Генадзь, або Алiварыя ратуе жыццё
Сiнеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам i травою...
А дзеду нат i не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.
М. Багдановіч
Генадзь вярнуўся пасля змены
і з піва быў зусім харошы.
Ў пакоі не астылі сцены,
ў кішэні засталіся грошы.
Падняты ліфтам ён ад глебы,
шматпавярховым ўзняты домам.
Але ж не дасягнуў да неба.
А ў целе ўжо такая стома.
Што целу трэба - ўсё на месцы,
ёсць халадзільнік, ёсць патэльня.
Але Генадзь не хоча есці
і нават піць з другой бутэлькі.
Ён нахіліўся над зямлёю,
раскрыўшы ўшыркі шклопакеты,
і сочыць дзетак за гульнёй і
як крочаць летнія кабеты.
Ён іх не распранае зрокам,
не хоча імі авалодаць,
ён хоча плыць над цяжкай спёкай,
як шарык - пустата ды лёгкасць.
У галаве ніякіх думак,
а толькі нібы йдзе бульдозер.
Няма якога-небудзь суму,
толькі бульдозер ездзіць, возіць.
Няма ў ёй ведаў, як правесці
жыццё, наступны водпуск, вечар.
Генадзь не існуе на свеце,
няіснымі здаюцца рэчы.
Генадзь з пятнаццаці паверхаў
глядзіць, нібы дурная птушка.
Але бязлітасны праектар
ўсё круціць, круціць кінастужку.
Як па загадзе рэжысёра,
Генадзь вяртаецца ў кватэрку,
і зноў з'яўляецца прастора
і Гена - бо зірнуў ў люстэрка:
драўляная шчыліна вуснаў,
гарбуз на шыі, носу сліва.
Ды кінь ты, Генка, тое глупства -
глядзі, йшчэ засталося піва.
Бяры яго, кладзісь на ложак,
глядзі ў акно - там толькі неба.
І ты падумаеш: а можа
нічога болей і не трэба.
Свидетельство о публикации №114052903719