыйскай
і рымлянскай верай,
згуртаваныя праўдай адной,
не касцы цяпер,
а касінеры,
за жыццё сваё
сталі сцяной.
...Дзён тых слава
яшчэ не зачэзла!
І каб бачылі людзі ўсе
пакланюся табе я,
пачэснай,
старадаўняй
сялянскай касе.
МОВА
Калектыву ВІА “Песняры”
Спакон вякоў
ад крывічоў далёкіх
брадзіла,
спела,
пенілася брагай
да самых
недасяжных хмар-аблокаў
напеўных слоў
нястоленая прага.
Зямлю
лапцямі
прадзеды мясілі,
гады лічылі
дбайныя зязюлі...
Мужнелі продкі,
гадавалі сілы,
ніякія каб злыдні
не кранулі,
ніякая каб нечысць
не скарыла
“крывіцкай,
руськай, Богам данай”
мовы,
каб некалі
Францыск Скарына
увекавечыў
дарагія словы,
каб бунтароў
будзілі цуда-гуслі,
пужалі
лютых вогаў
спрасоння...
На той жа мове
вольнай Беларусі
нашчадкі песняроў
спяваюць сёння.
***
Губляюцца ў лугах
твае сляды,
гамоніць густарослая мятліца...
О не!
Няма аніякой бяды
такой, як ты, дзяўчынкай
захапіцца.
І я, як ты,
дняваць і начаваць
гатоў
у каралеўстве траў квяцістых,
дзе вечарамі конікі звіняць,
як на вяселлі нашым
цымбалісты.
У карагодзе
зорных мірыяд
люблю і я, як ты,
парой кружыцца,
дзе месяц,
нібы захмялелы сват,
прад шаферкамі-зоркамі
храбрыцца.
...Знайду пад вечар я цябе
з вянком.
І здасца мне:
каб толькі захацелі –
перавязалі б
зорным ручніком
увесь Сусвет
мы на сваім вяселлі.
ФАРБЫ ВЯСНЫ
***
Ёсць у прыроды запавет:
за сконам зноў усё спачатку...
Пралезлі, дзівяцца на свет
лісця папрэлага нашчадкі.
***
Ісці не хочацца мне ў дом...
А ноч вясновая чаруе!
...Над незакончаным гняздом
да ранку кнігаўка шчыруе.
***
Я чуў (мне сведкамі багі!):
у цёплай вышыні над намі
прыгрэлі воблакі бакі –
і заліліся... жаўрукамі.
***
Нібы чароўны бачу сон,
Прыроды мудрай прычашчэнне:
п’е салавей з бярозы сок –
глыток вясновага натхнення.
Из книги «Трыванне» («Стойкость») (1990)
***
Матуля ў слязах
над апошнім сваім караваем.
Трываю...
Замест туманоў ходзіць стронцый
нябачна над краем.
Трываю...
Трывога
мяне ад дзяціннай зямлі адрывае.
Трываю...
Руку сваю робат
на клавішы пуску трымае.
Трываю...
О, кардыяграмы
імкліва-крывая!
Трываю...
ДУША
Душа не ўмела гаварыць –
і пралілася далячынню...
і сталі чуйнымі вятры
і недасяжныя вяршыні.
Пачулі птушкі неба, лес,
захваляваліся народы...
і абудзілася: “Аз есмь!..”,
сябе ўсвядоміўшы, Прырода.
***
“Шануй свой дзень! –
казалі мне. –
Інакш бясследна ён міне...”
А я шпурляў, выкідваў дні
на тлумны сметнік мітусні.
“Спяшайся жыць!” –
быў мой дэвіз.
І я імчаўся
ўверх і ўніз,
ні затрымацца,
ні прыстаць,
ні падабрэць,
ні мудрым стаць...
А калі грымнуў
судны дзень –
глядзеў я сумна на людзей.
І запыталі землякі:
“Адкуль прыйшоў
і хто такі?
І з чым прыйшоў
на судны дзень,
і што пакінеш для людзей?..”
“Ты меў свой час...” –
сказалі мне.
Хіба я мог сказаць ім “не”?
Мне столькі часу даў сам Бог!
А што паспеў я?
Што я змог?
ВЕСНАВЕЙ
Можа здарыцца непапраўнае:
Страцім неба і страцім зямлю...
А, здаецца, зусім нядаўна мы
Засяваць пачыналі раллю.
Кінуць вокам – аблогі развораны...
Але з лёгкай нядбайнай рукі
Распладзіліся лютыя ворагі:
Дурнап’ян, чарнабыль, асцюкі...
І пілося бязладна і елася –
Адмаўляцца было не з рукі...
Застагнала зямля, разбалелася –
І падзьмулі вятры-скразнякі.
Разбудзіла ўсіх весняя раніца –
І глядзіць кожны грэшны, святы,
Як паглумлены сад выбіраецца
Да адроджанай нівы ў сваты.
НАДЗЁННАЕ
Па халтуры
Спраўляю хаўтуры.
Хто са мною?
Не ўсе са мной...
Ёсць прыслужнікі каньюктуры.
А яны за шаблон –
Сцяной.
Трэба выступіць –
Ёсць каноны,
Трэба выйсці –
Як па струне...
Трэба знаць,
У якія біць звоны,
Гваздануць –
Па чыёй спіне...
Ах, як добра,
Як добра ведаць,
Свой шануючы важны чын,
Дзе,
Калі,
Колькі,
З кім
Паабедаць,
Што каму па нутру, па плячы...
Іх эпоха карміла-паіла.
І паверылі самі сабе,
“Мы і ёсць тая самая сіла,
Што гаруецца ў барацьбе...”
Сумна, шэра
Ў жыцці ардэнарным!
І прамовы, і песні –
Шаблон...
Ды затое святкуе бяздарнасць,
Нават таленты
Б’юць ёй паклон.
Разлілося паводкаю свята...
І пачаў ужо верыць народ,
Што ўсяго ў нас багата-багата,
Хоць нястача яшчэ
І няўрод...
Ды народу
З дарогі не збіцца!..
Запрыкмеціў дасціплы дзядок,
Як бяздарнасць ідзе пахмяліцца
Ў на авось прыхаваны
Скляпок.
ВЯСКОВЫ МАРШРУТ
Пара якая б ні была –
Зіма, вясна ці лета –
Дамоў, да роднага сяла,
Спяшаю браць білет я.
Штурмую “пазік” як і ўсе,
Шануючы бабулек,
І прывыкаю пакрысе:
Аўтобус – нібы вулей!..
Вясковы з’езджаны маршрут
Мне любы і знаёмы,
Нядоўгіх дваццаць пяць мінут
Патросся – і ўжо дома!
Ды што там дома!
Цэлы свет
У “пазіку”… упартым.
Вунь, захмялелы мой сусед
Навокал сыпле жарты!..
Бабулька венікі вязе.
-- Старога біць… -- жартуе.
-- Чаго таўчэшся!?
На назе і так даўно стаю я… --
Незадаволенасць сваю
Злы дзяздька выдаў гучна.
А я не тое што стаю –
Я вісну… І мне зручна.
А ззаду столькі маладых!
Падкіне раптам знізу –
Яны вадзіцелю тады
Крычаць:
-- Яшчэ вярніся!..
Мацней на газ націсне той:
-- Ну, зараз і падкіну!..
А дзед:
-- Э-э, хлопец, супакой
Сябе й сваю машыну!
Назад паедзеш без мяне,
Тады й шалей як хочаш…
Эх, як жа добра ехаць мне
Ў дзяцінны свой куточак!
ІМПУЛЬСЫ
***
Калі прабіваецца парастак
Праз таўшчыню бетону –
Бетон не мера трываласці…
Мера трываласці – парастак.
***
Памялеў, не стала ручая…
Перасохла ў горле салаўя…
Тромб забіў вядомага паэта…
Ці не мы павінны ва ўсім гэтым?
***
І ў стомленасці
Стомы не адчую,
Калі пабачу вынік,
Варты стомы.
***
Пераступаем праз магілы
І прагна цягнемся да зор…
***
Аб’явы… Аб’явы… Аб’явы…
Пра нас лямантуе жыццё.
***
У горы і шчасці сябе суцяшаю…
У горы:
Нічога, мінецца –
Забудзецца…
У шчасці:
Нічога, мінецца –
Зноў збудзецца…
***
На ўсё зямное ёсць чарга…
А я ў чарзе па… незямное.
ТАПОЛЯ
Я – таполя,
А ты – вецер,
Мой адзіны на ўсім свеце.
Мой адзіны на ўсім свеце,
Хоць і сонца нам не свеціць…
Вецер, вецер,
Хоць хвілінку
Адпачні ў маіх галінках,
Пацалуй мае лісточкі,
Затрымайся аж да ночкі!
Я таполя-тапалінка,
Я – не дрэўца,
А сцяблінка…
Я – не дрэўца,
А сцяблінка,
Гнуся нават ад расінкі…
Дык развей жа хмары,
Вецер,
Хай ярчэй нам сонца свеціць,
Хай над нашаю далінай
Пух кружыцца тапаліны!
Я – таполя,
А ты – вецер,
Мой адзіны на ўсім свеце.
Мой адзіны на ўсім свеце!
Наша сонца ярка свеціць.
Шапацяць мае лісточкі,
І ляцяць пушынкі-дочкі
Аж па ўсім шырокім свеце…
Вецер,
Мой каханы вецер!
И з книги “Фэст альбо Трыяда” (1993)
***
Я доўга буду жыць…
Няварты я нябёсаў.
Нямала насмяціў я на Зямлі.
Нямала асушыў рачулак, плёсаў…
Зашмат пяску здабыў…
Замест раллі…
Пакуль не замалю грахі –
Не буду
Забраны Богам у нязнаны рай.
О, колькі трэба год мне,
Каб ад бруду
Ачысціць занядбаны мною край!
АФАРЫФМЫ
***
Падманваю сябе –
І не падманваюся…
Бо сэрца чуе,
Што падман мой –
Праўда.
***
Я жыць хацеў не так,
Як род людскі;
Жыць без Дабра і Зла
Гады, вякі…
“Што ж, я пайду…” --
Сказала мне Дабро.
“А трасца!..” –
Зло саўгнула пад рабро.
***
Жыццё не амалодзіць нас.
Само старэе…
Але спыняе бег свой
Час
У час тварэння!
***
Не пішу я.
Даўно не пішу.
Быццам д’яблу прадаў душу.
І пад скурай
замест душы
хтосці шэпча:
“Грашы!.. Грашы!..”
Я вялікім грахом грашу.
Не пішу я,
даўно не пішу…
Шэпт у крык перайшоў нямы:
“Ты – не ты.
Ты – як мы… Ты –мы!
На адзін мы фасон і кшталт…
Мы – усё!
І нішто мы!..”
Гвалт!
Я – не я?
То не ява, а сон.
У мяне – свой і кшталт,
і фасон…
… Вырву ў д’ябла сваю душу,
пра вялікі свой грэх
напішу!
ПІР ПАЭТАЎ
Не чытаць паэзію амаральна…
…Паэзію не чытаюць па віне нахабнай дыктатуры пацех.
(Я. Еўтушэнка)
Адкаркуй незямнога віна,
Адсвяткуем, паэт, нашы леты!
Людзі п’юць… Ды не ў тым іх віна.
Не чытаюць паэтаў – у гэтым!
Налівай, весялун Аляксандр,
Дапаўна свой бакал паэтычны!
Павялі Наталі ў царскі сад…
Ну і Бог з ёй! Хоць не этычна…
Супакойся, не трэба, Сяргей,
Брыдкасловіць пра жонку паэта.
На тальянцы сыграй весялей,
Сыпані нам салёных куплетаў!
Што нахмурыўся, Уладзімір,
Не па густу табе куплеты?
Паталкуй з маладымі людзьмі
Пра… Саветы!
Каб спакойна і міла было,
Памаўчыце вы, цынік і скептык!..
Казырні, не саромся, Блок,
Інтэ-лектам!
Сімвалісты Бальмонт, Салагуб,
Вашы душы ізноў у бунце…
Абатрыце сліну з тлустых губ,
Рэалістам будзьце!
Сёння пір на Парнасе у нас,
Сёння музам і нам пацешна.
Адкаркуйце зямнога віна!
Можна грэшным – і нам не грэшна!
За паэзію, за чытача
Піць паэтам здаўна прывычна.
Прыхініся, Сафо, да пляча!
Гэтак больш рамантычна.
На Парнасе так мала ў нас дам!
Як, на жаль, чысціні і прадку.
Знаць, таму й затрымаўся Адам
У Марысі, у Наваградку…
Стук у дзверы.
--А хто там ідзе?..
Го! Дык гэты ж браткі-беларусы!
На мякіне жывуць ды вадзе
І не ў радасці, хоць і не ў скрусе…
Па келішку ім дайце віна.
А на больш яны не зарабілі.
Іх адзіная сёння віна
Ў тым, што мала людзей разбудзілі.
Хай нас Бахуса грэе агонь!
Апалон хай даруе за гэта!
Бо паэзія ёсць для таго,
Каб не вусцішна стала паэтам.
І пакуль на Парнасе паэт
Бестурботна піруе,
Паўсямесна паэзію свет
Ігнаруе.
Гэй, спадару, хоць вер – хоць не вер:
Забулдыгі мы ўсе і выпівохі!..
Але ж сам не напішацца верш…
Сп’яну спім, ды не спіць эпоха!
На Парнасе, вядома, лепш
Піраваць, чым у простай хаце.
Ша! Эпоха стварае верш
“Пір паэтаў”.
Чытайце!
Чытайце!
***
Разведчыкі душы, сябры-паэты,
Нялёгкі лёс прызначаны для вас:
Нястомна жыць між “тым” і “гэтым” светам
Не ў першы раз і не ў апошні раз.
Імгненні, што падобныя на вехі,
Жыццёвы шлях – высокі Млечны Шлях…
Байцы любові, проста чала-векі,
З якімі дзённа раіцца Зямля.
Ні Зло, ні Смерць ужо не валадараць,
Ні тлум, ні цемра не пануюць тут,
Дзе вашы песні, вашы думы-мары
Любоўю жывяць сэрцы, родны кут.
Няўроддзе спраў, пустэльныя прамовы…
А вас шануе Лёс, сам Бог і… Час,
Разведчыкі душы, байцы любові
Не ў першы раз і не ў апошні раз.
***
А я баяўся,
Так баяўся,
Што верш ужо не напішу!
А тут прарваўся ён,
Прарваўся
З самога сэрца
Праз душу!
І ап’яніла,
Адцяніла
Мяне паэзія ад тла…
Не падмяніла,
Не змяніла,
Аберагала,
Зберагла.
Цяпер я ўпэўнены:
Аддзячу
Нябеснай госці за святло…
Зноў над радком шчырую й плачу,
Шчырую й плачу
Злу назло.
ПЕРАПЁЛКА
Паляцела полем перапёлка.
Поле палыхала палыном…
У смугу, на высмяглыя зёлкі
Ўпала і заснула мройным сном.
І прысніла поле перапёлка,
Сонцам пазалочаную шыр.
Выспявалі залатыя зоркі
Ў светлай перапёлчынай душы.
Доўга плыў з-за небасхіла ранак,
Потым – дзень спякотны і даўгі…
Выцякала з яе ціхай раны
Сонца на пабляклыя лугі.
САНЕТЫ САМОТНАЙ ЖАНЧЫНЕ
Санет першы
Не быць адной – адзіная мальба.
Што доля!.. У куколлі поле…
Яна асотам рукі ўсе паколе,
але пра поле
рупна будзе дбаць.
Вясёлае ўчарашняе дзяўчо!
У вялюмах паадплывалі мроі…
Ні прынца не хапіла,
ні героя,
а значыць –
ні сыноў і ні дачок.
Адна мальба –
каб весялей было,
каб дзе-нідзе
між пырніку й асоту
на полі неўрадлівым,
нечужым
адзіны каласок ян ажыў
бяздушшу і нялюбасці назло,
у знак прызнання
за яе маркоту.
Санет другі
О ты, далёкая жанчына!
Якія песні ты пяеш?
Няўжо праз тыя ж далячыні
Ты ўсё самотная ідзеш?
І тваё сонца нізка ходзіць,
І замест замяці ад руж
Ўсё тая ж замяць
карагодзіць
на лугавіне белых сцюж?
Няўжо, няўжо яшчэ не верыш,
Што ёсць зямля,
дзе я жыву,
дзе зоркі спеюць
і з даверам
за сонцам коцяцца ў траву?
І дзень празрысты –
нібы вэлюм
на ільняную галаву…
Санет трэці
Не быць ЯГО –
быць нічыёй.
Быць НЕ ЯГО
зусім не зможаш.
Гарчыць і прэе тое збожжа,
што ўзята іншаю жняёй.
А пожня коле ногі спрэс
І дастае ажно да сэрца…
Не мецьме сейбіт інтарэс –
Яму й жняя не адгукнецца.
Каб жнейка рупнаю была,
і ейны сейбіт мусіць рупіць…
Не навярэдзіць яна рукі --
і плён папрэе ўвесь датла.
Хай будзе чад гэтага тла
Нядбайным сейбітам навукай!
ДЗВЕ ЭПОХІ
Дачарнобыльская эпоха!..
Пяцігодку – у тры гады…
Абскакаць захацелі Бога
І героямі стаць назаўды.
Пасадзілі сады ўверх карэннем
Пасярод пыльных бур, мерзлаты…
Пяцігодка для ўроду? Нядрэнна!
Мала, плён каб сабраць, тры гады.
Мала ў лозунг і колер паверыць,
Грэшна невукам верыць, лгунам.
І даўжэла, вышэла з паперы,
З абясцэненых бляшак сцяна…
За сцяной гэтай не ўратавацца
Ад сумлення і стронцыю. Жах!
Як дрыжэда зямля ад авацый,
Так Чарнобыля дол задрыжаў.
З-пад чыноўнікаў крэслы ён выбіў.
Раскалоў, скасабочыў сцяну…
…Паміж крыўдай і праўдаю – выбух.
Мііж эпохамі – пах палыну.
***
Вясны раскрыленае неба
І голас твой,
І водар хлеба,
І ўсё, што трэба і не трэба.
Мне застанецца на ўспамін.
І на вярсце маёй апошняй
Калоцца будзе наша пожня,
І пазіраць будзе трывожна
Мне ўслед дачушка, альбо сын…
Из книги “Нішто не вернецца ніколі” (1995)
***
Літва…
Літоўск,
Ліцвінкі…
Ліцвіны…
Да болю мне знаёмыя назовы!
Я сню далёкіх продкаў
Дзіва-сны
І, як на яве, чую дзіва-словы.
І Брэст-Літоўск
З бясчасся паўстае…
Ад Уній і ад меж даўно стамлёны…
А ў вёсачцы Літва
Сябры мае
Аруць і сеюць,
жнуць і косяць
Плённа.
***
Мы праклятыя…
Бо мы
Продкам здраджваем,
Іх мове.
Мы дрыжым сярод зімы,
І бясконцы змрок зімовы.
Мы бяздарныя,
Бо мы
Дар свой д’яблам раздарылі.
Маем дух сляпы, нямы
І падрэзанае крылле.
Мы бязвольныя,
Бо мы
Нарадзіліся ў няволі.
Б’юць чужыя нас грамы
Ў растаптаным нашым полі.
Але мы
Не згінем, не!
Бо Гасподзь вялікадушны.
І яго няскрушны гнеў
На прарокаў сыдзе скрушна.
Прымуць грэх
За нас яны.
Неаднойчы так бывала…
Наша шчасце –
Ёсць сыны!
І такіх дзе ў свеце мала.
***
Не было
І няма
І не будзе нічога?..
Не!
Было, ёсць і будзе.
Усё!
Там,
На відэастужцы,
У Вечнага Бога,
Да драбніц
Маё знята жыццё.
Толькі там,
На жахлівай і праведнай
Кручы,
Да якой не дайсці,
Не даплыць,
Не дажыць,
Ён, Мудрэц,
Тую стужку жывую адкруціць,
Мне пакажа,
А Сам прамаўчыць…
Так
І слоўца не скажа,
Ды гляне сурова…
І ў адвечных і родных,
Відушчых вачах
Прачытае Душа
Наймудрэйшыя словы,
Каб з канца
Ўсё інакш распачаць.
***
У мяне на далоні – свет.
Вось ён быў – і няма!
Сняжынка
Пабыла на далоні хвілінку…
Знік і след.
У маёй у Душы – Сусвет.
Я збіраю імгненні ў Вечнасць!
Я на Боскім адвечным Вечы
Век!
Из книги «Любіць Бог Беларусь» (1996)
Любіць Гасподзь пакутнікаў
Незабыўны Уладзімір Караткевіч з вялікай душэўнай узрушанасцю аднойчы ўсклікнуў: “На Беларусі Бог жыве…” І, мабыць, гэта сапраўды так. Бог жыве там, дзе яму падабаецца, дзе яму добра. Скажам шчыра: ці ж можа каму не спадабацца міралюбная беларуская зямля з яе казачнымі пейзажамі і краявідамі, з яе адвечна працавітым і гасцінным народам? Меў, аднак, рацыю паэт, меў, і трэба верыць яму не толькі на слова.
Услед за сваім славутым папярэднікам вядомы беларускі паэт, аўтар чатырох кніг Мікола Трафімчук новы зборнік паэзіі так і назваў – “Любіць Бог Беларусь”. Лёгка заўважыць, што назва гэтая цалкам вынікае з крылатага выслоўя Уладзіміра Караткевіча.
Бог між намі жыве,
Хоць над намі ўладар.
То не ветру павеў –
Дух святы лашчыць твар…
Я вітаю зару
І з зарой – белы свет.
Любіць Бог Беларусь,
І таму тут жыве.
Святая праўда: з нялюбымі не жывуць. Аднак ёсць і іншае азначэнне: любіць Гасподзь пакутнікаў. Хто ж ці не самыя вялікія ў свеце пакутнікі? Беларусы! З верша Міколы Трафімчука: “Беларусь Паспалітая, ты крывёю палітая лешукоў і палянаў, крывічоў і смалянаў…” Гэта дашней, у старажытнасці, а цяпер? Кожны чацвёрты, а то, па некаторых звестках, і кожны трэці натой, апошняй вайне. Пусты “пасляваенны” працадзень. П’янства, убогасць, шэрасць, Чарнобыль. Смяротны вецер, які тады дзьмуў на Беларусь. Глабальнае абрабаванне народа сёння. Чаму? За што? За якія грахі?
Пытанні, пытанні… Няма на іх адказу. Але ўжо добра і тое, што ёсць творцы, якія самым сур’ёзным чынам спрабуюць асэнсаваць мінулы і сённяшні дзень Беларусі, знайсці вытокі яе векавечнага болю. Няхай не крыўдуе Мікола Трафімчук, аднак, мабыць, ён памыляецца, калі няўзнак кідае папрок беларусам за іх даверлівасць, шчырасць і дабрыню. Ёсць, бадай, і іншыя, больш важкія і аб’ектыўныя, прычыны пакут беларускай зямлі. Даверлівасць, шчырасць і дабрыня – гэта зусім не пакорлівасць і ніякае гэта не паслушэнства, што на працягу вякоў не адзін раз было засведчана гісторыяй. Сам жа паэт, здаецца, і намацаў сцяжынку да ісціны:
Няма прарокаў у манкуртаў шэрых.
Яны іх ненавідзяць, душаць іх.
За тое, што прарокі –
Гэта вера,
Якой ніколі не было ў саміх.
Палітычныя погляды Міколы Трафімчука на суровыя рэаліі сённяшняга жыцця-быцця, якія ён выклаў у кнізе “Любіць Бог Беларусь”, шмат каму не прынясуць празмернага захаплення, а ў тых самых “шэрых манкуртаў” дык дакладна: многія вершы паэта выклічуць хіба толькі “праведный” гнеў. Асабліва гэтыя – “Пазьняк і Беларусь”, “Усходнікі”, “Авечкам трэба пастухі”, “Беларускія мужыкі” і некаторыя іншыя. Ну, што ж, хай так і будзе: кожнаму сваё – і боль, і вера, і любоў, і мера адказнасці за зробленыя ўчынкі. Вартасць разглядаемай кнігі, аднак жа, у тым, што яна вымагае сур’ёзнага, удумлівага субяседніка, які ад пачатку да канца паверыў у шчырую, даверлівую споведзь аўтара:
Святло нясу. Няяркае няхай…
Яно заўсёды будзе разгарацца.
Яшчэ ў тумане мой знямелы край…
Я ж не магу, каб ім не захапляцца.
Вось нарэшце: ці не самая прываблівая адметнасць зборніка – гэта тое, што ён цалкам – ад першай да апошняй старонкі – прысвечаны Беларусі. Зноў жа – справяліва. Бо на Беларусі жыве не толькі Бог. Жывуць тут сціплыя працаўнікі-гаротнікі, жывуць прыгажуні Марусі, жыве яшчэ і шчымлівае матчына слова, якое вольна і раскрылена льецца з-пад пяра паэта. Слова да слова, радок да радка, і атрымалася ў чымсьці неардынарная; у чымсьці нават спрэчная, але, безумоўна, цікавая і змястоўная кніга. Лейтматыў яе, бадай – што, вось у гэтай, заключнай, страфе зборніка:
На вечнай зямлі
Нявечны мой след,
Дзе прашчараў стлелі сляды…
Чаму мы прыйшлі
На гэты бел-свет?
Каб жыць Беларусі заўжды!
Сапраўды: чаго мы сюды прыйшлі? З Міколам Трафімчуком, здаецца, усё ясна: ён прыйшоў на зямлю продкаў, каб пакінуць і свой адметны след у беларускай паэзіі.
Віктар Гардзей,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.
ЛЮБІЦЬ БОГ БЕЛАРУСЬ
На Беларусі Бог жыве…
(Ул. Караткевіч)
Любіць Бог Беларусь,
Дух Святы тут жыве.
Шчыры ён беларус –
Крамнік, бондар, шавец.
Муляр ён і цясляр –
Гмахі ўзводзіць да хмар.
І мастак, і гусляр,
На раллі гаспадар.
Бог між намі жыве,
Хоць над намі ўладар.
То не ветру павеў –
Дух Святы лашчыць твар…
Жну, будую, ару.
Спачываю ў траве…
Любіць Бог Беларусь,
Побач з намі жыве.
Мне з табой, любы край,
Тут, пад небам Яго,
І з трывогамі – рай,
З рога многа ўсяго!
Я вітаю зару
І з зарой – белы свет.
Любіць Бог Беларусь
І таму тут жыве.
***
Любіць Бог Беларусь.
Бог пакутнікаў любіць…
За пакутай пакуту
цярплівым дае.
Што ж, цярпі, беларус!
А як спадчыну згубіш –
Знай:
крывёю плаціць
будуць дзеці твае.
***
Народ перш чым страчвае мову –
Сумленне губляе сваё.
А потым…
А потым умомант
Злятае на баль вараннё.
Над мёртвай, смярдзючай “святыняй”
Шчэ доўга кружыцца яму…
Зямля Курапат і Хатыняў,
Каму аддаешся, чаму?
Няхай будзе злыдзень пракляты,
Які распладзіў вараннё!
Басяк, перш чым страчвае хату,
Сумленне губляе сваё.
Из книги «Найперш мы – ліцвіны…” (1996)
***
Стань гаспадыняй, Беларусь!
У роднай хаце свой абрус
Ільняны, чысты засцялі…
На гэтай княжацкай зямлі
Чужы не мае права лгаць,
Свае законы дыктаваць.
Адзін-адзіны ёсць закон:
Ты – валадарніца спакон
Гэтых людзей і камяніц
Азёр і рэк, палёў, крыніц…
Стань зноў жа гордаю княжной
Між Нёмнам,
Прыпяццю,
Дзвіной!
Сама сабою стань – і ўсё!
І паінакшае жыццё,
І будзе вораг знаць і госць,
Што гаспадыня ў хаце ёсць.
***
Cветлае імя сваё “Літва”
Аддала суседзям ты ахвотна…
Бела-русь! Дурная галава!..
Люба табе жыць
Заўжды гаротна…
Люба табе лаяцца-спяваць
На няскладнай мове,
На нясвойскай.
Люба і імя сваё аддаць,
І сябе аддаць чужому войску…
Хто сказаў,
Што Руссю ты была?!
Так, была ты
Пад Маскоўскай Руссю…
Вось і пасівела дабяла!..
Вось і не Літва,
А Беларусь ты!
Из книги “Трын-трава” (1996)
***
Пакуль не вернемся
Да мовы,
Па-людску
Мы не станем жыць.
Так, мова –
Людскасці… умова.
Як ні круці,
Што ні кажы!
Пакуль
Чужое будзе слова
Нам цешыць слых,
Сляпіць пагляд –
Нам будзе жыцца
Пры-му-со-ва
На лад чужы,
На іншы лад.
***
Ліцвіну
Не трэба чужыя
Ні слава,
Ні мова,
Ні чын…
Ліцвін
Сваім гонарам жыў бы…
Ды з маткай – не бацька…
Айчым!
Из книги “Беларушчына” (2002)
ПЛЕМЯ МАНКУРТАЎ
Племя манкуртаў, д'яблавы дзеці…
Як не чацвёрты, дык мо кожны трэці…
Так распладзілася, запанавала!
Мала Хатыні, Чарнобыля мала…
Племя манкуртаў. Баз боскай спагады.
Долі сваёй ты самое не рада…
Зло сваё чыніш без сэнсу, без клёку.
Толькі зайшло ты ўжо надта далёка!
Як недарэчна цябе распладзілі,
Так і бясслаўна згніеш у магіле.
Племя манкуртаў, д’яблавы дзеці…
Самае дзікае племя на свеце!
***
Народ – гаспадар,
А чыны – яго слугі.
Такі ў Старым свеце закон!
Калі ж ён не рупіць,
Не робіць патугі –
Слугой у чынуш
Будзе ён.
***
Якая цана народу,
Якая яму цана,
Калі ён не цэніць Свабоду?
Вядома, цана адна…
А змог жа зняслаўлены продак
Праславіць Айчыну і Час...
Пакуль не палюбім Свабоду,
Яна і не гляне на нас!
***
Нам хочацца лепей жыць,
А лепшых людзей гнаіць
У турмах сваіх смярдзючых?
Ды так не бывае. Не!
За тых, хто бязвінна ў турме,
Нястача – нам кара балючая.
***
Народ – каштоўная парода.
Там, дзе радовішча – народ
Усё прыкметней год ад году,
Тым больш калі вакол няўрод.
***
Пра мову яшчэ і яшчэ раз
Душа мая роздум вядзе,
Бо свет наш здаецца мне шэрым,
Калі маёй мовы – нідзе…
Калі мая мова канае,
Дык вінен і ты ў гэтым, брат…
І ладу не будзе між намі,
Калі ў нас з-за мовы – разлад.
***
Бог беларуса пачуе
Толькі на мове яго…
Родная мова ўратуе
Нас ад чужых ланцугоў.
Роднае слова вяшчуе
І беражэ ад бяды.
Бог беларуса пачуе –
Свет падабрэе тады…
***
На мове, што Бог табе даў,
Да Госпада і прамаўляй!
Бо мова – паветра й вада,
Твая пад табою зямля…
Яе ні за што не карай,
Інакш пакарае яна…
І здрадзіць табе родны край,
І шлях загародзіць сцяна…
Абрынецца знекуль бяда,
Па рэбрах як дасць кухталя!
На мове, што Бог табе даў,
Да лёсу свайго прамаўляй!
***
Сэнс здаровы не дае нам спуску,
І свідруе думка спакваля:
Беларусь без мовы беларускай –
Як вакол Чарнобыля зямля…
***
Без мовы мы – не беларусы…
Ды і які я беларус,
Калі “двухмоўем” ганаруся,
І гне мяне “трасянкі” друз?
Язык варочаецца блага
На мове “цётчынай”, чужой.
Смяецца “цётка”… Я ж знявагу
Ад жарту не адрозню ўжо…
І ўсё ж дзеля здагадкі жыў я,
“родства не помнящий Иван”:
Без роднай мовы мы чужыя
І між братоў сваіх – славян.
***
Хоць з панурай галавой
І пакуль не на свабодзе
Мова мусіць быць жывой
Пры жывым яшчэ народзе.
Беларусь жа прагне жыць,
Хоць з каленяў і не ўстала…
Мова хворая ляжыць –
Сіл каб выжыць надта мала.
Мову з роднага жытла
Злосны сівер выдзімае…
Нехта хоча, каб была
Беларусь глуханямая.
Жыць з панурай галавой
Нашай мове ці не годзе?
Мова мусіць быць жывой
Пры жывым яшчэ народзе!
БЕЛАРУШЧЫНА
Далягляд. Небасхіл. Небакрай…
Гарызонта зямнога найменні!
Нашы родныя словы. Наш рай.
Мілагучнасць і захапленне.
А раздолле, улонне, абсяг!..
О, крыштальная матчына мова!
Ты іскрышся, праменішся ўся.
Зоркі, зёлкі – сугучча снова.
Золак. Досвітак. Ранак ліпіць…
Нараджаецца дзень яснавокі…
І натхняе ўпівацца і жыць
Неба ў воблаках,
Хмарках,
Аблоках.
***
Хто разгадаў таямніцу рабоў?
Зоркі згасаюць, і рабства не нова…
Рабскі народ!
Будзь жа мудрым, як Бог,
І справядлівым, як ён, і суровым.
***
Чужыя звыродныя словы
На роднай зямлі чую я…
Ды гэта ўсё іхняя мова!
А ў нас святая, свая…
Не д’ябальскай хіжай напасці.
А чыстая, з незабыцця!..
Не мова, а звонкае шчасце,
Не словы, а кветкі жыцця…
Запэцкалі і заплявалі
На шчасце не ўсё і не ўсіх…
Іграе жалейка Купалы
І лашчыць знявераны слых.
І ўжо тут і там запявае
Салоўка, спрабуе лады…
І мова дзядоў ажывае,
І цешацца з намі дзяды.
***
Мішы Мацкевічу
Бог – валадар сваіх сусветаў,
Жывых і мёртвых уладар.
І не адменіш яго вета,
І не ацэніш яго дар.
Нямала з неба забаронаў
Спаслаў Гасподзь на грэшных нас.
Ды на Зямлі – свае бароны
І каралі… Цяпер іх час!
На вета боскае – іх вета.
За дарам дар яны грабуць…
А ўслых чытаюць запаветы
І ўсе захоўваюць табу.
Усё, як быццам бы, па-боску
У валадарстве сатаны…
А Бог ізноў паставіць коску –
Прадоўжыць летапіс зямны.
ТАЯМНІЦА ПАЛЫНУ
Што мы за людзі?..
Святлана Алексіевіч
Усё павінна быць жывымі сплочана,
А мёртвымі пацверджана…
Амінь!
Канаем мы… у часу на абочыне.
Пяршыць у горле незямны палын.
Грахі нашы – ранеты буйнаплодныя…
А справы нашы – спарахнелы тын…
Чарнобыльскі народ!
Чарнобылоіды!
Мы з зоркі той,
Назоў якой – Палын.
***
Жыццё – імгненне?
Так, імгненне!..
Імгненне доўгае пакут,
Калі ўжо мы не каленях,
Але й бяскрылыя пакуль.
***
Было адвеку,
Будзе так давеку,
Пакуль аж не надыдзе
Вечны морак:
Калі дзяржава –
Вораг чалавеку,
Дзяржаве чалавек –
Таксама вораг.
Бо чалавек
З нябеснае пароды.
Ён не пацерпіць
Нэндзу і няволю.
Яму навошта гарадзіць гароды
Там, дзе з асотам тля
І дзе кукулле?
Засохне пустазелле,
Тля затхнецца
Ад буйства, ненажэрнасці
Аднойчы…
Як Фенікс,
Чалавек устрапянецца,
Абудзіцца,
Пратрэ спрасоння вочы
***
Свабоды жыць сумленна
Прагне Дух!
А Духу болей іншага й не трэба…
Бо Дух
Ствараць гатовы
І за двух
На матчынай зямлі,
Пад родным небам.
***
Праўда пакуль не змагла
Выціснуць рабства з халопаў.
Сколак Імперыі Зла
Ўпіўся пад сэрца Еўропы…
Ныюць ад крыўд і ад бед
Нашы трывожныя сэрцы…
Прыкра, Еўропа, табе
З вострым асколкам жывецца.
ЗЛО І ДАБРО
Здаровай, моцнай дужай нацыі
Па духу Ісціна без слоў:
Дабро заўсёды мае рацыю,
А ў зла зусім няма правоў…
І тым жыве яна і жывіцца!
І песціць ісціну ў вяках:
Дабро на зле ніяк не прымецца,
Зло не сканае ў злых руках.
***
Адвечная душа мая
За Вечнасцю цікуе…
І я за гэта самае
Люблю душу такую.
Святая, бессмяротная
Варкуе ў грэшным целе…
І цесна і смуродна ёй!
Глядзіш – і паляцела!
Ляціць душа-свавольніца.
Адвечна маладая,
За Вечнасцю ўсё гоніцца
І ў клетку ўсё трапляе
***
Сыду на схіле дня
Ў жалобны човен я.
Перавязе Харон
Да Бога на паклон.
Магутны Валадар,
Бясконцы твой абшар!
У райскай старане
Дай месца трошкі мне…
Я там любіў прастор,
Сваволіў, як віхор…
А тут – на хмарцы хоць,
Ды гаспадар, не госць…
Сыду на схіле дня
Ў жалобны човен я…
Я ўволю пагасціў –
Дамоў, Гасподзь, пусці!
Из книги «Час анёла» («Время ангела») (2007)
Свидетельство о публикации №114062905070
Анатоль Кудласевич 30.06.2014 12:46 Заявить о нарушении