Чаканне. маме

Чаканне маці.

(Прысвячаецца маёй маці Софьі Васільеўне Супрун(Чэчат)
і ў яе асобе ўсім маці, што чакаюць…)

Цвіце чаромшына нявестай
З духмяным водарам смугі,
Матуля зранку месіць цеста -
Ў палудні будуць пірагі.

Дзяцей чакае, мо прыедуць,
Здалёку хто, ці хто бліжэй?
"Ты адчыні вароты, дзеду!
Каб заязджаць было хутчэй."

Абрус дастала і талеркі,
Блішчыць, як срэбра, самавар,
Прысмакі розныя, цукеркі
І зіхаціць усмешкай твар.

Памаладзела на паўвека -
На тое - маці, каб чакаць,
Пра боль забылася, аптэку.
Як добра дзетак сустракаць!

Падрыхтавалася, як трэба,
І выглядае ля варот
Сваіх дзяцей. У іх - патрэба,
Было ж калісь наадварот.

Павырасталі, паляцелі,
Нібыта птушкі, хто куды,
А вочы маці ўсё гляделі
На фотаздымкі праз гады.

І вось вяртаемся дахаты!
Завуць нас дзецьмі толькі тут.
Той па-сапраўднаму багаты,
Каго чакае родны кут.

І маладыя мы з табою,
Пакуль матулін ёсць пірог.
І пах чаромхі са смугою
Нас кліча з далечы дарог.


Рецензии