Балада

БАЛАДА 

Тупацела па сцежцы крывулька.
Памагала ў слізготу Парасцы.
На базар прыцягнула бабулька
Свой тавар у дзіцячай калясцы.

Небаракі – малыя шчаняты
Пазіраюць на свет слепавата.
Раніцою ад сучкі адняты.
Зімна, дзіўна і страшнавата.

Ім дзён трыццаць, не болей, ад роду.
Як суцішыліся, забіякі!
Паглядзець на іх валіць народу.
Абступілі каляску зявакі.

У дзіцячай калясцы зацішна.
Гулка тахкае кожнае сэрца.
А Параска каляску калыша.
Каб хоць крыху таксама сагрэцца.

Можа, купіць хто. Зжаліцца, можа.
Але што ні прахожы – дарадца.
А шчаняты скуголяць трывожна,
А шчаняты натоўпу баяцца.

Дома сучка на прЫвязі  вые,
Праклінаючы лёс свой лядачы.
А шчаняты такія ж малыя,
А на вуліцы холад сабачы.

Зноў Параска каляску люляе.
Не адмовіш бабулі у ласцы.
Ды ніхто у яе не купляе
Шчанюкоў у дзіцячай калясцы.

Просьбы поўныя іх вачаняты.
Там - святло! Не хацеў бы, -- прыкмеціш.
На людзей пазіраюць шчаняты
З нецярпеннем-даверам, як дзеці.

… Коўдра цельцы іх не сагравала.
Ім на сцюжы зусім не салодка.
І ляжыць нечапанае сала,
І вада замярзае на сподку.

Хваліць бабка тавар свой старанна.
Пакупнік навакол асцярожны.
Ды ніхто не купляе, хоць танна.
Хоць цаною цікавіцца кожны.

Цэлы дзень па базары вазіла
Шчанюкоў адубелых Параска.
Галасіла, спагады прасіла
На марозе траскучым каляска.

Праз нямогласць і цяжкую стому,
Праз нягоду няспешна і звыкла
Прыцягнула бабулька дадому
Свой тавар і  настроем панікла.

Выпускала маленькіх шчанятаў.
(Не крыўдуйце, такая нядоля.)
І вішчалі яны зухавата:
Буда, маці, жаданая воля!

Брамка ў плоце расчынена насцеж.
Сцежку ў буду яны не забылі.
І пішчалі, шалелі ад шчасця,
Што ніводнага з іх не купілі.

Як імчалі па снезе ў знямозе!
Ох, як есці яны захацелі!
... Сучцы зноўку не спаць у трывозе
Да наступнай базарнай нядзелі.

06.05.2014


Рецензии
Открыла стихотвоереие наугад и зачиталась.
Живое стихотворение, настоящее.

Рита Волкова   12.06.2014 01:30     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.