Ах, якая вясна!
Несупынны экстаз!!!
Так прыгожа – аж думка лякае:
не ў апошні бы раз.
Не ў апошні бы раз любавацца,
спаталяць голад свой
не кахання, не славы эрзацам –
паднябеснай красой.
Паднябеснай красой, без каторай
наш акрэслены свет –
багна выпалзкаў скрыні Пандоры –
прыдарожны кювет.
Прыдарожны кювет? Але гляньце,
як чаромха цвіце!
Як танцуюць дажджы на асфальце
і ў чарнюткай градзе.
У чарнюткай градзе, дзе пасевам
самы час прарасці
і падставіць далонькі залевам
дзеля шчасця ў жыцці.
Дзеля шчасця ў жыцці заквітнелі
белапенню сады,
зазвінелі жаўронкаў свірэлі,
заспявалі дразды.
Заспявалі дразды, і салоўкі,
і абцасы кабет...
А паэты зайгралі са слоўкам,
апяваючы свет.
Апяваючы свет, я блукаю
ад відна да відна
і, хмялеючы, сэрцайкам таю:
"Ах, якая вясна!"
12.05.2014
Свидетельство о публикации №114051205532
Ирина Косенкова 30.04.2015 19:07 Заявить о нарушении
Лаззаро 03.05.2015 16:17 Заявить о нарушении