Пошук
І час да ўсходу няблізкі,
Адзін старажытным гасцінцам ідзе
Міхал Клеафас Агінскі.
Жахлівыя постаці чорных пачвар
Выцягваюць рукі-галіны,
Кідае вядзьмарка-завея ў твар
Калючыя кулі-ільдзіны.
Каўнер падарожнік наставіў вышэй
І дыхае змерзла ў далоні.
Здараецца часам, знікае з вачэй,
Губляецца ў снежным палоне.
Але ж, не спыняецца, крочыць далей,
Як быццам чагосьці шукае
У землях, якімі валодаў раней -
Праз горад гасцінец сягае.
Заводаў і фабрык ён гмахі мінуў,
Дайшоў да музычнай вучэльні.
На помнік цікаўна Агінскі зірнуў,
Пазнаў маладосць і натхненне.
О, быў ён такі, быў стагоддзі таму,
Абраны і светам, і лесам.
Краіны і людзі спрыялі яму,
Чакалі здзяйсненні, дзівосы...
І плечы пад футрам выпроствае князь,
Ен гэткую ж постаць прымае.
Далонь уздымае, каб гукі стрымаць -
І раптам усмешку губляе.
Рагоча віхура і вые ў спіну:
- Нікому ты тут не патрэбны!
У бронзе аддалі табе даніну,
Ты - толькі параграф вучэбны.
Ізноў на гасцінец вяртаецца ён,
Ізноў апусціліся плечы.
Марудна мінуе дамы, пошту, дом,
Палац - новы цуд чалавечы.
Тут гралі яго, адчувае Міхал,
і вершы яму прысвячалі.
Але ці сапраўдны быў творчы запал
Радкоў, што на сцэне гучалі?
Ён бачыць праз сцены: адзін аднаму
Чыталі радкі тут паэты.
Задумалі помнік у кнізе яму -
Міхал не суцешаны гэтым.
- Ты гук, мой паночак, ты бронза і гук, -
Шчаку апякае спакуса. -
Даўно не натхняеш ты сэрцаў і рук,
І словы пустыя ў іх вуснах.
Ен слухае моўчкі, ізноў робіць крок,
Хоць рук ужо больш не хавае.
Упартасць паўстанца, выгнанніка зрок -
Шукае. Ідзе. Пазірае.
Сябе сустракае на сценах дамоў,
Сябе на афішах ен бачыць,
Ды ў рысах малюнкаў і літарах слоў
Галоўнае нельга пазначыць.
Шарэць пачынае захмараны дах -
І шэраг дамоў заступае,
Ды полымя ў іх незлічоных вачах
Пагрозліва ўніз пазірае.
Знясілена раптам спыняецца князь
І футра цяжар ен скідае.
Ісці да апошняга. Слухаць. Шукаць.
А потым - няхай паглынае.
Што гэта? Праз чорныя здані дамоў
Міргае нясмелы агеньчык,
І кліча ен князя, і цягне без слоў,
Пагрозай не б'е ён у плечы.
Праводзіць рукою Міхал па вачах:
Гарыць сапраўды, не знікае.
І робіць ён крок, і працягвае шлях,
Апошняе спробы жадае.
Чамусьці адзіная кропля святла
Зусім не варожай здаецца.
Дарэмна віхура хапала-кляла -
Ён знік, ён растаў у акенцы!
Каго там сустрэў ён і з кім размаўляў –
То час адказаць толькі можа,
Але гэту раніцу дом сустракаў
Крананнем струны асцярожным.
А потым па клавішах нехта прайшоў,
Нібыта пястуючы гукі –
І з сонейкам разам да неба ўзышоў
Аповед мелодый шматрукі!
Калі завіруха злуе і гудзе,
І час да ўсходу няблізкі,
Нястомны свой пошук упарта вядзе
Міхал Клеафас Агінскі.
2012-2013
Свидетельство о публикации №114043010806