Паэма Листы да музыки

Вынік літаратурнага практыкуму, які сама сабе прыдумала.
Рыфмаваная біяграфія Міхала Клеафаса Агінскага.


ПРАЛОГ
Праз шэраг дарэмных, няшчырых гадоў
Мы неслі сваё незнаёмства.
Даслаць у мінулае колькі лістоў,
Мяркую, павінна я проста.
Лісты атрымае мае адрасат –
Павольна сабе разважаю –
Магчыма, і ў гэты ён час акурат
Стаіць за плячом і чытае.
Агульнага, ведаю, знойдзем мы шмат
У дзіўнай такой перапісцы –
Нашчадак і продак, зямляк і зямляк…
Вось толькі б адказу дабіцца.
“Патрэбна ў кнізе адказы шукаць!” –
Бліснула ў думках знянацку.
Глядзіш, не пагрэбуе сам падказаць
На вуха старонку па-брацку.

Выдатна! За кнігі! Папера. Пяро.
І ціхай мелодыі хвалі.
Пачуццямі поўніцца сэрца маё!
Здаецца, што мне адказалі…

ЛІСТ 1
Славуты зямляк мой! Пішу да цябе,
Нервуюся трохі, вядома.
Прашу прабачэння я, брат, за сябе,
Што доўга былі не знаёмы.
Што, маючы дзіўныя творы ў руках,
(Лічу ж сябе творцай таксама!)
Я мела нахабства не слухаць і – жах! –
Зусім не цікавіцца нават.
А сёння хаваю ў далоні, Міхал,
Пунсовыя шчокі і вушы,
Бо сорам, нарэшўе, мяне напаткаў,
І ў гэтым прызнацца я мушу.
Дазволь жа, Агінскі, прашу, хоць цяпер
З табой пазнаёміцца шчыльна.
А каб заслугоўваць высокі давер,
Я буду цярплівай і пільнай.
Як жыў, як тканіну мелодый ствараў –
Усё мяне вельмі цікавіць.
Як верыў, кахаў, спадзяваўся, шукаў,
І час як здаралася бавіць.

Бывай жа, зямляча, і, зноў жа, прабач.
Калі ж выбачаеш, адказам пазнач…

АДКАЗ 1 
Вітаю цябе, мой далёкі нашчадак!
Вядома, не мог бы я не адказаць.
Калі ўсталёўваўся новы парадак,
Цябе спрабаваў я, дзіця, уяўляць.
Скрозь мір і паўстанні, любоў і выгнанне,
У горах карпацкіх ці ўласных садах
І тварам, і сэрцам я вёў параўнанне:
Якім будзеш ты, мой далёкі зямляк?
Што зробяць стагоддзі з чароўным Залессем,
І стане якім Маладзечна маё?
Надзея з душы вылівалася песняй,
І замацоўвала прагу пяро.
Ну што ж, узгадаю жыцця свайго вехі,
Ды маю ўмову адну да цябе:
Пішы мне, што стала цяпер з чалавекам!
Пра нашу Радзіму, пішы пра сябе!

Тым часам, пачну. Сам я з роду літвінаў,
Хоць  дзядзька і польскім мог стаць каралём.
Калі зазірнуць у мінулае пільна,
Пачатак ад Рурыка мае наш дом.
Гісторыя прозвішча добра вядома:
Аднойчы Вялікі нам Князь дараваў
Маёнтак Агінту. Баярын Глушонак
Агінскім нарэшце тут звацца пачаў.

Мы з Польшчай жылі ў аб’яднанай дзяржаве,
Ёй Рэч Паспалітая назва была.
Мой бацька, Андрэй, справы вёў у Варшаве.
У Гузава, побач, убачыў свет я.

Мінула мне сем (то быў час небяспечны),
Прызначылі бацьку ў Вену паслом.
Ахову нам добрую далі. Дарэчы,
Сувораў з атрадам сам побач ішоў.
Годам раней майго дзядзьку адолеў –
Міхал Казімір за радзіму стаяў.
Праз дваццаць гадоў час майго будзе болю…
Пакуль ён ахоўваў нас, аберагаў.
Любіў ён дзяцей, і ўсё падарожжа
Нас спелымі яблыкамі частаваў…

У Вене цікава было і прыгожа,
Я адукацыю там атрымаў.
Мой гувернёр быў цудоўны настаўнік,
Ён імператара нават вучыў.
Вергілій, Гарацый,Тацыт – спіс чытання,
Што Жанам Ралеем  мне дадзены быў.

А музыка… Мне ўжо было тады восем,
Настаўнік Казлоўскі прыйшоў да сястры.
Я быў на занятках, дзе граў юны Восіп –
І ў бацькі дазволу вучыцца прасіў.
Адразу з “прафесарам” пасябравалі,
Цяпло захаваўшы на ўсё з ім жыццё.
А творы, што слухаў я разам з бацькамі,
Тады паскаралі маё развіццё.
І потым вучыўся ў музыкаў вядомых
На клавікордах і скрыпцы іграць,
У гукаў мастацтва быў змалку ўлюбёны,
Цудоўнейшым  мусіў за ўсіх яго зваць.

Такім я дзяцінства сваё ўспамінаю,
Цяпер выканання ўмовы чакаю.

ЛІСТ 2

Ізноў чырванею, губляю пяро:
Даруй мне, прашу, панібрацтва.
Высокага роду, ды з княскай крывёй…
Куды мне з табою раўняцца!
Напэўна, не стаў ты б са мной размаўляць,
Каб нам у мінулым сустрэцца!
Пра род свой не буду і распавядаць,
Бо ён ніадкуль не вядзецца.

А дзе нарадзілася, то напішу:
Былое тваё ўладанне,
Тваё Маладзечна, і шчыра кажу,
Радзіме няма параўнання.
І хто, як не ты, падтрымае мяне,
Што, дзе б вандраваць ні прыйшлося,
І колькі  б ні бачыў дзівосаў, людзей,
А лепш за сваё не знайшлося.

Даведацца, мабыць, прыемна табе,
Што горад квіце і буяе,
Што помнік – у бронзе выява цябе –
Выдатна яго аздабляе.
Музычнае побач вучылішча з ім
Імя тваё носіць таксама,
І з вокан яго, каляруючы дні,
Ліюцца музычныя гамы.

Няхай падарожжы твае для мяне
Амаль недасяжная мара,
Затое праз кнігі дзяцінства мае
І сёння па свеце лунаю.
У школе маёй не было каралёў,
Ды тыя, хто там навучалі,
Не горш за Ралея дваранскіх сыноў
Пры выпадку б адукавалі.
Да іх я любоў, захапленне сваё
Нясу праз жыццё непарушна.
Стварыўшыя сэрца і слова маё –
Іх славіць няспынна я мушу.

Што тычыцца музыкі – сорам і тут:
Не скончыла я гэтай школы.
Калі ля вучылішча часам іду,
Гучаць успаміны наўкола.

Ды хоць атэстат не прыйшлося трымаць,
Настаўніца ўсё ж дамаглася:
Цяпер не магу я не йграць, не спяваць,
Бо музыка з сэрцам злілася.

Я слухаю твой паланез соль мінор.
Яго прыгажосць – мне маўклівы дакор.

АДКАЗ 2

Дзіця! Не патрэбна табе хвалявацца,
Паходжанне – гэта далёка не ўсё.
Высакароднасць, вядомасць, багацце –
Толькі магчымасць, не болей таго.
Сэрца жывое, стараннасць і талент –
Вось неабходнасць для творцы заўжды.
Можна для прыклада ўзяць Леанарда –
Сакратаром у мяне ён служыў.
Дзеля яго я зраблю адступленне
(Ведаў яго ў пажылыя гады).
Ты пагадзішся са мною, напэўна:
Гэта не чыніць вялікай бяды.

З прозвішчам Ходзька ёсць талентаў многа —
Тапограф, пісьменнікі ці дыпламат.
Гэты ж быў добраю мне дапамогай:
Трымаў у вандроўках і запісах лад.
Збіраў ён гісторыю розных народаў:
Сто дваццаць пять  кніг – унушальны камплект.
І сам, да таго ж, добра словам валодаў:
Біёграф, гісторык і нават паэт.
Паэма “Залессе”! Сядзіба, як побач!
Не толькі ў слове яе захаваў –
Паўночных Афінаў малюнак вядомы
Табе б вельмі жыва яе паказаў.
Яшчэ выдавецтвам займаўся ўдала,
Калі я пакінуў ужо гэты свет.
Ён выдаў, дарэчы, мае мемуары
І многае іншае – цэлы букет.

Час-чарадзей расстаўляе на месцы
Арыстакрата і сакратара.
Той у гісторыі з іх застаецца,
Хто заслугоўвае гэтага сам.
Пашана і помнікі цераз стагоддзі
Многа каштоўней таго ж пры жыцці.
Доўгажыхарства паэм і мелодый –
Лепшага помніка нельга знайсці.


Але ж,  дастаткова. Прабач, захапіўся.
Нарэшце, працягваю свой жыццяпіс.
Я, зразумела, старанна вучыўся,
Многа карысных набыў тады рыс.
Так, размаўляў я на некалькіх мовах,
Гісторыю ведаў і многа чытаў,
На некалькіх граў інструментах, вядома,
Нядрэнна яшчэ, да таго ж, маляваў.

Рана сваю пачынаў я кар’еру –
Так у Агінскіх заўсёды было.
У дзевятнаццаць  паслом быў у Сейме,
Праз пяць гадоў –  зноў абраны паслом.
Стаў у той час камісарам скарбовым,
За тапаграфію ўзяўся якраз.
Мечнік літоўскі – усё тым жа годам…
Карту мяжы я стварыў у той час.

Вось дваццаць пяць мне, нарэшце, мінула,
І з даручэннямі ад караля,
Амбасадар, па Еўропе вандрую.
Галандыя, Англія  –  справа мая.
Там пазнаёміўся з Моцартам, Гайднам,
Чуў Паганіні і іншых тады.
Браў там урокі, канечне, старанна
У знакамітасцей тыя гады.
Лондан наведваў. Сям’і каралеўскай
Быў я прадстаўлены ў гэтыя дні.
Памятаю абаяльнасць прынцэсаў,
Хоць не былі мілавідны яны.
Там іншаземцы былі не ў пашане:
Хто ў замежным адзенні ішоў –
Локцем чаплялі, а часам і пхалі…
Мусіў насіць толькі лонданскі  крой.
Слухаў спадарыні спеў Марычэлі –
У італьянскім тэатры бываў,
Праўда, пілі там  не менш, чым і пелі,
Кралі… І зал недарэчы пляскаў.
Быў там і на афіцыйных прыёмах:
Дзве там гадзіны ў пробцы стаяў,
Яшчэ дзве гадзіны – людзей вакол поўна,
Нарэшце, стамлёны, адтуль выязджаў.
Сэнс? Запрашэнне, напоўп, экіпажы –
Толькі павіннасць патрэбна адбыць.
З гаспадарамі ж прыёму ні разу
Не давядзецца там пагаварыць.
Можа, крыху і занадта я строгі,
Можа, адносіцца трэба мякчэй…
Толькі дадому цягнулі дарогі,
А не ў натоўп незнаёмых людзей.

Час маладосці, вандровак і славы…
Скончу пакуль на мажорнай я хвалі.
   
    ЛІСТ 3
Так, сапраўды, ты ў мажоры пачаў,
Княжа, жыццёвы аповед.
І да цікаўнасці гонар дадаў:
Ведайце нашых, панове!
Гэтак і сёння бывае падчас:
У навучэнні заўзятых,
Адукаваных нямала і ў нас,
Талентаў юных багата.
Так, урадлівая наша зямля
На годных нашчадкаў, бясспрэчна.
І нездарма, маю ўпэўненасць я,
Маем з табою сустрэчу.

Важна жыццёва для кожнага з нас
Трымаць пераемнасць заўсёды,
У пакаленнях яе захаваць,
Памятаць, скуль ты і хто ты.
Ведаеш, здольных, найлепшых заўжды
Звабіць спрабуюць старанна.
Каб не было ад тых спробаў бяды,
Мець карані трэба зрання.
Слаўны, вядомы ты дома, ці не,
Бязродны або радавіты,
Агінскага ўзор: хто б ні клікаў цябе,
Які б ні давалі прыбытак,
Туга апануе там многа разоў:
На велікасвецкіх прыёмах,
У ложах тэатраў, а з цягам часоў –
І ў каралеўскіх пакоях.

Дзе ні працуеш і дзе ні жывеш,
Ад сэрца няма паратунку.
Добра ў гасцях, на радзіме найлепш –
Маем ад продка навуку.

Ці давялося ўсё ж трапіць дамоў?
Што на радзіме ты, пане, знайшоў?

    АДКАЗ 3
Папраўдзе, з прычыны сямейных абставін
Да тэрміну здолеў вярнуцца дамоў.
Дзядзьку з маёнткамі дапамагаў я,
Калі знікла з карты краіна бацькоў.
Страціў спачатку надзею часова,
Дзяржаўнасць, здавалася, не аднавіць.
Бачыў Пацёмкіна я ў Магілёве
І абяцаў Кацярыне служыць.
Ды Канстытуцыю ўсё ж абвясцілі –
Я, зразумела, той рух падтрымаў.
Хутка  царыца яго задушыла –
У Рэч Паспалітую войскі ўвяла.

Што ж, мы прайгралі. Я быў пакараны –
Канфіскавалі ўладанні ў Літве.
Мусіў у Прусіі жыць эмігрантам,
Вырашыў потым вярнуць іх сабе.
Дзіўна, што большую меў я знявагу
Ад суайчыннікаў – Вільна і Брэст,
А ў Пецярбургу прынялі няблага,
Быў папулярны там мой паланез.
Так,  паланез фа мажор.  У сталіцы
Танчылі ўсе пад яго кожны баль.
Быў я прадстаўлены імператрыцы –
Сустрэла паважліва, ветла амаль.
Каб уладанні вярнуць, давялося
І з фаварытам размову вясці.
Зубаў, нарэшце, вярнуў мне маёмасць,
Некалькі ён прапаноў абвясціў.
Першая з іх – мог трымаць кіраванне
Там над уласнасцю я караля,
Мог апякаць Радзівіла – ён брат мне…
Трэцюю ўсё ж прапанову абраў.
Выбраў сабе месца службы ва ўрадзе:
Падскарбій літоўскі – пасада мая.
Належала гэта паслуга аплаце –
“Зубаўскі хабар”  меў выплаціць я.

З гетманам блізка сышоўся літоўскім –
Сваяк мой, Агінскі Міхал Казімір.
Помню сардэчнасць я нашых адносін,
Блізасць апошнія дзядзькі гады.
Ішоў яму год ужо шэсцьдзесят пяты,
Калі ён адмовіўся ад булавы,
І, каб палегчыць нямоглую старасць,
Скончыў свае ў Фларэнцыі дні.

Тым часам ужо паліцэйскі парадак
Усталяваўся ў Варшаве тады.
Сталі арышты звычайнаю справай,
І гэтак трывалі амаль два гады.
Калі ж і за войскі ў Польшчы ўзяліся,
Запатрабоўвалі іх скараціць,
Тыя адмовіліся, узняліся,
Павёў генерал іх з Касцюшкам злучыць.
Вось афіцэр – добры мужнасці прыклад:
Вопыт набыў ён яшчэ ў ЗША,
За незалежнасць змагацца ён звыклы,
Вольнае сэрца, героя душа.

Мне дваццаць дзевяць. Ваганняў не маю.
У Нацыянальны абраны савет.
Конных стралкоў полк уласны ствараю
І ахвярую для розных патрэб.
Пад Івянцом б’юся я са стралкамі:
Вішнеў, Валожын – мы б’емся ізноў.
Вылазкі ў тыле – то мы партызанім.
Маршы ствараю для духу байцоў…

Толькі ахоўнік дзяцінства Сувораў
З фронту турэцкага ўсё ж падышоў,
І разам з чарговай яго перамогай
Паўстанню, нарэшце, канец надышоў.
Касцюшка паранены і ў палоне,
Вільню ўзялі, а што да мяне,
За галавою маёю пагоня,
Сібір – проста жарт за ўдзел у вайне.
Разам са мною паплечнікаў двое,
Служак нам выгляд прыйшлося прыняць,
І з дапамогай спадарыні Солтан
Гэтак у Вену хутчэй уцякаць.

Чакала ўжо там мяне Ізабэла,
Самаахвярная жонка мая.
Колькі яна за мяне пацярпела!
Жыў пад чужым тады прозвішчам я,
Знішчыў яе рэпутацыю гэтым,
Вышэйшы нахабна ёй свет пагарджаў…
Як жа! Жыве з маладым чалавекам,
Шлюбу не ўзяўшы. Вось сорам! Скандал!
Што засталося ў мяне ад багацця?
Некалькі соцен дукатаў, не больш.
Мусілі мы па Еўропе бадзяцца
Без дапамогі. Трымаліся ўсё ж.

Раз у Венецыі ліст атрымалі:
Сувораў бяспеку мне паабяцаў.
Іншы даслаў  мне Літвы губернатар,
Да Кацярыны пісаць падказаў.
Пісаць ёй дагодліва, нават пакорна
Прапанавалі спакуснікі мне,
Вярнуцца і жыць у дастатку спакойна –
А ў Пецярбургу – Касцюшка ў турме!
Лепей выгнаннік, ды з чыстай душою!
Выбраў свой шлях і па ім я ішоў.
Мы не маглі працягнуць ужо двое –
Жонку да бацькі адправіў дамоў.

Кошт за любоў да Радзімы – выгнанне…
Няма ні раскаяння, ні шкадавання.


    ЛІСТ 4
 Дзе сэрца палае, там творчасць жыве,
Там ззяюць натхненнем матывы.
Сведкамі гэтаму – маршы твае
І песні твае баявыя.

Доўга лічылі, што аўтар народ
Музыкі польскага гімна,
А пасля доследаў – наадварот,
Ведаем: аўтар – адзіны.
Высокага класа прафесіянал,
Вядомы музыка, дарэчы,
Ён князь і паўстанец, Агінскі Міхал…
Цудоўная, пане, сустрэча!
Родам – літвін, нараджэннем – паляк,
Пад плён тваіх рук сёння смела
Пра Польшчу спявае суседзяў зямляк,
Што “ешчэ” яна “не згінэла”.

Пасады, вядомасць, нарэшце, спакой
Аддаць без ваганняў, баюся,
Мала хто здолее ўслед за табой.
Самаахвярнасць…  Дзіўлюся:
На шляхам забруджаны потны мундзір
Усе замяніць туалеты,
На тое, дзе ўжо пацярпеў Казімір –
Выгоды вышэйшага свету.

Палітык, асветнік і  цёзка  – Міхал,
Не дзіва, што  вы з ім сышліся:
Падобны пачатак, і шлях, і фінал...
Імёны вам Небам даліся.
Гетман літоўскі, пасол караля,
Пабіты паўстанец,  выгнаннік…
Вяртанне ў Слонім. Музычны тэатр
Ды будаўніцтва канала.
Фабрыкі, друк і культура квітуць
Побач з Агінскімі ўсюды.
Як жа было вам не пасябраваць,
Аматары музыкі цуда?
Два слаўных продка – Міхал і Міхал,
Суквецці адзінага бэзу…
Ці не пад гэтым уплывам пісаў
Першыя ты паланезы?

Аднак, як ты жыў у выгнанні далей?
Працягвай аповед, прашу я хутчэй!

  АДКАЗ 4
Кругом небяспека. За мной назіралі.
Але ўсё роўна я зносіны меў
З тымі, што ўпарта надзей не гублялі…
У Канстантынопаль даслалі мяне.
Трэба было падштурхнуць яшчэ турак,
Каб на Расію напалі ізноў.
Тыя адрэагавалі панура –
Згубіў паўгады я. Нарэшце, пайшоў.
Купцом, у абліччы француза Мартэна
Выйшаў  адтуль на бясконцы абшар.
Світа маленькай была, ды надзейнай:
Палякі ўдваёх і адзін янычар.
Балканскі хрыбет перайшлі мы па сцежках,
Навокал мяне лютавала чума…

Жанчыны ў Балгарыі – дзіва, канечне:
Кожная з іх – элегантнасць сама,
Ва ўсіх ланцужкі залатыя звісаюць,
Проста ўздоўж шчок іх чапляюць яны.
А Бухарэст – той прасторай здзіўляе.
З гліны і дрэва ўсе там дамы.

Вестку пра смерць Кацярыны-царыцы
Я ў Малдавіі ўжо атрымаў.
Вызваліў Павел Касцюшку і іншых –
З радасцю гэту навіну прыняў.

Доўга было да канца падарожжа:
Горы Карпацкія мусіў прайсці.
Праз снегапады,  рыпучым марозам
Мне давялося з натугай  ісці.
Потым – Галіцыя, Львоў, потым Кракаў,
Потым – Берлін і Парыж – мой фінал.
Напалеону прадстаўлены я там,
І з Талейранам крыху размаўляў.
Той даў параду вяртацца дадому,
На дапамогу надзей не было.


Праўда, паверыў я Напалеону,
Што Рэч Паспалітую вызваліць ён.
Я прысвяціў яму оперу нават,
 “Зеліс і Валькур” – гэта назва яе.
У алегорыю выліў я мары,
Што абяцанне ён здзейсніць свае.

Грошы былі на той час на зыходзе,
Трэба ў Польшчу мне трапіць было.
Дзякую жонцы, яе дапамозе:
Стала магчыма вяртанне маё.
Клопату зноў ёй даставіў нямала,
Выбіла ўсё ж яна гэты дазвол.
Частку, што Прусія акупавала,
Зноў змог наведаць калішні пасол.
У той жа, што мела Расіі найменне,
Права не меў ужо болей я быць.
Так, без граша ў дваранскай кішэні,
Стаў у маёнтку я цесцевым жыць.
Шлюб мой да гэтага часу распаўся…
Павел мяне ў Літву не пускаў.
Ён быў забіты, і вось, дачакаўся:
Цар Аляксандр яго месца заняў.
Вагу пры ім меў Адам Чартарыйскі,
Многім ён з нас прабачэнне здабыў.
Ліст напісаў я, з царом памірыўся,
У Гродне яму прысягнуў. Уручыў
Мне пашпарт, дарэчы, нядаўні супернік,
Бенігсэн – ён не пусціў нас на Мінск.
Сустрэўся з царом я і з тым Качубеем,
Які дасылаў па слядах мне лісіц.

Францішак Ксаверы, стрыечны мой дзядзька,
Якому з маёнткамі дапамагаў,
Меў усялякага многа багацця,
Толькі дзяцей яму Бог не даваў.
Мабыць, таму праявіў такі клопат,
У Маладзечне мяне ён прыняў,
А цераз колькі гадоў, ужо потым,
Яго ўладанні я  ўспадкаваў.

Шмат намаганняў цяпер прыкладаю,
Справы каб усталяваць пакрысе.
Дома, нарэшце. Маёнткі вяртае
Мне імператар паціху ўсе.

Скончым на гэтым гарачнасць паўстанняў,
Сорам уцёкаў, ганебнасць  блуканняў.

    ЛІСТ 5
Род старажытны, багацце ты меў,
Талент, вядомасць, прызнанне…
Жыў бы ў пашане, ствараў, зіхацеў
Па-за палітыкай, пане!
Аднак ты з сумненнем спрачацца не стаў
І выбраў кірунак адзінства:
Дзе сэрца тваё, там была і рука –
І гэта ў духу Агінскіх!
Сучаснік твой, Пушкін, мог падагульніць
Гісторыі так павуцінне:
Музыкам ты можаш сабе і не быць,
А грамадзянінам – павінны.

Наконт Маладзечна магу я сказаць,
Што памяць жыве дабрадзея.
Заўсёды тут будуць таго паважаць,
Хто справы асветы тут дзее.
Мы ведаем, хто нам падмурак заклаў
Адукацыі тут прафесійнай,
Што сродкаў нямала ты выдаткаваў
Для гэтае справы карыснай.

Бабруйск. Там гімназія ў  заняпад
Прыйшла. Ты дачуўся, канечне,
І, не пабаяўшыся высілкаў, страт,
Адправіў яе ў Маладзечна.
Выпадак гэты нам сведкай цяпер,
Кажа ён нам красамоўна,
Што пачуццё асаблівае меў
Ты да майго, княжа, дома.

Значыць, цікава табе прачытаць,
Што тую гімназію можна
Нашай музычнай вучэльні назваць
Якраз папярэдніцай гожай.
Яна не ганьбуе, Міхале, цябе,
У Беларусі  –  з найлепшых.
Годных рыхтуе яна і цяпер
У свет выхаванцаў, дарэчы.
Свята шануе цябе тут народ,
Дбае аб нашай культуры.
Памятнай дошцы тут шмат ужо год,
З пачатку стагоддзя – скульптура.
Ведаў бы ты, як узнікла яна!
На рамантычным уздыме,
Без аніякіх загадаў улад
Скульптар знайшоўся адзіны,
Адзіны з усіх не ўцякаў перашкод,
За працу адказную ўзяўся,
Падняўся за ім у натхненні народ
Каб мару нясці ў рэальнасць.
Міншчына ўзрушылася тут уся,
Ну і, найперш, Маладзечна.
Установы і школы, улада, сям’я –
Ахвяравалі сардэчна.
Нават бабулькі старэнькія, князь,
Кранальна прасілі вучэльню
Дадому да іх навучэнцаў даслаць,
Каб ім перадаць зберажэнні.
Дзяржава й грамадства, асоба і свет –
Усе падняліся агульна,
Каб продак-музыка, палітык-паэт
Сябе пачуваў тут утульна.

Пад гукі чароўных мелодый сваіх
Ты стаў на гранітнай калоне.
Усмешкі мужчын і жаночы ўсхліп
Цябе сустракалі нястомна…

Лістом спадзяюся цябе ўсцешыць я,
Вось так, мой паночку. Цяпер – да жыцця?


   АДКАЗ 5
Падараваў мне Францішак Ксаверы
Месца, дзе вельмі жадаў бы я жыць,
Ды не адразу яго здолеў дзверы
Пасля эміграцыі ўсё ж адчыніць.
У Пецярбург падарожнічаць мусіў
За справядлівасцю колькі разоў.
Дзядзькаў маёнтак, што на Белай Русі,
Гэтай складанасці не абышоў.

Але ж, адбылося. Я еду ў Залессе—
Нашага роду ўласнасць даўно –
Час настае будаўніцтва і песні,
Домам маім стаць павінна яно.
Мне трыццаць сем. Я нястрымна імкнуся
Надаць дасканаласць сядзібе сваёй.
Тут я на многа гадоў застануся –
Перабудова спатрэбіцца ёй.

Новы палац сем гадоў будаваўся:
Вылучыў порцік галоўны ўваход,
Вежа з гадзіннікам тут узнялася,
Аранжэрэі былі з двух бакоў.
Што ўнутры? І жылыя пакоі,
І для гасціных там месца было,
Мноства змясцілася там і салонаў,
Ды інструменты стаялі вакол.

Сад батанічны меў многа дзівосаў,
Добра звярынец яго дапаўняў.
Паркам займаўся я вельмі сур’ёзна,
Яму рамантызм, натуральнасць надаў.
Многа было зацішных там куточкаў,
Месцаў патайных, альтанак, масткоў.
Кітайская пагада, быў павільёнчык
Грэцкага стылю. Было й камянёў:
Памятны камень у гонар Касцюшкі,
Жану Ралею паставіў другі…
Прыйшоўся англійскі тут стыль вельмі слушна.
Распасціраўся наш парк да ракі.

Я палюбіў гэта месца душою.
Вільня, Парыж, Пецярбург, або Рым –
Многа дзе быў, толькі абавязкова
Я з падарожжаў вяртаўся сюды.
Колькі ў гэтых пакоях, альтанках
Абмеркавалі з сябрамі навін!
Жонку другую сваю, італьянку,
Я, зразумела, сюды пасяліў.
Зачаравала Марыю Залессе,
На маразы не зважала яна.
Маршы, мазуркі мае, паланезы,
Вальсы таксама – іх тут пісаў я.
Італію разам з радзімай спрадвечнай
Мне давялося ў рамансах злучыць.
Большасць , дарэчы,  на ўласныя вершы
Здолеў, між іншым, я тут іх стварыць.
Тут для дачок, для Амеліі з Эмай,
Творы складаў  я у чатыры рукі.
Бо, як і сын мой, Францішак Ксаверы,
Граць і пісаць спрабавалі яны.
Тут пачынаў я свае “Мемуары”,
Яшчэ рукапісную працу  пачаў:
Пісаў па-французку. Удакладняю,
“Лісты” ёй  “пра музыку” назву я даў.

Так, літаральна сваімі рукамі,
Я адбудаваў радавое гняздо.
Заканамерна,  што, ў рэшце рэшт, славу
Паўночных Афінаў здабыла яно.

    ЛІСТ 6
Лісты да музыкі нашчадак пачаў,
Таго ж і ў думках не мае:
“Лісты” той “пра музыку” сам напісаў!
Вось як мы часам трапляем!
Такіх сутыкненняў нямала было:
Калі пра цябе прыгадалі,
Усведамілі: дзень смерці тваёй!
Вось сябры, паразмаўлялі!
Б’юцца талеркі ў кватэры путой,
Пішуцца вершы ўночы…
Час услаўлення ідзе, наш герой,
Гэтым і вецер грукоча.
Шукаюць аматар, прафесар і клерк
Звесткі пра пана, канечне –
І з Польшчы ў Залессе імчыць чалавек,
З Фларэнцыі – у Маладзечна.

Цікавы ў Кракаве знойдзены збор,
Альбом твой сямейны, дакладней.
Там не адзін найцікавейшы твор
Сабраны сям’ёй тваёй, пане.
І рукапісы, і выданні тут ёсць
Твае, і дачок ёсць, і сына.
Дык вось, як гучалі твае, ягамосць,
Вядомыя ўсім вечарыны!
Момантаў шмат ажывіў дарагіх
Гурток у Залессі “Альтанка”:
Дзеці пранеслі праз князя шляхі
Іх ва ўласным спектаклі.

І вось што яшчэ ў архівах знайшлі:
Рукапіс свята ў Залессі,
Свята ў гонар тваіх імянін –
Вось дык размах, проста песня!
Дзейных асобаў – каго там няма!
Рыбак, капітан, афрыканцы,
Войт, еўрапеец, мясцовы люд…  Да,
Вучыся, сучаснае панства!
Тэатр і музыка побач ідуць
У гэтым відовішчы даўнім…
Мы марым жыццё ў яго ўдзьмухнуць,
І гэта ўжо сёння рэальна.

Адна з найярчэйшых на матчыне зор,
Скарбніца, чым не цуд свету?
Гэта сядзіба – наш гонар, узор,
І гаспадар ёй – легенда.

Гэта ўзнімае і грэе душу…
Будзь жа ласкавы, працягвай, прашу.

   АДКАЗ 6
Меў і ў палітыцы я сваю ролю,
Нават пасады ізноў атрымаў.
У сорак пяць я – сенатар, і, болей,
Тайным саветнікам нават я стаў.
За ўсё, што зрабіць у Расіі змог лепшым,
Узнагароды займеў я тады:
Ордэн святога Ўладзіміра – першы,
І Аляксандр Неўскі – другі.
Былі ў адносінах мы з Аляксандрам
Вельмі прыязных, амаль што сябры.
Меў я праект аднаўлення дзяржавы,
Толькі не ўсё вырашаюць цары.
Ён быў не супраць зрабіць аўтаномным
Княства Літоўскае, даць яму сойм,
Каб у Расіі нам жыць самастойна.
Мы скасаваць планавалі прыгон…
Толькі ўбачылі ў гэтым пагрозу
Кансерватыўныя колы, нажаль.
Трэба было марыць болей цвяроза…
Крыху ж атрымаў прывілеяў наш край.

Мы вандравалі падчас па Еўропе,
Быў суразмоўцай мне Напалеон.
Вынес з размоў тых карысны я вопыт:
Не варты надзеі на лепшае ён.
Так несур’ёзна паставіўся цалкам
Да аднаўлення дзяржавы, што я
Вырашыў не давяраць абяцанкам,
Боку дыктатара не абіраў.
Побач з царом я знаходзіўся ў Вільна –
Там і заспела нас гэта вайна.
Чэрвень дванаццатага – адступілі,
Рушыў за арміяй следам і я.
У Пецярбургу чакаў перамогі,
Не раз сустракаўся з Кутузавым там.
(Дома ж такі анекдот: там з дарогі
Сам Банапарт учыняе прывал.
Ды на каміне надрапвае словы:
Упершыню ён, маўляў, тут прайшоў.
Нехта з Кутузава світы выслоўе
Пасля дапаўняе: “Апошні з разоў” ).

Страціў палітыкай сэнс я займацца,
Бо й па вайне згоды не атрымаў.
Зноў у Залессе я рады вяртацца,
Тут адыходжу паціху ад спраў.
Ціхая плынь светлых дзён у “Афінах”!
Сям’я, ды сябры, ды мелодый палон!
Пяшчота садоў, адчуванне Радзімы!
Шчасце, натхненне і творчасці плён!

Тых пяць  гадоў – незабыўная мроя…
Толькі пад небам сканчаецца ўсё.
Кат мой – падагра – з’ядае здароўе,
І патрабуе ад’езду жыццё.
Доўга я мучыўся гэтаю думкай.
Нават пракраўся ў марш гэты стогн.
(Праўда, маю ацанілі пакуту –
Попыт ён меў. У свой хатні альбом.
Марш той нярэдка паненкі змяшчалі,
Бо прыгажосць у пачуццях знайшлі…).
А цераз год напісаў я Тэстамент,
Каб забяспечаны дзеці былі.

Паклапаціўся пра ўсіх, зразумела
(Дзеці ж ад кожнага шлюбу – мае),
Чатыры гады – і няўмольнае цела
Клімат змяніць прымушае мяне.
Цяжкім было развітанне з Радзімай…
Хоць пакідаю ласкавы прастор,
Я застаюся навекі літвінам!
Сведкаю мне – паланез ля мінор.
Многа я марыў зрабіць для Айчыны…
Вынікам меў – абяцанні рэформ.
Што ж, пакідаю маёнтак гасцінны
І ад’язджаю ў апошні свой дом.

Дзе ж будзе больш міласэрнай стыхія?
Я выбраў, нарэшце, радзіму Марыі.

    ЛІСТ 7
Ты, без сумненняў, сапраўдны літвін,
Хто паспрачаецца з гэтым?
Каб паланез твой быў толькі адзін,
І тут мы сказалі бы: верым!
Назву цудоўную ён атрымаў
У паўстанні трыццатага года:
“Развітаннем з Радзімаю” звацца пачаў,
Сэрца ўсцешваў народа.
Той паланез праз стагоддзі збярог
Сваю прыгажосць, вылучальнасць.
Гімнам бы стаць беларускім ён мог,
Не згасае яго актуальнасць.

Словы не раз спрабавалі пісаць
Паэты да гукаў натхняльных…
Нядаўна ў архіве змаглі адшукаць
Два тэксты – зноў плён “Развітання”.
Іх Караткевіч, наш класік стварыў
Для ансамбля імя твайго, пане.
Час няўмольны схаваў іх, згубіў,
Каб зноў адбылося спатканне.

Думкі сцішаюцца, сэрца трымціць
У захапленні, Міхале,
Твой паланез ля мінор так гучыць,
Што за жывое кранае.

Ты – мой зямляк, за любою мяжой!
Я, як і ўперад,  сачу за табой.

   АДКАЗ 7
Дрэздэн, Парыж… Год мінуў, і нарэшце
Я ў Фларэнцыі скончыў свой шлях.
Там пасяліўся ў прыгожым прадмесці
З назвай Фьезоле. Са мною сям’я.
Мы ў экіпажы рабілі вандроўкі,
І, як і іншыя, многа разоў
Спыняліся на Мікелянжэла плошчы,
Каб панараму пабачыць ізноў.
З часам сям’я ад’язджае ў Залессе,
Мне ўжо не дадзена гэта, нажаль.
Толькі адзін сакратар застаецца,
Ну, а з забавак – вячэра ды баль,
Што ў князя Баргезэ здараліся часам.
Граў я ў салоне Расіі пасла,
Акампаноўваў уласным  рамансам,
Жонка ж яго мне вакалам была.
Часта прымаў я сяброў, зразумела,
І перапіску я з імі трымаў,
Вестка, што з дому сюды даляцела,
Мне дарагою ўцехай была.

Многа тут новых ствараю мелодый,
Якіх? І вакальны твор, і паланез.
Шмат выдае іх Джавані Рэкордзі,
Мой сябар, вядомы ўсім выдавец.

Скончыў праз колькі гадоў “Мемуары” –
Ходзька ў Парыжы іх выдаў тады.
Твор той з высокай адзнакай прынялі,
Нямала выданняў ён меў праз гады.

Дзеці сталеюць зусім непрыкметна,
Вось маёй Эме семнаццаць ужо.
Упершыню дасылаю прыветны
Ліст да далёкай дачушкі маёй.
Пішу ёй, як моцна любіў іх заўсёды,
Прашу аб матулі больш клопату мець,
Радасць прыносіць ёй з кожнай нагоды,
Даказваць удзячнасць сваю ёй умець…

Гэтак пісаў я да Эмы вясною
Ліст у Залессе, а восенню той
Замужжа яе разлучае з Літвою,
Зноў птушаня пакідае гняздо.

Рукапіс скончыў “Лістоў” неўзабаве.
Падагра ўсё больш катавала мяне.
Вось суцяшэнне: праз час завіталі
Доўгачаканыя госці мае.
З іх Адынца сустракаў я і дома,
Нас Ходзькаў сябар наведваў не раз.
Быў жа з Міцкевічам толькі знаёмы
Па кнігах, што меў асалоду чытаць.
Гэту паэзію Ходзька з Парыжа
Мне неаднойчы сюды дасылаў –
І палягчэнне штодзённага крыжа
Ды забыцце даравала яна.
Бачыў і потым я добрых знаёмых
(добрая ўцеха ў сталыя гады),
Партыя ў шахматы – вынік размовы
Нашай з Адамам амаль што заўжды.
Потым Міцкевіч у новай паэме
Сваёй “Пан Тадэвуш” успомніць мяне…

Я ж ад хваробы не маю збавення,
Ды ўспаміны катуюць мяне.
За выключэннем нячастых імгненняў,
Я – адзінокі, стары ўжо князь.
Лёс пакідае мне памяці рэха,
Што аднаўляе ў сэрцы той час,
Калі мы былі ў Залессі ўсе разам,
Дзеці прыходзілі бацьку абняць.
Тулячы іх да сябе, кожным разам
Мог блаславенне сваё я даваць.
Сум застаецца мне з цяжкай тугою
Аб недасяжнасці гэтых хвілін:
Дзеці па свеце раскіданы… Гора:
Я, каб вярнуцца, занадта стары,
Надта прыгнечаны недамаганнем,
Каб мець надзею яшчэ раз сабраць
Каханых дзяцей, на якіх так жадаў я
Старасць нямоглую  абапіраць.

Прабач, я спынюся, дзіця, на хвіліну,
Бо цяжка узгадваць мне гэту часіну.
    ЛІСТ 8
Княжа! Балюча мне нават чытаць
Радкі пра тваю адзіноту!
Як жа ты мог гэту горыч трываць?
І ўявіць невыносна…
Не можам мы загадзя ведаць пра ўсе
Нязносныя выбрыкі лёсу.
У нашай ж уладзе – ісці пакрысе,
Глытаючы крыўды  ды слёзы.

Удалечыні ад радзімы, сям’і
Складана пакуты палегчыць.
Творчасць – вось лекар зусім неблагі,
І гэта ўзор твой падцвердзіць.
Так і пакута прыносіць свой плён
У жывасці гука і слова.
Мелодыі сэрца бяруць у палон,
Ад кнігаў – дранцвееш  часова.

Хоць мала з тваіх “Мемуараў”, нажаль,
Вытрымак я сустракаю,
Затое і тыя, што сёння знайшла,
Сэрца з падзякай прымае.
Засеяна глеба насеннем  малым,
Цікаўнасць з яго ўзрастае,
Прыязнасць за ёй расквітае затым,
Сімпатыі водар лунае.
Спее да продка пашана, любоў,
Жаданне сустрэчы, знаёмства…
І вось, у мінулае колькі лістоў
Даслаць і магчыма, і проста.

Я ведаю, будзе апошнім твой ліст.
Але не спыняйся, сканчай жыццяпіс.

   АДКАЗ 8
Апошні мой год. У Фларэнцыі  Эма!
Эма! Разлука на дзесяць гадоў!
То не сустрэча, знаёмства, напэўна –
Усё ўпершыню адбываецца зноў.
Шпацырую ўпершыню я з табою,
Першы абед мне даеш ужо ты,
І па Фларэнцыі кружаць, як мроі,
Нашы кароткія птушкі-лісты.

Меў я два месяцы радасці гэтай,
Ды ў падарожжа ўжо едуць яны.
Непагадзь… З болю не бачу ўжо свету.
Зноў застаюцца мне толькі лісты.
Горшае зрок, не заўсёды ўжо маю
Сваёю рукою магчымасць пісаць.
Мучыць хвароба мяне, вымушае
Часам лісты мае і дыктаваць.
Эме пішу я, што быў у тэатры
(Раз у паўгода – такі інтэрвал),
Што пошта й газеты – адзінае свята,
Што тройчы на тыдзень раблю ў горад я
Экскурс за гэтым хоць задавальненнем,
Захоўваю стыль жа ў вёсцы жыцця.
Пішу, што ад суму не маю збавення,
Што доўжыцца час мне без краю-канца.

Цераз паўгода, у верасні толькі
З мужам вяртаецца Эма сюды
Ды падсалоджваюць лёс яны горкі –
Гелена, дачка, нараджаецца ў іх.
Некалькі тыдняў мацней я хварэю,
Час для апошняй пакуты маёй,
Прывезла дачку паказаць мая Эма,
Каб даў блаславенне ўнучцы сваёй.
Ды гаварыць я не мог ужо болей,
Бездапаможна на іх пазіраў,
І немаўлятка, нарэшце, рукою
Хворага дзеда перакрыжаваў.

Мінула два дні, і ў доме на плошчы
(Мае там назву яна Сан-Трапэ)
Агінскі заплюшчыў стамлёныя вочы.
Навекі заплюшчыў я вочы свае,
І пахаваны каханаю Эмай
Там на кляштарных я могілках быў.
Храм з імем Санта Марыя Навэла –
Там у чаканні я жонкі спачыў.
Перапахаваны ж Марыяй дэ Нэры
У пантэоне быў Санта-Крочэ,
Дзе побач з Расіні яна й Галілеем
Надгробак паставіла з мармуру мне.

Адзіны фінал усім наканаваны:
Багаты ці бедны ты, князь ці жабрак,
Час пераходу, з жыццём развітання
Кожнага з нас напаткае, аднак.
Маю на гэтым я скончыць аповед,
Так завяршыўся мой шлях на зямлі.
Сёння іду я сцяжынаю новай,
Словы б яе апісаць не змаглі.

Дзякую за суцяшэнні  твае.
Бывай жа, дзіця, не забудзься  мяне.
ЛІСТ 9, АПОШНІ
Старонкі жыцця – авантурны раман:
Прыгоды, вядомасць, выгнанні…
Але ён не скончаны, пане Міхал,
І можна сцвярджаць без ваганняў,
Што мае ўжо і цяпер ён працяг,
Што многа цікавых старонак
Дададзена будзе і ў гэты твой шлях,
Хоць і не ў зямных ты пакоях.

Кнігі напісаны ўжо пра цябе,
Пішуцца сёння таксама.
Той, хто выконвае творы твае,
Поўны глыбокай пашаны.
Новых музыкаў натхняюць яны,
Як і заўсёды натхнялі.
Глінка, Чайкоўскі, і Шуман, і Ліст
Водгукі іх захавалі.

Твой выдаюць і цяпер запавет –
“Мемуары” – на розныя мовы.
Я спадзяюся, што з часам і мне
Пашчасціць чытаць тыя словы.

Любае ж, княжа, Залессе тваё
Мы не пакінем ніколі.
Спадчына ж наша! Пад ціхай страхой
Сёння музей адмысловы.
Дакорліва часам сядзіба маўчыць,
Спіць знакаміты маёнтак.
Тройчы на тыдзень ідзе абудзіць
Каплічку ў ім ксёндз са Смаргоні.
Але прыязджаюць турысты сюды
З Эстоніі, Польшчы, Кітая,
Канечне, з тваёй Беларусі, Літвы…
Штогод больш дзвух тысяч бывае.
На свята ж Залесся, маэстра, гасцей
Збіраецца тут незлічона.
Не ўсё аднавілі, і гэта людзей
Хвалюе заўсёды, вядома.
Ды, хоць паступова, а праца ідзе,
І мроі імкнуцца ў рэальнасць.
Ізноў расстаўляе ўсё час-чарадзей:
“Афіны” ідуць у сучаснасць.
Прынёс тут і Ходзькаў малюнак карысць:
Быў млын па ім адбудаваны.
Твой помнік Касцюшку на месцы стаіць,
Альтанка дачкі – гэтаксама.

Альтанка Амеліі, праўда, адна,
На месцах жа Белай, Кітайскай
Каменьчыкі светлыя толькі ляжаць,
Каб іх узгадалі мы часам.
Парк твой, нібыта зялёны палац:
Сцены – прыгожыя ўзгоркі,
“Мэбля” ж – альтанкі – тут будуць стаяць,
Як замкі, як дзіўныя зоркі!

Стане Залессе аднойчы жывым,
Выгляд набудзе свой даўні.
Будуць музычныя ў ім вечары,
Будуць з табою спатканні.
Слава “Паўночных Афінаў” грымець
Будзе ізноў паўсямесна!
Будзе раман твой працяг яшчэ мець,
Стане на месцы пачэсным,
Што зойме, на кожнай паліцы амаль,
Спадчына ў гуках і словах.
Будзе натхнёна заўжды пазіраць
Бронзавы продак наўкола.

Вочы расплюшчыў Міхал Клеафас,
Стаіць, малады назаўсёды,
Узняўшы руку. Яго пальцы трымцяць
У хвалях чароўных мелодый.

Князь і выгнаннік, палітык-паэт,
Музыка-паўстанец і бацька!
Даруй незнаёмства былое ты мне,
Наш гонар і наша багацце!

  ЭПІЛОГ
Вось надышоў непазбежны фінал
З продкам маёй перапіскі.
Сумам і радасцю дух запалаў,
Хочацца свету мне крыкнуць:

Слухайце, ведайце сёння ўсе!
Не мужыкі беларусы!
Мала такіх ёсць у свеце людзей,
Як той, кім цяпер ганаруся.

Нарэшце, знаёмы! Мой брат і зямляк!
І цераз стагоддзі – блізкі.
Князь і музыка, палітык-мастак,
Міхал Клеафас Агінскі.

Лістапад 2010. Маладзечна.


Рецензии