Таямница
Я ціха выходжу на ганак.
Ніхто не ідзе на работу –
З табой удваіх мы, мой ранак.
Скажы мне, што бачыў у свеце?
Скажы, што прынёс ты нам сёння?
- Я бачыў і хмары, і вецер
І дожджык прынёс вам нястомны.
Ну што ж, гэта нам падыходзіць:
Вясною зямелька нап’ецца,
А летам багата ўродзіць
Для тых, хто ў паклоне ёй гнецца.
А тым, хто гарода не мае,
Свая будзе радасць, канечне:
Убачыць, як кветкі заззяюць
І слова складуць: “Маладзечна”…
А я да абедні выходжу,
На горад кругом пазіраю:
Пацягвае ён агароджы,
Ён вокны ад сна працірае.
Такі ён прачнуўся прыгожы,
Ну, як толькі што нарадзіўся!
Чысцюткі, лагодны і гожы…
І час на імгненне спыніўся.
Насустрач крыжы выплываюць,
І макаўкі ўжо залатыя
Зіхотка мяне запрашаюць
Прайсці праз вароты святыя.
А я на царкву пазіраю,
На стан яе зграбны дзявочы.
Як птушка, пад крылы збірае:
Паўгорада да яе крочыць.
І твар ні адзін незнаёмы
Чужым ні за што не здаецца,
Бо гэта зямляк мой, вядома,
У ім – маладзечанца сэрца.
Чародкі бабулечак першых
Праз дзверы так жвава кульгаюць…
А вочы! І сталы, і меншы –
Ва ўсіх па-дзіцячаму ззяюць!
І тут таямніца былая
Адкрылася ўмомант, паверце:
Над горадам час пралятае,
А ён маладым застаецца.
І гэтай царкве ўжо Пакроўскай
Даўно за сто шэсцьдзесят болей,
А зграбная, белай бярозкай
Далёка віднее наўкола.
Не проста так Божая Маці
З гярба нас усіх пакрывае:
Вось так Яна сэрцаў багацце
Шэсцьсот дваццаць год зберагае.
Каб мы не слабелі душою,
Глядзелі вачыма дзіцяці,
Яна ахінае святою
Нябеснаю нас благадаццю.
Накрыла Сваім амафорам –
І горад жыве, узрастае…
Пад гэтым надзейным пакровам
Ніякі нас дождж не пужае!
(Другое месца на конкурсе
«Галасы малой Радзімы»)
23.05.2008
Свидетельство о публикации №114042907326