Раданiца

Зноў заспявалі шпакі па-над хатаю,
Лезуць цюльпаны з зямелькі на свет.
З кіем - старэчай нагой сукаватаю -
Сцежкай прамоклаю тупае дзед.
Сілай сваёю ці ласкаю Боскаю
Зімку сцягнуўшы, ўздыхае стары:
Там,  на самотным пагорку за вёскаю,
Жонка, сястра і суседзі-сябры.
Ён  жа ў тужлівыя ночы зімовыя
Марыў дажыць да чаканага дня:
У радасна-сумнае свята вясновае
Ў госці збярэцца нарэшце радня.
Дзень гэты сілай вышэйшай прызначаны,
Справы адклаўшы свае да пары,
Дзецям пабыць над магілаю матчынай.
Звычаю ўдзячны такому стары.
Проста разважыў па-свойму, старэчаму,
Сэнс яго мудры, глыбокі спасціг.
Гэта ж дарунак ад тых, хто ўжо вечныя,
Клопат памерлых аб родных жывых.
Тых, аб кім ночы і дні сіратлівыя
Трызніў, чакаў – дачакацца не мог,
Іх пасклікаюць магілы маўклівыя,
Змусяць наведаць бацькоўскі парог.
Шумам машын і нязвыклай гамонкаю
Двор перапоўніцца, аж загудзе,
Будзе стары з пацалункамі звонкімі
Рослых унукаў туліць да грудзей.
Сотняй навін за мінуты кароткія
Спешна падзеляцца наперабой,
Нібы малому, гасцінцы салодкія
Ссыплюць на стол  каляровай гарой.
Родным крыжам вінавата паклоняцца,
Чарку за матчыным   вып’юць сталом.
… Доўга махаць будзе ўслед за аколіцай
Дзед, нібы птах з перабітым крылом.
Зноў  сам-насам з апусцелаю хатаю,
У роце гарэніць салодкі прысмак…
Слёзы размажа далоняй  шурпатаю:
Марыў – дажыў, дачакаў… ці не так?..

   


Рецензии
Прыемна сустрэць выдатныя вершы на матчынай мове...

Татьяна Василевская 2   05.05.2014 10:58     Заявить о нарушении
Дзякую За аўвагу і за ацэнку. Асабліва парадавала "выдатныя"! )))

Клавдия Семеновна   05.05.2014 11:03   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.