Паэма Страчаная краина
ПАЭМА
Любай бабулі
і вёсцы Зарэчнае
прысвячаю
У ЦЯГНІКУ
Калёсы грукочуць,
А сэрцайка просіць:
- Хутчэй!
- Хутчэй!
- Хутчэй!
Грыміце, ляціце,
Ад бедаў вязіце
- Далей!
- Далей!
- Далей!
Ад жаху і болю,
Ад цеснай няволі,
Ад чорнага гора,
Дзіцячай нядолі
- Вязіце!
Да светлай прасторы,
Да роднага поля,
Да радасці-волі,
Да хлеба і солі
- Імчыце!
Калёсы стукочуць.
Пра жудасць уночы
- Забыць!
- Забыць!
- Забыць!
Хутчэй бы даехаць,
Дзе сонейка свеціць
- Пажыць!
- Пажыць!
- Пажыць!
- Жыць.
ДАРОГА
Ой, дарога, мая ты дарога!
Да грудзей прытулюся тваіх.
Не судзі, не судзі мяне строга,
Што так мала слядочкаў маіх!
Цалаваць бы твой жоўты пясочак,
Мілаваць кожны ўзгорачак твой!
Басанож мне дадому бы крочыць,
Цеплыню адчуваць пад нагой...
Гэта ўздоўж не палі – твае крылы
Разгарнулі нябёсаў прастор.
Мне валун каля могілак мілы
І вышэйшы за тысячы гор!
Любы камень ты мой прыдарожны,
Я шырока цябе абдыму.
Колькі ўжо сустракаў і праводзіў
Ты мяне, мае слёзы, мой сум!
Перайду пад задумлівы шолах,
Павітаю і тых, хто спачыў.
Заручуся маўклівым дазволам
І пайду да жывых – ад магіл.
...Ой дарога, мая ты дарога!
Ты туга, ты імкненне маё.
Не сцірай мае босыя ногі,
Горкай скрухі з паверхні тваёй!
ДОМА
Ранак... Ну, да родных хатак,
Да дзядуляў хітраватых,
Іх бабуляў зухаватых –
Камандзіраў сцен шурпатых...
Хатка – раз! Пустая – два!
Тры! Чацвертая – мая!
Сэрцайка даецца ў скокі.
Спрытненька іду да плоту.
Пакасіліся вароты...
А да хаты ўжо тры крокі!
Позірк кінула ў акно –
Сочаць вочы ўжо даўно.
Кожны раз вось так сумуе,
За дарогаю пільнуе.
Мабыць, нешта ўжо гатуе –
От накорміць, пачастуе!
- Ціха, Тузік! Не пазнаў?
На сваіх ты забрахаў!
Перастала сэрца біцца.
Па зарослай, па сцяжынцы...
- Гэй, бабуля, до нудзіцца!
Я вязу табе гасцінцы!
- Ну, здароў ужо, заходзь.
Яйка мо’ падсмажыць хоць?
І на ўслоне пасадзіла.
А бліноў жа! Вось здзівіла!
- Што ж ты многа так рабіла?
Мне б на тыдзень іх хапіла!
- Ці ж ты дома так пад’еш?
Во, мачанка, яйкі – еш!
Незабыўныя бліночкі!
Мне здаецца, светла ўночы
Стала б, каб хоць хто ахвочы
Разгарнуў блінныя “вочы”!
- Ты ж бяры яшчэ блінок!
- Не магу ўжо...
- От ядок!
Паклявала трохі, птушка.
Цябе вецер з месца зрушыць!
Што ж, лавіць цябе я мушу?
Малака вазьмі хоць кружку...
Ды бяры ж ты пірага!
Ну, наелася?
- Ага!
- Прынясі ж вядро вадзіцы,
Каб халодненькай напіцца,
Ды глядзі, не надарвіся!
Вунь лягчэйшае, бярыся.
Да калодзежа іду
Па сцюдзёную ваду.
- Ну, з прыездам! – то суседка.
Вось упільнавала метка!
То калодзеж іхні гэткі –
Выцягнеш без скрыпу рэдка.
- Дзякуй. Як жыццё-быццё?
- Крэхчам са старым – і ўсё.
- А маёй тут як жывецца?
- Тупае сабе па сцежцы.
Дасць курам, сабаку есці
І заве не дазавецца...
- А заве яна каго?
- Ды нябожчыка свайго.
Восьмы год хоць, як не стала,
Аж яна і не зважала:
Жаліцца, заве, як звала,
І кахае, як кахала.
Ды й пайшла б за ім даўно –
Вось, для вас жыве адно.
Хоць сваіх дзяцей не мелі,
Дык ад сёстраў прыляцелі:
Ложак мяккі, печка грэла,
Ад малых падлога “пела”,
Маці тут расла твая...
Тут для ўсіх быў дом, сям’я.
Колькі розных пакаленняў
Тут жыло, душой сталела!
Вось і вам чарга прыспела –
Зноў яна ўзялася смела
Гадаваць і пеставаць,
Працы, праўдзе навучаць.
А як госці перастануць,
Мусіць, і яе не стане.
Беражы, бо ў год растане
Твая – чуеш? – баба Маня.
- Ну, навошта так пужаць?
Лепш пайду дапамагаць.
ЦЭНТР СУСВЕТУ
Дровы пад павеццю паскладалі,
У дварышчы хораша прыбралі.
Папрашу: “Ідзі ж ты, адпачні!”
А яна не слухае, ані.
Як заўсёды, пільна наглядала,
Ды і больш, і лепей працавала,
А калі ж управіліся мы,
Сонца грэла з самай вышыні.
- Я пайду, бабуля, пагуляю...
- Не ляці, дурніца ты малая!
Страва стыне, ну, хутчэй сядай!
Пад’ясі – тады сабе гуляй.
Чараўніца! Моўчкі саступаю.
Як яна за працай паспявае?
Так гатуе, толькі еш давай.
- Ну, пайду, бабуля, я. Чакай!
Вось, выходжу ціха за варотцы.
Прыгравае збоку лета-сонца,
Нада мною бусел праляцеў
Да насатых да сваіх дзяцей.
Пад птушыны гоман-спеў басконцы
Крочу ўперад я сабе па вёсцы...
Так ласкава сэрца абагрэў
Прывітальны шолах родных дрэў!
Хто насустрач – стане, павітае,
Пра жыццё-быццё перапытае.
Цётка Іра скажа – гром грыміць,
Яша ейны – той сабе маўчыць.
Дзед Іван бадзёра паміргае
І “здароў” вясёлае гукае.
Пеця з бабай сена ўжо вязуць.
Пастаялі.
- Ну, здарова будзь!
Вось за ліпай з клёнам – скрыжаванне.
Павярну да хаты я Адама,
У акенца Манечцы яго,
Як прасіла, махану рукой.
Усміхнецца сумна... Я – таксама.
Так махае у адказ старанна!
Той бабулі хворай усяго
Радасць толькі – бачыць хоць каго.
Аж урэшце скончыліся хаты.
Я здыму абутак і заўзята
Прабягуся проста да ракі,
Пацікую на яе віркі.
Тут, на ўзгорку, дзе высакавата,
Я прылягу. Дзе той боль, дзе страты?
Сонца-яблык грэе мне бакі
Не далей працягнутай рукі.
Пад спіной – вады нястомны гоман,
Над зямлёй – аблокі: замкі, коні...
У сінечы, што без дна, плыву...
Мо’, няма мяне? А мо’, жыву?
І паветра цёплыя далоні
Так пяшчотна гояць маю стому!
Я рачулку ціхую сваю
Цэнтрам свету шчыра назаву.
... Ты імя зарэчанцаў нам дала,
Ты мяне матуляй калыхала.
Колькі дзён (і тыдняў, і гадоў...)
Гаманілі мы з табой без слоў!
Ты заўжды з дарогі сустракала,
Ты ніколі прэч не выганяла,
Ты была настаўніцай маёй...
За ракою вёска – свет ты мой!
ВЕЧАР
Ахінае вёску мяккім ценем,
Прахалодаю – гарачы пыл.
Астываюць сцежкі, плот і сцены,
Лашчыць лес апошняе праменне,
Дагарае ў полі небасхіл.
Адкручу ланцуг даўжэй сабаку –
Хоць уночы будзе свабадней.
Там, на вежы, недзе бусляняты…
Па рацэ паўзе туман калматы…
На зямлі – лягчэй, свяжэй, цішэй.
На стале – няхітрая вячэра:
Міска бульбы, дзве – халадніка.
Толькі шчыра я душою веру,
Што самачней і каралі не елі,
Чым гатуе гэтая рука.
- Дзякуй! Досыць, - ціха ўслон пастаўлю,
Прыбярэ бабуля са стала.
Я пакуль пасцелі нашы спраўлю.
… Там, у небе, зоркі заблішчалі,
А за печкай – спаць кладуся я.
А за тонкай сценкай будуць крокі.
Будзе лекі, як заўсёды, піць.
Мне праз сон здаецца, так далёка
Будзе голас, ціхі і глыбокі,
За ўсіх нас Стварыцеля маліць.
Зноў укленчыць перад абразамі
І малітвы будзе пачынаць.
З ёй і сэрцайка пачне таксама
І балюча затрымціць: слязамі
Будзе голас стомлены гучаць.
І, нібы схаваўшы ад кагосьці,
Крыж рука пад коўдрай пакладзе.
І тужліва на душы чагосьці,
І трывожна, боязна, і штосьці
Камяком да горла падыдзе.
Скончыць словы гэтай песні вечнай –
І пачне навокала хрысціць.
Падыдзе і да мяне, за печку,
Перахрысціць і мяне, канечне…
Потым пойдзе да вядра – папіць.
Дзынкне кружкай ціхенька жалезнай,
Уздыхне: “Ох, Колечка ты мой…”
Ды на ложак з посцілкай узлезе
(Летняй ноччу горача, не змерзне),
І мяне накрые чарнатой…
ЗОРКІ НА ТРАВЕ
На бабуліным ложку так соладка спіцца!
У куточку за печкай так добра ляжаць,
Што, здаецца, ніхто б і не здолеў падняць,
Толькі пах смачны з кухні стаў нос казытаць –
І прыйшлося з пасцеляй усё ж разлучыцца.
Падымуся і ціхенька, каб не спынілі,
Праслізну цераз хату і выйду на двор.
Там пабачу зіхоткія кропелькі зор,
Што пападалі ранкам на гэты прастор –
І пайду па расе, па зямлі маёй мілай...
Вось, сярод дыяментаў зялёнага неба,
Крочу я ў захапленні дзівоснай красой,
Іхалодныя кроплі мне дораць спакой,
А заспанае сонца кіўне галавой
І смяецца... І моц аддае сваю глеба...
Ажно раптам дзвярамі рыпяць за спіною!
Ну хіба ж ты схаваешся гэтых вачэй?
- Марш дамоў, па абутак, дурны верабей!
Доўга думаць не буду, як дам між вушэй!
Захварэеш – і вэндайся потым з табою!
Хутка скочу праз дзверы, каб трапкаю мокрай
Па спіне не паспела яна б улупіць.
Ну а там, на стале, зіхаціць і шкварчыць...
Там ЯЕШНЯ бабуліна ў цэнтры стаіць!!!
Да стала падлятаю з вялікай ахвотай.
РАЗВІТАННЕ
Лік пачынаю дзянёчкам губляць:
Кожны – адзін, непаўторны імклівы,
Светлы, цудоўны, бясконца шчаслівы –
Смела аб гэтым магу я сцвярджаць.
Шчасце сярод гэтых цуда-людзей,
Радасць ад працы да сёмага поту,
Дзіва яднання душы і прыроды!
Стужкі трымцяць каляровых падзей...
Быў задуменны спакой ля магіл,
Рыба, грыбы, чорна ў роце ад ягад...
Ды напазае магутная хмара
На бесклапотны жыцця небасхіл.
Гэты няўмольны і жудасны час
Жорстка-павольна ідзе мне насустрач.
Сэрца баліць і крычыць. Сэрца супраць!
Толькі гадзіннік не слухае нас.
Стрэлка стаіць супраць лічбы “адзін”.
Не! Я не веру! Зарана! Захутка!
Крыўды ў душы аж да верху паўнютка:
Як я? Куды – з гэтых светлых мясцін?
Гэты б гадзіннік узяць ды разбіць!
Ногі цяжкія. Іду ціха полем.
Мілае, роднае ўсё, што наўкола...
Як мне без гэтых сцяжынак пражыць?
Колькі ж ужо? А палове другой.
Згорбіўшы плечы, я крочу дахаты.
Скончыўся час мой: ізноўку за краты.
Жыць мне цяпер – за цаглянай сцяной.
- Слухай ты, немец! Я сала кладу.
Тут малако, пірага там кавалак.
Пэўна ж, цябе з цягніка сустракаюць?
Добра, налі хоць у канну ваду.
- Я аж да верху табе налію!
Сумна брыду да калодзежа зноўку
І набіраю зямлі маёй кроў я,
Прагна ў апошні разок яе п’ю.
Боль мой у скронях выстуквае марш.
Час выцякае – пясок скрозь далоні.
Сумкі ў руках, у вушах – нейкім звонам...
Хутка, так хутка цягнік будзе наш!
Гэта адзенне мне стала чужым...
Нейкім імгненнем стаю у пакоі,
Позірк слізгае па сценах, па столі –
Трэба развітвацца з шчасцем маім.
Ціхенька ў куце вісіць абразок.
Колькі разоў сустракаў ён з дарогі!
Сёння – праводзіць... А мо’, назаўсёды?
Глупства! Прыеду, вярнуся, дасць Бог!
Ручанькі ў Дзевы крыж-накрыж. Маўчыць.
Вочы апушчаны светлыя долу.
Толькі ж, здаецца, учора... Учора
Тут пачынала душа мая жыць!
Трэба ісці – ды не чую я ног.
Душыць адчаем. Глытаючы крыўду,
Не пакажу сваіх слёзак і віду.
Цвёрда ступаю за родны парог.
- Час мой, бабуля. Бывай, я пайду
(Рыба без мора, хапаю я ротам).
Крокі і крокі. Яна ля варотаў.
Хутка міргае... Паскору хаду.
АД’ЕЗД
Грукочуць калёсы,
А рэкамі слёзы
Бягуць...
Бягуць...
Бягуць...
Тугой-успамінам
Мне сэрца няспынна
Пякуць...
Пякуць...
Пякуць...
Аб светлай прасторы,
Аб родным аб полі,
Аб радасці-волі,
Аб хлебе і солі –
Забыцца.
Пад жахам і болем,
Пад цеснай няволяй,
Пад чорным пад горам,
Пад жорсткай нядоляй –
Схіліцца.
Стукочуць калёсы,
Смуткуюць нябёсы,
Плывуць...
Плывуць...
Плывуць...
Мясціны да смерці
Любыя ў сэрцы
Жывуць...
Жывуць...
Жывуць...
Чуць!
ПЕРАЛОМ
Пацягнуліся шэраю стужкай
Без паветра, без колеру дні.
Рэдка-рэдка што сэрцайка ўзрушыць
З ранняй восені – аж да вясны.
І здаецца, што не існавала
Той далёкай краіны зусім.
Можа, сэрца яе так чакала,
Што яна нарадзілася ў ім?
І, напэўна, як толькі вярнуся,
Я адчую, што ўсё там інакш.
Расчаруюся і застануся,
Як без крылаў... Навокал зіма ж:
Прыстасоўвацца трэба паціху.
Атрымалася, быццам ужо...
Ды вярнуся туды – як на ліха,
Прападзе ўсё старанне маё!
Будзе горыч і боль, будуць слёзы,
Потым – зноў развітаня мароз.
Не змагу. Не, зацяжка... А можа
Не паеду? Збудую свой лёс?
Застаюся! Вучуся! Трываю.
А прыеду ўжо толькі, каб жыць.
Там бабуля няхай пачакае,
Бо пакуль трэба тут неяк быць...
БАЛЬНІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Ну, здаецца, прыжыліся:
Дні за днямі паліліся,
Успаміны адышліся,
Хоць глыбока й засталіся...
Толькі розуму няма –
Хутка я лячу да дна.
Гэта бруднае паветра,
Рэзкі, жорсткі подых ветру,
Цэгла, холад... Дайце ж свету!
Зацягнуў мурашнік гэты.
Рух – куды? Ды нікуды!
Рух да цемры, да бяды.
Той, хто мусіў сябрам звацца,
Стане раптам выракацца...
Як не згінуць, не зламацца?
Як тут розуму застацца?
Дым атрутаю паўзе
Чорны-чорны да грудзей.
Дзякуй Богу, лёс упарты,
Што на аплявухі варты,
Прымушае несці страты –
Іх у кубачку багата –
І за ўласныя грахі
Рве ды ў розныя бакі.
У бальніцы я, нарэшце,
І чаго шукаю? Смерці!
Бо няма куды падзецца,
На кавалкі рвецца сэрца
Ад учынкаў ад сваіх
Ды ад глупстваў маладых.
Тут ад золку да світання –
Горыч, боль, расчараванне...
Аж прыйшло выратаванне:
Палягчэла з лекавання,
І жыву цяпер адной
Творчай думкаю сваёй.
Зграі мараў у нябёсах
Мне спяваюць пра дзівосы,
Абяцаюць нецвяроза
Падарункі пана-лёса.
Ног не чую пад сабой –
Толькі радасны спакой.
І сабе з усмешкай светлай:
- Хопіць, мо’, хваробы гэтай?
Разам з сэрцам абагрэтым
Да цудоўнага Сусвету
Азірнулася душа.
Сціхла горычы імжа.
Я люблю цяпер палату
І за лекамі заўзята
Падбягаю: апаратаў
Тут дзівосных ёсць багата,
Ёсць, што есці, што чытаць,
Ёсць натхненне, каб ствараць.
О, натхненне і абдыме,
І настрой якраз падыме...
Ва ўсім свеце цэлым міла
Толькі з ім, адным, адзіным!
Лёгка, хораша мне з ім –
Небам, сонейкам маім.
Дні ідуць, лятуць, імчацца –
Хутка ўжо дамоў вяртацца,
Ды не буду сумаваць я:
Будзе чым мне там займацца,
Будзе з чым мне па жыцці
Смела да людзей ісці.
Люты моц ужо губляе.
Рэчы я свае збіраю,
Ціхенька сабе спяваю,
Уяўляю і чакаю,
Як пайду праз свой раён,
Як сям’ю пабачу, дом...
Медсястра тут патрабуе:
- Падыдзі, тэлефануюць!
Можа, маці штось турбуе?
Так, яе я голас чую.
Нейкі ён крыху самотны...
Не зважаю.
- Мама, што там?
Мне ў адказ:
- Бягом дадому!
Я сказаць хачу хоць слова...
- Марш! Хутчэй! У нас тут гора!
Што ж там можа быць такога?
- Дай, хоць выпіс пачакаю...
- Дура! Баба... ПАМІРАЕ!
ЧАКАННЕ
Па дарозе я бягу, па снезе.
Б’е мне ў вочы бляск яго да рэзі...
Так балюча коле мне ў баку!
Мо’, спыніцца? Не, я не магу!
Цяжка дыхаць. Боль у сэрца лезе.
Думкі ўрывак: “Згінула гарэза,
Што пад вечар бегла на раку!”
Торба так адцягвае руку...
Тры паверхі. Брудныя прыступкі.
Знемагаю з жаху. Два-тры рухі...
Стоп! У дзверы стукаю свае –
Бледны твар глядзіць з іх на мяне.
Так дрыжаць матулі маёй рукі!
З мітусні незразумелых гукаў
Вырываю цяжка, як у сне:
Засталося колькі хуткіх дней,
Бо бабулю спаралізавала,
І яе з бальніцы ўжо забралі,
І цяпер ёй у сястры ляжаць,
Каб канца нязбежнага чакаць...
І, калі душа мая спявала,
Жах пакут яна перажывала.
Калі мне хацелася лятаць,
Пачала бабуля паміраць.
Даканалі адзінота, стома:
Не вярнуцца ёй жывой дадому...
Недзе там, у горадзе чужым,
Ёй на ложку мяккім, не сваім,
Дачакацца засталося грому,
Ад жыцця да смерці пералому.
Там, навокал, плачуць, як адзін,
А яна не скажа й слова ім.
Там ляжыць, не можа зварухнуцца,
Не гаворыць, вусны не ўсміхнуцца.
Там адна яна сярод людзей,
Там адна... Жыве і не жыве.
Пэўна, думкі трапяткія б’юцца,
Унутры крычыць: “Ратуйце, людцы!”
Жудасць дух у абцугі бярэ,
Ды не можа чуць ніхто яе...
Як раней, працягваю вучыцца,
Толькі ў працы не магу забыцца,
Што, пакуль жыву спакойна я,
Памірае родная мая.
Тэлефону сэрца так баіцца,
Ад званка гатовае спыніцца!
Пад нагой хістаецца зямля.
Абяднее хутка ўся сям’я...
Розум мой згарнуўся, разгубіўся.
На жыццё і мары ён забыўся.
Жах паўзе праз спіну мне вужом,
Ды й мяне нібы няма ужо.
Колькі дзён, а вуж той не спыніўся,
Пад зямлю б ён лепей праваліўся!
Лёс, паслухай, трэба мне ўсяго
Падарунку толькі аднаго.
Шмат чаго мне мары абяцалі –
Пакладзі ж адзін хоць цуд на шалі
Дзе ты, шчодры? Дзе, наканаваны?
Уратуй, малю я апантана!
Нам так трэба, каб ты падтрымаў,
Каб хоць раз пачуў і адказаў!
Тэлефон цяпер мы не займаем,
Ён маўчыць, а мы яго чакаем...
Хоць бы лёс узятае аддаў!
Хоць бы раз каго пашкадаваў...
ДРУГОГА САКАВІКА
Час паўзе – халоднае балота,
З асалодай рушыць мой спакой:
Лезе ў сэрца слізкаю брыдотай,
Засцілае вочы мае потам
І паветра – шызаю смугой.
Я навокал бачу толькі цені
І сама ўжо ценем ледзь хаджу,
Падпіраю цэглы шэрай сцены,
Разрывае кроў тугія вены,
А пачуўшы крокі, я дрыжу.
Як жа так, што сэрца не пачула?
Як магло адкласці “да пары”?
Адзіноце аддало бабулю!
Як адной было змагацца з сумам?
А жывуць у стаі і звяры...
Нездарма суседка мне казала,
Што жыве яна адно для нас.
Як не ўбачыць, што папераджала
Мяне неба? – гэтак пачынаю
Разважаць спачатку кожны раз.
Сакавік – марозны, непрыветны.
Белы снег, як прывід за акном...
Хто назваў вясновым месяц гэты?
Месяц-саван, месяц – подых смерці
Б’е мне ў твар няшчадна з першых дзён.
Каляндар другі ўжо дзень займае
Сакавітае яго імя,
Толькі холад грудзі мне сціскае,
На настаўніка ўжо не зважаю
І з тугой гляджу на неба я.
Зноў дадому. Дыхае ў паветры
Прадчуванне хуткае бяды,
Пранізала нават сценаў нетры –
І застыла. Не пацягне ветрам.
Тут хвіліны перайшлі ў гады...
Рэзкі звон. І кожны нечакана
Здрыгануўся. Трубку трэба браць.
Паднясла да вуха яе мама,
А паклаўшы, стомлена сказала:
- Памярла. Назаўтра ўжо хаваць.
Цішыня. Прытомнасць не губляем.
Толькі што спынілася жыццё.
Раптам змоўклі. Вочы пахавалі.
Лёс не цуд, а смерць паклаў на шалі.
Памаліцца. Скончылася ўсё.
ПАХАВАННЕ
Стала цеснаю зала. Стаяць людзі кругам.
У руцэ кожнай свечка, на твары – сляза.
Паніхіду пяюць. Пасярод – вось яна!
У труне, нежывая... Адна, зноў адна!
Не вітае нас больш ані словам, ні рухам.
Гэта цела зусім на яе не падобна:
Завастрыліся рысы, зжаўцеў роўны твар,
Больш няма ў ім ні радасці, ні, нават, хмар,
Не адбілася тут ні адна з простых мар...
Незнаёмая мне, хоць была самай роднай.
А худая ж! Худая ўся –скура ды косці!
А была, што абдымеш – і не абхапіць.
І цяпер яна тут нерухома ляжыць,
І цяпер мы не можам яе пабудзіць...
Едзе не гаспадыняй дадому, а госцем.
Што ж павекі свае не падымеш, бабуля?
Паглядзі, колькі люду прыйшло на сяло!
Паглядзі, колькі нас тут, у хаце тваёй!
Ты сустрэнь нас з гасціннасцю вечнай сваёй!
Што ж ты, любая?
Любая болей не чуе.
Яе рукі чужыя апусцяць у глебу,
Шчодра потам палітую безліч разоў...
Вось, выносяць труну з-пад святых абразоў –
Да магілкі плыве яна дзедавай зноў,
Каб з каханым злучыцца ў зямлі і на небе.
НАДЗЕЯ
Параскідала па свеце наш род...
Дзіўна, журба яго хутка яднае:
Птушкаю чорнаю свет аблятае,
Разам склікае самотны народ.
Зблізу ідуць, нехта едзе здалёк
Ушанаваць тую светлую памяць.
Гэтак, бывала, усе прыязджаюць
Высушыць сена ці зжаць каласок.
Не адпускала без торбаў назад:
Масла вязлі, малако, тваражочак,
Яйкі ды ягадкі, нейкі грыбочак,
Быў і парсюк, і гарод быў, і сад.
Так у жыцці нас злучала яна,
Нам аддавала сябе без дакору –
І пасля смерці збірае нас гора...
Пэўна, яе запавет нам – сям’я.
Гэта вялікі і радасны цуд,
Гэта найлепшы яе падарунак,
Светлы прамень сярод цьмянага суму:
Разам, нарэшце. Усе разам тут.
Маю цяпер столькі родных людзей!
Раптам адчулі мы гэта адзінства.
Толькі не маю краіны дзяцінства,
Болей не вернеш шчаслівых тых дней.
Толькі адно ёй было дарагое:
Неба, знаёмыя сцежкі, лясы,
Свет родных сцен і гаючай расы –
Толькі яго і панесла з сабою.
Хата, хоць тая, але не мая.
Двор наш прыбраны чужымі рукамі...
Робіцца меншай і хутка растане
Казка-краіна, калыска-зямля.
Трэба вяртацца. Паранены звер.
Болей не будзе надзеі, прытулку...
Пад цягнікоў абыякавы грукат
Крочу да хаты. Як жыць мне цяпер?
Шэры будынак. Мой трэці паверх.
Дзверы зачынены: гэта ж не вёска...
Душыць слязьмі. Я валюся на ложак,
Вочы бяздумна ўтаропіўшы ўверх.
Дзень нібы тыдзень, і тыдзень – за год,
З горам заўсёды сталееш заўчасна.
Лёс не пачуў, размахнуўся ды ляснуў,
Кінуў жыццё, нібы смецце за дрот.
Што за адчаем? Спакой. Цішыня.
Вельмі марудна, але – разумею:
Трэба шукаць сабе мару, надзею,
Сэнс безнадзейнага ўчора жыцця.
Дзе ты, натхненне? Пачула. Прыйшло.
Цяжка, нібыта пісаць зноў вучуся.
Можа быць, трызню я? Раптам прачнуся?
- Я не пакіну таго, што знайшло.
Вось у далоні аловак ляжыць,
Грэе руку мне цярпліва-ласкава...
... Тут я, бабуля, я ведаю справу:
Ты яшчэ будзеш і дыхаць, і жыць!
Любая, ты на мяне паглядзі,
Як адчуваю і як я сумую...
Ты блаславі нас з нябёсаў, бабуля!
Новую кнігу жыцця блаславі!
Люты – красавік 2006
Маладзечна
Свидетельство о публикации №114043010819
Чаму "былы"? З 1993 года жыву ў Мiнску. У Смаргонi засталiся бацькi.
Вершы 01.05.2014 16:01 Заявить о нарушении