Зварот

( Прысвячаецца Чэчат Марыі Васільеўне,
маёй бабулі, светлая ёй памяць)

І дзе ж ты зараз, любая бабулька?
Нібы жывая, у вачах стаіш -
На прыпечку кіпіць яшчэ каструлька -
Не верыцца, што ты там дзесьці спіш.

Усім нутром твой адчуваю погляд,
Спасаешь ты мяне ў жахлівым сне...
Зляпіў твой вобраз невядомы дойлід
І ён застаўся назаўжды ўва мне…

У вачах таго нясмелага дзіцяці,
Ты выглядала, быццам, мой Анёл,
Не проста бабка, маці маёй маці -
Жывеш у думках і да гэтых пор.

Не давялося ўзімку развітацца,
Мо так і лепш - ты для мяне - жывА,
Толькі чаму я стала так баяцца
Той хаты, дзе даўно цябе няма?..

Ды й на магілку неяк і не цягне,
Як быццам знаю, ты зусім не ў ёй,
Няма цябе ў той зямельнай багне,
Ты засталася для мяне жывой..

Твая душа заўжды непадалёку
І толькі з ёй магу я гаварыць,
Мяне суправаджае крок за крокам
І ліхтаром наперадзе гарыць.

Фота аўтара (помнік бабулі на могілках ў вёсцы Залацеева)


Рецензии