Родная вёска
Вымыты ліўнямі жоўты пясок.
У шумным сусвеце на ўскраечку туліцца
Лесам акружаны ціхі куток.
Месца тут хопіць святому і грэшніку,
Людзі і ластаўкі ў згодзе жывуць.
За агародамі ў цёплым арэшніку
Ранняй вясною пралескі цвітуць.
Бабскае радыё ў хусце паношанай
Носіць навіны з двара да двара:
Вунь у Валодзіхі сена не кошана,
Ў Машы свінні парасіцца пара.
Насціны куры нясуцца ў малінніку,
Варка пякла на сняданак блінцы…
Цётка Улляна не мае гадзінніка -
Часу ж хапае ў абодва канцы
Весткі раздаць: хто пазычыў Паненчысе
Хлеба, дзе Мішка глынуў, з кім Навум
Пасвіў кароў…
Не экранныя нечысці
І не рэкламаў занудлівы тлум
Вабяць старых. Каля бэзаў загушчаных
Сцелецца ўвечар куродым сівы.
Гутаркай ціхай аб мілай мінуўшчыне
Вяжацца ўзор успамінаў жывы.
Збоку, нацешаны шумнымі гульнямі,
Ціснуцца ўнукі да казкі бліжэй,
Той, дзе бабуля была прыгажуняю,
Дзед быў на вёсцы ўсіх хлопцаў дужэй…
Родная вёска, садамі багатая,
Ростані, мокры і ўлетку Масток…
Ластаўкі ўюцца над бацькавай хатаю,
Ліўні палошчуць жаўтлявы пясок.
Госцю-мяне сустракае маўклівымі
Вокнамі, поўнымі прыкрай нуды.
Густа ўраслі самасейкамі-слівамі
Сонныя ўзмежкі, двары і сады.
Сцежкі вузеюць пад травамі чэзлымі,
І ля куродымаў майскіх густых
Кожнай вясною на лаўцы пад бэзамі
Ўсё прыбаўляецца месцаў пустых…
Жораў стары, непагодай паранены,
Стогне над студняй, бы згорблены дзед.
У светлым гародчыку бабіным Ганніным
Сыпле нябога каліна бел-цвет…
Зранку сям-там па-над соннымі хатамі
Сцелецца зрэдку лянівы дымок,
Цьмяна раз-пораз міргне слепаватымі
Лямпамі вечар у сцішаны змрок.
Жоўтых вяргіняў галоўкі самотныя,
Сціснуты плотам замшэлым, вісяць,
Асірацелыя шыбы маркотныя
Тоненька ў рамах струхнелых трымцяць.
Колькі шчэ вёснаў-сустрэчаў адпушчана
Вёсцы маёй, дзе бацькоўскі парог,
Сінім пралескам і бэзам загушчаным,
Родным такім?.. Толькі ведае Бог.
Свидетельство о публикации №114043003549
С огромным уважением автору - Лидия
Лидия Кондратюк 17.02.2015 11:19 Заявить о нарушении
Добра Вам и улыбок!
Клавдия Семеновна 17.02.2015 20:00 Заявить о нарушении