36 гадзiн на захад. Дарожныя замалёукi

   Дарога
Дарога. Май, няўрымслівы, стракаты.
Шаша з-пад колаў рвецца ў небакрай.
А за акном - то беластвольны гай,
То азярцо, то шэрыя квадраты
Засеяных палёў, то сушаць косы
Сярэбраныя вербы на вятрах,
То яблыні ў бялюткіх каптурах,
То сонейка ў лугах збірае росы...

   Праменьчык на акне
Сонейка-гарэза ў аблачынку
Закаціла залацісты бок,
А праменьчык, нібы незнарок,
Зайчыкам вяртлявым безупынку
Жвава скача, хітры, на акне
І казыча, жмурыць вейкі мне.

   Ноч
Вышывае зоркі ночка,
Хмаркі сонныя люляе,
Ясны месяц - паўбліночка
На абрусе цёмным скраю
Прымасціла клапатліва,
Мяккім змрокам накрывае,
Дорыць сон лугам і нівам,
Толькі мне... не абяцае.

   Журавы
Ледзь заняўся светлы ранак,
У лагчыну між палёў
Выйшла ў росы на сняданак
Пара шэрых журавоў.

   Дзікія казулі
Дзве казулькі ля дарогі
Шчыплюць траўку на зары,
Выйшлі з лесу без трывогі,
Мабыць, людзі ім сябры?!

   Дожджык
З хмурынкі лёгкай дожджык наляцеў,
Са шкла ў акне пылінкі змыў старанна,
Пастукаў, паскакаў, пашапацеў
І перастаў таксама нечакана.

   Салаўі
А пад Гановерам спяваюць салаўі
Гімн дню, што ўсходзіць, поўны непакою,
Спяваюць так, як і ў бярозавым гаі
Над роднаю Бярэзінай-ракою.

   Ветрагенератары
Лопасці варушыць паднябесны
Безупынна ветрык зухаваты.
Дзень і ноч ён чалавеку чэсна
Служыць, вырабляе кілаваты.

   Цюльпанавае поле
Я бачыла цюльпанавае поле:
Вясёлкавай шырокай паласой
Лягло ў вясной сагрэтае прыволле,
Абсыпанае буйнаю расой.
І сціхла ў захапленні наваколле,
Зачараванае жывой красой.

   Хараство
Рададэндранаў сцяна густая
Буйна ружавее ўздоўж дарог
(Батанічны сад успамінаю).
Што за хараство! Стварыў жа Бог!

   Вечар
Садзіцца сонейка. Імчыць дарога
Туды, дзе  неба ярка палымнее
Гарачаю вясёлкаю.Замнога
Красы - ад захаплення сэрца млее.

   Конь у паліто
Ой, паглядзіце, гэта што?
Гуляе конь у паліто!
То ж гаспадар паклапаціўся,
Каб сіўка той не прастудзіўся.

   Каліны
Між хмызнякоў па нізкіх лугавінах
Карункавае ўбранне на калінах,
Бялюткае, бы ў дзеўкі перад шлюбам,
Пяшчота, чысціня. Так сэрцу люба!


Рецензии
Як я сумаваў па вашых вершах!!!

Вершы   31.05.2014 01:26     Заявить о нарушении
Дзякую, прыемна, як заўсёды! Ды чаго па іх сумаваць, я ж іх з сабою не забрала(спарбую жартаваць, няёмка, што не зразумела адразу жарт пра Барысава...). І вельмі рада Вашай увазе!!!
Дабра, натхнення і добрага настрою!

Клавдия Семеновна   02.06.2014 10:13   Заявить о нарушении